Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Расінскі — пра 5 кніг, патрэбных сёньняшняй Беларусі


Сярод кніг, жыцьцёва неабходных сёньняшняй Беларусі, маюцца кнігі няствораныя й неперакладзеныя. Кнігі, зь якімі краіна можа быць зусім іншай. Культуроляг Андрэй Расінскі спрабуе акрэсьліць іхнія тэмы, сюжэты, структуру, папярэднікаў дый чытачоў.




Першая кніга — «Чацьвёрты Статут»


Першы поўны Статут, па якім жыла Беларусь, быў складзены ў 1529 годзе. Другі, удакладнёны — у 1566-ым. Нарэшце, Трэці, самы дасканалы, зьявіўся ў 1588 годзе і дзейнічаў на беларускіх землях да 1840 году.

Надалей краіну зацуглялі законы Расейскай імпэрыі, а потым прыйшоў час савецкага беззаконьня. Гэты час ня скончыўся й да сёньня, пра што сьведчыць карніцкі апарат — суды, дзе судзьдзі толькі шпунцікі дыктатуры, і суцэльная пагарда да чалавечых правоў.

Менавіта таму неабходны Чацьвёрты Статут — які спадкаеміць Статут Трэці дый выкарыстае сучаснае эўрапейскае права; касмэтычныя праўкі савеччыны, як паказаў досьвед — не дапамагаюць. Без Чацьвёртага Статуту — дзе ёсьцека Канстытуцыя, гаспадарчыя, палітычныя й асабістыя правы, а гэта прадугледжвае й новых законьнікаў, — Беларусь вырачаная на ступар.


Мапы Беларусі — другая неабходная кніга


Сучасны адміністрацыйны падзел краіны — з аграмаднымі вобласьцямі-губернямі — аніяк не адпавядае ейнаму незалежнаму статусу. Гэта дасюль — расейская калёнія. Гэта дасюль — узгадкі пра імпэрскіх губэрнатараў зь іхнімі юбілеямі, «царскімі» шыльдамі і чужымі «Вялікімі княгінямі», якім вэртыкальнікі цалуюць ручкі. Пра новы тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел Беларусі гаварыў Алесь Міхалевіч, пісалі дасьледчыкі зь беларускіх раёнаў. Але пакуль — не пачулі.
Канфуцый неяк зацеміў, што пачынаць зьмены трэба з выпраўленьня імёнаў.

І я не кажу ўжо пра суцэльныя «ленінскія» і «савецкія» назвы. Канфуцый неяк зацеміў, што пачынаць зьмены трэба з выпраўленьня імёнаў. Імёны на беларускіх мапах мусяць быць выпраўленыя, паветы — мусяць зьявіцца; але самі межы краіны — толькі й выключна сучасныя (нат, калі нехта сюды й папросіцца).

Кніга тэхналЁгій — самая тоўстая ў сьпісе


Я маю на ўвазе тэхналёгіі арганізацыйныя — ключавыя ў зборніку (штосьцека паціху распрацоўваецца Ўладзімерам Мацкевічам); тэхналёгіі адукацыйна-крэатыўныя, якія дапамогуць актыўна зьдзяйсьняць інавацыі дый вучыцца да канца дзён (намёкі маюцца ў «Лятучым унівэрсытэце» й «Беларускім калегіюме»).

Нарэшце, у гэтай кнізе — практыкі так званага шостага тэхналягічнага ладу.

Гэты лад прадугледжвае тонкія біялягічныя вынаходкі, што дазваляюць рэзка паляпшаць якасьць жыцьця. Ён зоймаецца альтэрнатыўнай энэргетыкай і хатнімі фабрыкамі, здольнымі ствараць што заўгодна з асобных атамаў.

Беларуская біялягічная школа застаецца някепскай, асабліва гэта тычыцца беларускай генэтыкі. Фармацэўтыка таксама свае пазыцыі ня страціла. Тэхналёгіі камлёвых клетак, што маюцца ў кожнага чалавека, і зёлкі, падабраныя з улікам геному кожнага асобнага чалавека — ключ да заўтрашняга здароўя ў новай кнізе.

А працы беларускіх фізыкаў па тонкіх тэхналёгіях ужо сёньня маюць добры індэкс цытаваньня. Але беларуская навука затарможаная калгаснымі крыкамі й агрэсіўным хамствам, што нясецца з самага верху. Патрабуюцца неадкладныя арганізацыйныя зьмены.

Эканамічны аркуш — самая тонкая кніжка


Яна, сапраўды, можна складаць адзін аркуш. Пакуль — на сучасны крызіс. Празрыстыя й ясныя правілы падаткаабкладаньня й бізнэсу, што мусяць тэрмінова стымуляваць яго.

А ў якасьці асобных бонусаў — можна прапанаваць моўны афшор. Калі й без таго падаткі (у лятучым аркушы ільготныя) яшчэ максымальна зьмяншаюцца для ўсіх, хто выпускае для беларускага рынку друкаваныя, візуальныя й сецевыя творы — на беларускай мове. (І гэтае правіла — на 50-100 гадоў).

Новая эканоміка — эканоміка вобразаў, рэнэсанс рэгіёнаў і моваў.

Але ўсе папярэднія кнігі трацяць дзейснасьць і сэнс без адной галоўнае кнігі — Бібліі


Беларусь заўжды квітнела й жыла, калі слухалася Кнігі Кнігаў. Час Францыска Скарыны — яскравы гэтаму прыклад.

Але сёньня Сьвятое Пісаньне яшчэ не перакладзенае цалкам на сучасную беларускую мову ані ў праваслаўных, ані ў каталікоў, ані ў пратэстантаў. З жыцьцём паводле Дзесяці Запаветаў сытуацыя яшчэ цяжэйшая.

І ці ня ў гэтым глыбінная прычына, што Беларусь дасюль ня стала сама сабою?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG