Мэйлер і гіганты сэксу

  • Аляксандар Лукашук

Норман Мэйлер і яго жонка Норыс у фільме Мілаша Формана "Рэгтайм"

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


У 2007 годзе апошні раман Мэйлера “Замак у лесе” пра дзяцінства Гітлера атрымаў шырока вядомы ў амэрыканскім прыгожым пісьменстве прыз часопіса Literary Review “За дрэнны сэкс у мастацкай літаратуры”.

Назвы ранейшых твораў гавораць самі за сябе: “У палоне сэксу”, “Геній і жарсьць”, “Прывід прасталыткі”, крыху менш кідаюцца ў вочы “Пра жанчын і элегантнасьць” і “Мэрылін”, але дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што самы першы раман “Голыя і мёртвыя” не пра тое, што можна падумаць, калі прачытаць усе загалоўкі разам.

Мэйлер лёгка пераплюнуў КДБ у асьвятленьні менскага сэксуальнага жыцьця (без уліку таго, што там яшчэ схавана ў архівах, вядома).

Так, у кнізе знаёмы Освальда Юры Меражынскі, сын доктара біялёгіі Чаркасавай (якая час ад часу выскоквае паміж літараў у самых нечаканых месцах), прадстаўнік “залатой моладзі” 1960-х, а на пачатку 1990-х, паводле апісаньня Мэйлера, заслужаны алькаголік, тлумачыць амэрыканскаму чытачу менскія норавы і тыпы на прыкладзе свайго знаёмага:

Норман і Норыс Мэйлер
Ён быў вышэйшы і большы за мяне. Яго мянушка была “Ган-дон-чык”, ад слова гандон, шырокі гандон. Ён па дзяшоўцы скупляў гандоны (4 капейкі за штуку), і купляў адзежныя шчоткі. Прабіваў чатыры дзірачкі ў гандоне, даставаў шчаціну са шчоткі і ўстаўляў у дзірачкі, а зьверху нацягваў яшчэ адзін гандон. І прадаваў прастытуткам, і шмат народу купляла. За вялікія грошы. Таму яго празвалі “Гандон-чык”, таму што ён рабіў жанчын шчасьлівымі, так. У той час можна было мець нават гандон з вусамі. Ну, і такая мянушка. Гандон-чык, Ган-дон-чык. Вялікі даход, канечне. Яго вельмі любілі жанчыны.

Разьдзел кнігі “Закаханы ў Элу” Мэйлер пачынае з аповеду Паўла Галавачова, які працаваў на заводзе разам з Освальдам і Элай Герман і бачыў пачатак іх раману.

Лі ня надта паказваў свае пачуцьці. Напрыклад, была Магда, вялікая, як кабыла. Яна лёгка давала. Людзі казалі, што гэта муж зрабіў яе такой. На начной зьмене мужыкі нават спрачаліся, чыя чарга кінуць палку. Яна важыла 120 кіляграмаў. Яе звалі “Наша кабыла”, “Наш халадзільнік”.
Норман і Норыс Мэйлер на Кубе

Так у Гогаля Чычыкаў глядзіць на сьпіс купленых мёртвых душ, і раптам незразумелае пачуцьцё ахоплівае яго, і ня ў стане ўстрымацца, ён кажа: “Пробка Степан, плотник, трезвости примерной. А! вот он, Степан Пробка, вот тот богатырь, что в гвардию годился бы! Где тебя прибрало? Взмостился ли ты для большего прибытку под церковный купол, а может быть, и на крест потащился и, поскользнувшись, оттуда, с перекладины, шлепнулся оземь, и только какой-нибудь стоявший возле тебя дядя Михей, почесав рукою в затылке, примолвил: „Эх, Ваня, угораздило тебя!“ — а сам, подвязавшись веревкой, полез на твое место”.

У Гогаля Сьцёпка цягам аднаго абзацу становіцца Ванькам, а Мэйлер у пасьляслоўі проста бярэ імя “Магда” ў двукосьсе, што азначае – псэўданім. Увесь анэкдот спатрэбіўся амэрыканскаму аўтару, каб напісаць:

Павал ня думае, што Лі што-небудзь рабіў з Магдай.

Як і Сьцяпан Пробка, больш гіганты менскага сэксу 1960-х “Гандончык” і “Магда” нідзе ў кнізе не ўсплываюць.

Але тэма сэксу на гэтым не сканчаецца.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”