Людзі зь дзяцінства гуляюць у гульні, і нічога не зьмяняецца, калі яны сталеюць. Нават калі яны становяцца пісьменьнікамі, то ўступаюць у гульню з выдаўцом, чытачамі, літаратурнымі героямі. Вось жа пяцікніжжа найлепшых кніг пра гульні ад Паліны Масьлянковай.
Міхась Зарэцкі. Адна партыя ў шашкі
Апавяданьне. З кнігі «Кветка пажоўклая: Апавяданьні, аповесьць». Менск, «Мастацкая літаратура», 2002Героі апавяданьня Міхася Зарэцкага, селянін Аснач і панскі правадыр, пасьля ўзброенага процістаяньня і перамогі чырвонаармейцаў уступаюць у процістаяньне сымбалічнае — на шашачнай дошцы. Нават шашкі ў іх сымбалічныя: з хлеба — у селяніна, з паперы — у пана. І аказваецца, што ў гульні і ў бойцы сілы ў іх несувымерныя. Дае рады пан шашкам і хоць не на полі бою, але бярэ рэванш у Аснача. Гульня дае магчымасьць палоннаму пану адчуць сваю маральную перавагу над грубай сялянскай сілай. Толькі хвіля перамогі цягнецца нядоўга. Аснач уміг аднаўляе сацыяльную справядлівасьць трапным стрэлам нагана.
Уладзімер Караткевіч. Ладзьдзя роспачы
Навэла / Уклад., ідэя, камэнт., аналіз Глеба Лабадзенкі; прадмова Рыгора Барадуліна; пасьлямова Васіля Сёмухі. — Менск: Мэдысонт, 2010Гульня ў аповесьці Ўладзімера Караткевіча ставіць па розныя бакі шахматнай дошкі жыцьцярадаснага Гервасія Выліваху і саму Сьмерць. І стаўка не абы якая — жыцьцё! Выліваха, губляючы ход за ходам сваіх латнікаў, сланоў, коней, ладзьдзей і візіра, мусіў злажыць галаву караля ў бойцы зь нечалавечым розумам. І ўсё ж у другой партыі, за жыцьцё Бярозкі і ўсіх сваіх спадарожнікаў у Ладзьдзі Роспачы, Выліваха вынайшаў формулу перамогі: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш». Хіба ня так і ўсе людзі гуляюць са сьмерцю?
Андрэй Федарэнка. Цугцванг
З кнігі «Аўганская шкатулка: Аповесьць, апавяданьні». Менск, «Юнацтва», 2002У Андрэя Федарэнкі шахматы набываюць зусім іншае значэньне ў разьвязаньні сюжэту апавяданьня «Цугцванг», названага ў гонар пазыцыі ў шахматах, калі любы ход прыводзіць да пагаршэньня сытуацыі на дошцы. Шахматы становяцца ня толькі спосабам баўленьня часу старога Адамавіча і героя-апавядальніка, які мае хцівы інтарэс да кватэры старога і ягонага золата. Шахматы сталіся дэтэктыўнай разгадкай-ключом па пошуку скарбу. І каб трохі больш кемлівасьці нашаму герою — золата было б у ягоных руках. Аднак на тое і цугцванг — любы крок прыводзіць да несуцяшальнага фіналу.
Альгерд Бахарэвіч. Сарока на шыбеніцы
Менск: І. П. Логвінаў, 2009Упершыню ў дыхтоўную беларускую літаратуру ўвайшла ролевая онлайн гульня ў рамане Альгерда Бахарэвіча «Сарока на шыбеніцы». Пісьменьнік скарыстаўся з ролевай гульні як з мастацкага прыёму, які дазволіў гераіні рамана пражыць яшчэ адно жыцьцё, праявіць сябе ў іншым амплюа, рэалізаваць патэнцыйныя магчымасьці свайго характару. З двух вобразаў — рэальнага і віртуальнага, дзьвюх сюжэтных ліній — офлайн і онлайн — мы зьбіраем вобраз Веранікі і ўсю атмасфэру рамана. Мяркую, што людзі гуляюць у ролевыя гульні менавіта з памкненьня адчуць сябе героем раману, пражыць яшчэ колькі жыцьцяў ці нават паглядзець на ўласную сьмерць.
Герман Гесэ. Гульня шкляных пэрлаў
Пераклад зь нямецкай Васіля Сёмухі. Менск, «Мастацкая літаратура», 1991Але апатэозу ў мастацтве гульня дасягае ў эстэтыцы постмадэрнізму, калі і сьвет мысьліцца як гульня, і пісаньне твору ёсьць ня чым іншым як гульнёй у цытаты. Яскравым прыкладам можна лічыць раман Германа Гесэ «Гульня шкляных пэрлаў» у перакладзе зь нямецкае Васіля Сёмухі. Інтэлектуальная гульня для герояў рамана становіцца ня толькі спосабам баўленьня часу, прадметам адукацыі, навукі ці нават спортам, але і ладам мысьленьня, сэнсам жыцьця. Гульня набывае статус элітарнай, недасяжнай — як таемствы і абрады для жрацоў. І нават чытач да апошняй старонкі застаецца не пасьвячоны ў правілы і таямніцы гульні шкляных пэрлаў.