Аднаўленьне «гістарычнага аблічча» Каложы — што гэта значыць?

Каложа

Мітрапаліт Філарэт агледзеў праект рэканструкцыі Калоскай царквы ХІІ стагодзьдзя, самай старажытнай на Гарадзеншчыне, і выказаў падтрымку працаўнікам «Гроднаграмадзянпраекту». Тым часам грамадзкасьць выказвае нязгоду з аднаўленьнем Каложы «пад старыну». Палова царквы была страчана ў ХІХ стагодзьдзі падчас нёманскай паводкі, адсутная сьцяна зроблена з дошак.

Партал Беларускай праваслаўнай царквы паведамляе, што мітрапаліт Філарэт «узначаліў працу канфэрэнцыі па аднаўленьні гістарычнага аблічча Калоскай царквы», якая адбылася ў «Гроднаграмадзянпраекце». Сакратар Гарадзенска-Ваўкавыскай япархіі Анатоль Ненартовіч пацьвердзіў:

«Што датычыць яго візыту ў Горадню, то, безумоўна, і набажэнства адбывалася ў Калоскай царкве, і сустрэча ў „Гроднаграмадзянпраекце“, гэта ўсё было прысьвечана акцыі „Адродзім Каложу разам“. Гэта ня толькі ўлады, гэта ўсе падтрымалі: царква, і ўлады, і вернікі, людзі, якія жывуць ня толькі ў Горадні, але і ў Беларусі нашай».

Мітрапаліт Філарэт сказаў, што царква «мяркуе ўзяць самы актыўны ўдзел у ажыцьцяўленьні намераў аднавіць Калоскую царкву». На гарадзенскім блогу ягоная падтрымка праекту рэканструкцыі выклікала дыскусію. Галоўны знаўца Каложы ў Горадні — гісторык архітэктуры Ігар Трусаў. Ён выступае за навуковую рэканструкцыю і рэстаўрацыю храма — на момант яго абрушэньня ў 1853 годзе. Тым часам на жаданьне царкоўнікаў у праекце намаляваныя закамары ў стылі ХІІ стагодзьдзя, хаця тагачасных малюнкаў Каложы не захавалася. Ігар Трусаў, аднак, лічыць, што візыт Філарэта не падштурхне ўлады адразу брацца за храм.

Ігар Трусаў
Трусаў: «Таму што гэта піяр-праект, хутчэй за ўсё, — аднаўленьне Каложы. Піяр-праект, зьвязаны з выбарамі».

Па-першае, у зімовы час Каложу ў любым разе чапаць ня будуць, кажа ён.

Трусаў: «А тое, што ў нас да красавіка наступнага году здарыцца, нікому не вядома. Да таго ж, калі нават пачнуць „цераз калена“, усё роўна грошай няма, а тое, што зьбіраюць па горадзе, гэта больш імпрэза, чым рэальная справа. А ў бюджэце стопрацэнтова ня будзе грошай нават на такі невялікі „сарай“, як Каложа… Я, што тычыцца эканомікі, аб’ектыўна разважаю, таму што з вытворчасьцю зьвязаны, ня толькі гісторык архітэктуры. Я думаю, што пакуль яшчэ „пажару“ няма».

Ігар Трусаў дапускае, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў уладам можа стаць ужо не да Каложы:

«А я штосьці не турбуюся пакуль яшчэ за лёс Каложы да вясны наступнай, да траўня. Таму што няма грошай і ня будзе, хутчэй за ўсё. Трэба зразумець, што калі пачнуць гэта рабіць у траўні, калі даляр будзе каштаваць невядома колькі і кватэрная плата падаражэе ў два ці тры разы, чыстая палітыка ня пройдзе ўжо. Якая там к чорту Каложа, калі пэнсіянэры ня змогуць са сваёй пэнсіі за кватэру заплаціць?»

У прамове мітрапаліта Філарэта на партале Беларускай праваслаўнай царквы гаворыцца, што ён ня меў мэты «даваць якую-колечы ацэнку цяперашнім праектным прапановам», але хацеў бы падтрымаць «адну з асноўных ідэяў праекту, якая прадугледжвае аднаўленьне Калоскай царквы ня толькі ў якасьці ўзнаўленьня аб’екта гісторыі і культуры, але і як адраджэньне аднаго з самых старажытных зборных духоўных і архітэктурных сымбаляў нашай краіны».