Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што (хто) стаіць за гібельлю прэзыдэнцкага самалёта?



Польскі ўрад апублікаваў
расшыфроўку перамоваў экіпажу польскага прэзыдэнцкага самалёта, які разьбіўся 10 красавіка каля Смаленску.

Камэнтары экспэртаў авіяцыі, апублікаваныя ў сёньняшняй польскай прэсе, не прыносяць адназначнага заключэньня, што магло быць асноўнай прычынай пагібелі 96 чалавек на борце польскага прэзыдэнцкага авіялайнэра Ту-154М.

Што запісвалася ў прэзыдэнцкім самалёце?

Учора была апублікаваная расшыфроўка запісу з гукавога рэгістратара тыпу МАРС-БМ (Cockpit Voice Recorder), які знаходзіўся ў кабіне пілётаў і запісваў усе размовы пілётаў, уключна з размовамі па радыё з абслугай лётнішча.

Акрамя гэтага гукавога рэгістратара, у самалёце былі яшчэ тры іншыя: Flight Data Recorder (MSRP-64M-6), які запісваў тэхнічныя парамэтры палёту; Quick Access Recorder (які выкарыстоўваецца наземнай тэхнічнай абслугай для хуткага азнаямленьня з парамэтрамі працы самалёта падчас палёту); Terrain Avoiding Warning System (TAWS), які, між іншым, засьцерагае экіпаж перад набліжэньнем зямлі і выдае канкрэтны загады, каб пазьбегчы непажаданага сутыкненьня зь ёю.

Абодва асноўныя рэгістратары — Cockpit Voice Recorder і Flight Data Recorder — былі знойдзеныя на месцы катастрофы ўжо 10 красавіка. Расіяне, у прысутнасьці польскага пракурора, заплямбавалі гэтыя рэгістратары і перавезьлі ў Маскву.

Расшыфроўку запісу размоваў (на польскай, расейскай і ангельскай мовах) рабілі расейскія і польскія адмыслоўцы ў прысутнасьці калегаў загінулых пілётаў (калегі пілётаў дапамагалі ідэнтыфікаваць галасы на рэгістратары).

Масква перадала Варшаве копіі запісаў з рэгістратараў. Арыгіналы запісу знаходзяцца ў заплямбаваным сэйфе ў Маскве. Ня выключана, што пасьля заканчэньня сьледзтва расейскі бок аддасьць гэтыя арыгіналы палякам.

Ці вінаватыя ў катастрофе расейскія дыспэтчары?

Камэнтатары ў польскіх СМІ зьвяртаюць увагу на запіс, дзе дыспэтчар смаленскага лётнішча выразна кажа польскаму экіпажу, што умоваў для прыёму самалёта на смаленскім лётнішчы няма (запіс з гадзіны 10:24:51).

Паводле газэты "Rzeczpospolita", першы пілёт Аркадыюш Пратасюк цалкам усьведамляў, што з-за неспрыяльных мэтэаралягічных умоваў прызямленьне ў Смаленску можа ня ўдацца, і трэба будзе адляцець на запасное лётнішча.

Ці дзейнічалі пілёты пад ціскам службовых асобаў?

Запіс засьведчыў, што ў кабіну пілётаў заходзіў шэф дыпляматычнага пратаколу Міністэрства замежных справаў Марыюш Казана, які ляцеў у прэзыдэнцкай дэлегацыі ў Катынь. Хвілін за 10 да катастрофы гукавы рэгістратар у кабіне запісаў словы Казаны: "Пакуль што няма рашэньня прэзыдэнта, што рабіць далей". Але расшыфроўшчыкам запісу не ўдалося адчытаць нічога іншага, што пацьвярджала б падазрэньне, што гэта прэзыдэнт Лех Качынскі загадаў экіпажу прызямляцца, нягледзячы на дрэнныя мэтэаралягічныя ўмовы.

Расшыфроўшчыкі ідэнтыфікавалі ў кабіне таксама голас камандуючага вайскова-паветранымі сіламі Польшчы, генэрала Анджэя Бласіка. Аднак акрамя некалькіх заўвагаў тэхнічнага характару не ўдалося адчытаць ні намёку на тое, што генэрал Бласік націскаў на пілёта, каб ён прызямляўся, нягледзячы ні на што.

Бравада пілётаў?

Найбольш загадкавым для экспэртаў падаецца запіс апошніх 60 сэкундаў палёту, калі уключылася аўтаматычная сыстэма засьцераганьня TAWS, якая паведаміла аб небясьпечным набліжэньні зямлі (TERRAIN AHEAD), а потым, за 20 сэкундаў да ўдару аб зямлю, загадала падняць машыну (PULL UP). Пілёты, як вынікае з запісу, ніяк не зрэагавалі на гэтыя перасьцярогі. Чаму?

"Гэта абсалютна незразумела," — сказаў "Газэце Выборчай" пілёт Кшыштаф Краўцэвіч, галоўны рэдактар месячніка "Przeglad Lotniczy". – Гэта так, як быццам той, хто стаіць на берагу даху, замест зрабіць крок узад, зрабіў крок уперад. Тут авіяцыйны экспэрт не дапаможа".

Расейскі пілёт-выпрабавальнік Магамэд Талбоеў сказаў газэце, што смаленскага лётнішча няма ў сысэме дадзеных TAWS, а таму сыстэма зрэагавала так, як быццам прэзыдэнцкі самалёт прызямляўся на звычайным полі. Паводле Талбоева, Пратасюк меў права праігнараваць гэтую аўтаматычную перасьцярогу.

На гэты аргумэнт Кшыштаф Краўцэвіч адказаў наступным чынам:

"Калі сыстэма TAWS крычыць "PULL UP", дык гэта наогул апошнія словы, якія чалавек чуе пры жыцьці. Калі ён іх праігнаруе, гэта канец".

Памылка пілётаў?

Але чаму пілёты праігнаравалі перасьцярогу дыспэтчараў, каб самалёт перастаў спускацца і вярнуўся на гарызантальную траекторыю (каманда "HORYZONT 101")? Паводле Талбоева, вытлумачэньне гэтага можа быць толькі адно: пілёты паставілі на барычным альтымэтры няправільны парамэтар ціску на лётнішчы ў Смаленску, а таму ім здавалася, што яны знаходзяцца мэтраў на 150 вышэй, чым яны былі насамрэч.

"Са стэнаграмы вынікае, што ў кабіне пілётаў у гэтыя апошнія сэкунды не адбывалася зусім нічога! Яны проста пасьлядоўна падыходзілі да прызямленьня," — сказаў "Газэце Выборчай" пілёт, калега загінулага Аркадыюша Пратасюка.

"Акрамя пастаянных гукавых сыгналаў "PULL UP" пра небясьпечную вышыню самалёта, яны мелі таксама інфармацыю, што яны былі занізка для такой адлегласьці ад паласы. Чаму яны спускаліся далей? Гэта я не магу сабе ўявіць. Не разумею. Там мусіў быць нейкі прэсынг. Які? Чый? Ня ведаю..." — сказаў "Газэце Выборчай" іншы пілёт, які пажадаў застацца ананімным.

Выглядае, што запіс з "чорнай скрынкі" пацьвердзіў усяго тое, да чаго ў Польшчы людзі ўжо дадумаліся — пры тым надвор’і, якое было на лётнішчы ў Смаленску 10 красавіка 2010, самалёт не павінен быў прызямляцца.

А вось чаму ён прызямляўся — застаецца пакуль што загадкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG