Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Расінскі – пра недапісаныя кнігі


Андрэй Расінскі
Андрэй Расінскі
Сярод беларускіх кнігаў адмысловае месца займаюць кнігі недапісаныя. У сталых літаратурах такіх кнігаў шмат. Кнігі не завяршаюцца па розных прычынах. Аўтар старэе й памірае, губляе цікавасьць да твору альбо не задаволены вынікамі дый ня ведае, якім чынам паставіць кропку. У выпадку зь беларускай літаратурай творчыя чыньнікі адыходзяць на другі плян. Беларускія кнігі абрываюцца, таму што беларускай мове пісаўся іншы фінал.

Андрэй Расінскі – пра недапісаныя кнігі
.

***

«Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя сёньня праходзяць у школе. Прыгоды кар’ерыста-прыстасаванца, складзеныя ў далёкім 29-ым, апісаныя жвава й сакавіта — і здаюцца завершанымі. На пачатку 90-ых гадоў нават мелася тэлевізійная пастаноўка паводле гэнага сатырычнага твору. Але кніга Андрэя Мрыя, на доўгі час забароненага й гвалтоўна забытага, гэта толькі першы скрутак. Шахрай і выхваляка Самсон Самасуй, які ведае, як пажывіцца ў любых умовах дый трапна выкарыстоўвае камуністычную рыторыку, ня мусіў абмяжоўвацца вёскамі й раёнамі. У наступным скрутку Андрэй Мрый адпраўляў яго на павышэньне. Але год сталінскага перавароту стаўся апошнім годам беларусізацыі. А сам аўтар твору неўзабаве загінуў падчас рэпрэсій.

***

Другі незавершаны раман, які пераўтварыўся ў легенду — «Крывічы» Міхася Зарэцкага. Першая частка раману была надрукаваная ў часопісе «Полымя» — і адразу выклікала варожасьць бальшавікоў, якія шчэ граліся ў падтрымку паняволеных народаў. Адмоўная рэакцыя — ня дзіва. У рамане, дзе ставіліся пытаньні нацыянальнае тоеснасьці, адмоўны камуністычны пэрсанаж прызнаваўся ў махлярстве: «Беларусізацыя — гэта, браце, хітрая штука. Гэта стаўка на форму... Аўладаць формай, адлучыць яе ад зьместу, вылегчыць яе, выкруціць, высушыць і... выкінуць вон... Гэта палітыка гандляроў з рынку, якія заўсёды зьвяртаюцца да сялян у іх роднай мове, каб лягчэй абдурыць іх». Працяг раману, верагодна, быў арыштаваны разам з аўтарам — і зьнікнуў у нетрах карніцкага савецкага апарату.

***

Апошнія творы Міхася Гарэцкага — гэта суцэльныя шматкроп’і. Аўтар быў адпраўлены ў ссылку ў 1930 годзе, а ў 1937 годзе рэпрэсаваны ізноў і дый закатаваны. Сама паказальным незавершаным творам Гарэцкага выглядае «Камароўская хроніка», пабудаваная, як сямейны летапіс ХІХ-ХХ стагодзьдзя. Складальнікі падручніка па гісторыі беларускай літаратуры нават заўважаюць, што «будучы закончаным, твор, несумненна, меў бы ня меншы рэзананс, чым маюць зараз «Віленскія камунары» М.Гарэцкага, а таксама «Палеская хроніка» І.Мележа…» Але Гарэцкі пераводзіў сваіх улюбёных герояў з кнігі ў кнігу; такім чынам дадаткова стваралася незавершанасьць. Сама ўзорны герой — Лявон Задума, які «дэбютаваў» шчэ ў раньніх апавяданьнях Гарэцкага, а апошні раз зьявіўся ў аўтабіяграфічным «Лявоніусе Задумекусе» (1931-32).

***

Трагічна незавершаная й творчасьць Кузьмы Чорнага. Многія лічылі яго — і небеспадстаўна лічаць да сёньня — адным з сама цікавых беларускіх аўтараў, які набліжаўся да таго, каб стварыць падставовы беларускі раман. Кузьма Чорны таксама быў увязьнены, яго катавалі, але выпусьцілі. У сваім «Дзёньніку» Кузьма Чорны піша: «Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца без карысьці. Доўгія гады мяне мучыла ГПУ-НКВД. <…> Апарат НКГБ і тысячы чыноўнікаў займаюць увесь горад — яны ўмеюць і любяць рваць адзін аднаго і ўсіх за горла, а я гэтага ня ўмею рабіць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькі праменьчык дзённага сьвятла ў вакно і мучуся ў пограбе. Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?» — на гэтым апошнім крыку нататкі Чорнага абрываюцца.

***

«Каласы пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча абрываюцца зь іншай прычыны. Так, у важкім рамане на сотні старонак, пастаўленая кропка. Але «Каласы пад сярпом тваім» — толькі пралёг да вялікае гістарычнае эпапэі пра паўстаньне 1863 году, калі Беларусь здабывала свабоду. Гэта завязка, расстаноўка сілаў. І незавершанасьць эпапэі асабліва адчувальная, калі сёньня спрабуюць раман экранізаваць. Лініі пачынаюцца — але працяг мусіць быць толькі ў наступных кнігах. Дарэчы, ёсьцека твор «Зброя» — але толькі бакавы атожылак ад «Каласоў». Сам Караткевіч прызнаваўся, што ня можа пісаць працяг, яму балюча, ён занадта палюбіў сваіх герояў, каб адпраўляць іх на сьмерць.

Але ў 2006 годзе ў Менску паўстала Плошча Каліноўскага. Адзін з ключавых герояў раману ажыў у сучаснай Беларусі. Плошча працягнулася сёньняшнімі вечарамі воплескаў. Раней беларускія кнігі абрывала гісторыя. Цяпер яна іх дапісввае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG