“Я -- амэрыканскі грамадзянін”

  • Аляксандар Лукашук
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Галоўную падзею пачатку 1961-га – грашовую рэформу, якая скасавала адзін нуль на грошах, заробках і цэнах, Освальд не заўважыў ці не палічыў дастаткова істотнай, каб занесьці ў дзёньнік.

Думкі ў яго былі пра іншае.

Дзёньнік ЛГО
3 студзеня 1961

Я ў адчаі ад Элы. Я кахаю яе, але што зробіш? Гэты стан страху заўсёды быў у Савецкім Саюзе.


КДБ насьцярожыўся, але потым расслабіўся: як генэрал “Гузьмін” патлумачыў Мэйлеру, Освальд расстроіўся, але не парэзаў ізноў вены, ня кінуў працу, не захварэў, ня стаў піць, не рабіў нічога рызыкоўнага. Не было ніякіх падставаў для дадатковых захадаў.

КДБ не памыліўся ў ацэнцы псыхалягічнага стану Освальда. Ён думаў зусім пра іншае.

Дзёньнік ЛГО
4 студзеня 1961

Праз год пасьля таго, як я атрымаў дазвол на жыхарства, мяне выклікалі ў пашпартны стол і спыталі, ці хачу я атрымаць грамадзянства. Я сказаў – не, проста працягніце мой часовы пашпарт, пагадзіліся, і мае дакумэнты працягнутыя да 4 студзеня 1962.


31 студзеня 1961

4-31 студзеня я пачынаю пераглядаць сваё жаданьне застацца. Праца нудная, грошы, якія я атрымліваю, няма на што патраціць. Ні начных клюбаў, ні боўлінгу. Ні месцаў адпачынку, апроч танцаў у клюбе прафсаюзаў, якіх мне ўжо было досыць.

На менскім радыёзаводзе ў часы Освальда

1 лютага 1961

Раблю першы запыт у амэрыканскую амбасаду ў Маскве для перагляду сваёй пазыцыі: я заявіў, што “хацеў бы вярнуцца ў ЗША”.

28 лютага 1961

Атрымаў ліст з амбасады. Рычард Снайдэр піша, што “я магу прыйсьці на інтэрвію ў любы час, калі захачу”.

16 сакавіка 1961

1-16 сакавіка жыву ў чаканьні вяртаньня ў ЗША. Я расказаў Зігеру, ён падтрымаў маю ацэнку, але параіў нікому з расейцаў не казаць пра маё жаданьне вярнуцца. Я разумею, чаму.


Освальд пачаў абмяркоўваць жаданьне зьехаць зь Менску яшчэ у мінулым годзе – з Элай Герман. Але напачатку гаворка ішла не пра Амэрыку, а пра іншую сацыялістычную краіну. Ён пытаўся ў яе пра Чэхаславакію – ці не пагадзілася б яна жыць у Празе?

Але гэтыя гутаркі вяліся на вуліцы і заставаліся ў сакрэце ад КДБ.
У Менску ў часы Освальда

Рапарт вонкавага назіраньня КДБ

23.12.60
08:00-24:00

А 20:45 аб’ект выйшаў з дому і пайшоў на ўсход да дому № 22, кв. 2 на Лаўска-Набярэжнай вуліцы. Праз 10 хвілін ён выйшаў з кантактам “Дора”, і яны разам, пра нешта размаўляючы, пайшлі ўздоўж набярэжнай Сьвіслачы і а 21:15 прыйшлі да кватэры аб’екта.


Уведаць пра намеры Освальда КДБ мог альбо ад свайго чалавека, якому той давяраў, альбо шляхам праслухоўваньня яго размоваў.

Але Освальд жыў адзін, тэлефону не было, а праслухоўваньне мае сэнс толькі калі ў кватэры ёсьць нехта яшчэ.

Заставаліся лісты. СССР падпісаў Жэнэўскую канвэнцыю, якая не дазваляла пэрлюстрацыю пошты, але гэта нікога ня ўводзіла ў зман.

Першы ліст Освальда ў амбасаду ЗША быў адпраўлены зь Менску 5 лютага – у Маскве яго атрымалі толькі праз восем дзён.

Тыя, хто яго раскрыў у Менску, пабачылі недвухсэнсоўны тэкст:

Прашу разгледзець маю просьбу пра вяртаньне майго амэрыканскага пашпарту. Я жадаю вярнуцца ў Злучаныя Штаты, пры ўмове, што мы дасягнем пэўнага пагадненьня адносна спыненьня любога юрыдычнага перасьледу супраць мяне. Калі так, тады я змагу зьвярнуцца да расейскіх уладаў, каб яны дазволілі мне зьехаць. Калі я змагу прад’явіць ім мой амэрыканскі пашпарт, я лічу, што мне дадуць выязную візу. Яны ніколі не настойвалі, каб я прыняў расейскае грамадзянства. Я жыву тут з часовымі паперамі для замежніка. Я не магу пакінуць Менску без дазволу, і таму пішу, а не зьявіўся асабіста. Спадзяюся, што, аднаўляючы маю адказнасьць перад Амэрыкай, вы будзеце памятаць пра сваю, каб зрабіць усё магчымае і дапамагчы мне, бо я амэрыканскі грамадзянін.

Гэта пачатак вялікай перапіскі пра вяртаньне, у якой будуць удзельнічаць амэрыканская амбасада ў Маскве, Дзярждэпартамэнт у Вашынгтоне і Освальд у Менску.

Мэйлер адзначае агрэсіўную настойлівасьць Освальда -- ён умела выкарыстоўвае дэмагогію, цісьне на свае правы амэрыканскага грамадзяніна і патрабуе, вымагае, дамагаецца пашпарту, гарантыяў, грошай – аж пакуль не атрымае. Але на гэта спатрэбіцца больш за год.

Освальд будзе рабіць выгляд, што яму ўсё падабаецца, і ні з кім больш не загаворыць пра прынятае рашэньне аж да канца чэрвеня.

Гэтае маўчаньне стане глебай для наступных падзеяў, якія хутка ўцягнуць у свой вір зусім новых пэрсанажаў і непазнавальна і назаўсёды зьменяць іх жыцьцё.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда