Анжаліка Арэхва — пра размову з прэзыдэнтам Польшчы

Анжаліка Арэхва

Гарадзенка Анжаліка Арэхва пабывала на сустрэчы з прэзыдэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім. Спадарыня Арэхва выконвае абавязкі старшыні Саюзу палякаў, які не прызнаецца беларускімі ўладамі, але мае падтрымку з боку ўладаў польскіх. На мінулым тыдні прэзыдэнт РП атрымаў ліст ад кіраўніцтва Саюзу палякаў, у адказ на які запрасіў Анжаліку Арэхву ў Варшаву.

Галоўная рада апазыцыйнага Саюзу палякаў прасіла Браніслава Камароўскага паспрыяць таму, каб сытуацыя вакол Саюзу не пагаршалася, каб, па магчымасьці, выпусьцілі на волю Андрэя Пачобута, які ўзначальвае Раду, каб спыніліся рэпрэсіі адносна іншых сябраў і супраць самой арганізацыі.

— Анжаліка, раскажыце, дзе і як праходзіла ваша сустрэча з прэзыдэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім?

Сустрэча з прэзыдэнтам Польшчы адбылася ў прэзыдэнцкім палацы на Кракаўскім прадмесьці. Яна праходзіла ў зычлівай атмасфэры, пачалася з таго, што журналісты зрабілі здымкі, а затым прайшла размова з прэзыдэнтам. Яна доўжылася паўгадзіны.

— Што вы хацелі распавесьці прэзыдэнту Польшчы і пра што гаварыў ён, якія пытаньні яго цікавілі?

— На сустрэчы я расказала пра сытуацыю ў Саюзе палякаў, а таксама пра арышт Андрэя Пачобута. Прэзыдэнт быў зацікаўлены гэтай сытуацыяй. Я расказала, як выглядае дзейнасьць арганізацыі на сёньняшні дзень. Прэзыдэнт быў занепакоены, што ў Беларусі ў мэдыях зьяўляецца інфармацыя, у якой у нэгатыўным сьвятле прадстаўляюць Польшчу, і выказаў свае асьцярогі, што гэта можа паспрыяць таму, што польскую меншасьць у Беларусі закрануць таксама нейкія рэпрэсіі. Ён сказаў таксама, што польская меншасьць у Беларусі, як і Саюз палякаў, заўсёды могуць разьлічваць на дапамогу прэзыдэнта Польшчы, а таксама польскага ўраду.

— Ці ўзгадваліся ў гутарцы іншыя моманты беларускай сытуацыі?

— Прэзыдэнт Польшчы казаў таксама, што будзе дапамагаць і спрыяць разьвіцьцю дэмакратычных зьменаў у Беларусі і дапамагаць грамадзкім арганізацыям, якія тут існуюць.

Андрэй Пачобут

— карэспандэнт «Gazety Wyborczej». Яго пасадзілі на пятнаццаць сутак нібыта за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня, дзе ён прысутнічаў у якасьці журналіста. Справа Андрэя Пачобута разглядалася ў Кастрычніцкім судзе Менску двойчы. Першым разам журналіста аштрафавалі на 1 мільён 750 тысяч рублеў. Аднак гэты прысуд не задаволіў Кастрычніцкую раённую пракуратуру, і справа была накіравана на новы разгляд. Тэрмін арышту Андрэя Пачобута сканчаецца 26 лютага.