Пад Ганцавічамі разьбіўся вайсковы МІГ

МІГ-29

23 верасьня каля паловы на шостую вечара пад Ганцавічамі разьбіўся МІГ-29, у якім знаходзіліся два пілёты Баранавіцкай авіябазы — камандзір эскадрыльі падпалкоўнік Сяргей Каваленка і намесьнік камандзіра авіяцыйнага зьвяна маёр Аляксандр Жыгайла.

Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што экіпаж паветранага судна, каб прадухіліць падзеньне самалёта на населеныя пункты, увёў машыну ў раён лясіста-балоцістай мясцовасьці, дзе й адбылася катастрофа.

Раменьчык: «экіпаж самалёта загінуў, да канца выканаў свой вайсковы і прафэсійны абавязак»

Жыхары Ганцавічаў распавядаюць, што выбух ад удару аб зямлю быў такой моцы, што скалынулася балота, дзе мясцовыя жыхары зьбіралі журавіны.

На месцы катастрофы працуе вайсковая камісія, каб высьветліць абставіны гібелі экіпажу.