Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зноў падаюць беларускія зьнішчальнікі?


У беларускім небе адбылася чарговая авіяцыйная аварыя, у якой пацярпелі два зьнішчальнікі МІГ-29. Чалавечых ахвяраў няма.


Сутыкненьне вайсковых самалётаў адбылося ў небе непадалёк ад Бярозы. Прэсавы сакратар Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык распавёў "Свабодзе":

"21 красавіка а 20 гадзіне 21 хвіліне падчас выкананьня плянавага палёту ва ўмовах абмежаванай бачнасьці пры выкананьні манэўра падвышанай складанасьці адбылося сутыкненьне ў паветры двух самалётаў МІГ-29 927-й зьнішчальнай авіябазы. У выніку адна з машын атрымала пашкоджаньні, якія не дазволілі працягнуць палёт. Лётчык здолеў вывесьці самалёт у раён 210-га авіяцыйнага палігону, пераканаўся ў адсутнасьці населеных пунктаў і катапультаваўся. Прафэсійныя дзеяньні другога пілёта дазволілі другой машыне пасьпяхова прызямліцца на базавым аэрадроме. У дадзены момант жыцьцю і здароўю лётчыкаў нічога не пагражае. Прычыны здарэньня расьсьледуе камісія Міністэрства абароны".

У пракуратуры Беларусі паведамілі, што па факце здарэньня заведзеная крымінальная справа.

У жніўні 2009 году падчас авіяшоў у Польшчы разьбіўся беларускі зьнішчальнік СУ-27. Загінулі лётчыкі Аляксандар Жураўлевіч і Аляксандар Марфіцкі. У 1990-х гадах было некалькі авіяаварыяў з удзелам беларускай вайсковай тэхнікі, у тым ліку самалётаў МІГ-29. Лётчык Уладзімер Карват, які загінуў пад Баранавічамі ў 1996 годзе, стаў першым Героем Беларусі, уганараваным гэтак пасьмяротна. Чаму ж гінуць беларускія вайсковыя лётчыкі?

Паводле вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, самалёты МІГ-29 складаюць аснову ваенна-паветраных сілаў краіны. У Беларусі крыху болей за 50 самалётаў МІГ-29, якія лічацца франтавымі альбо "лёгкімі" зьнішчальнікамі. СУ-27, які разьбіўся летась пад польскім горадам Радамам, — гэта "цяжкі зьнішчальнік". Такіх машын у беларускім войску значна меней.

Новы МІГ-29 каштуе каля 25 мільёнаў даляраў, але ўсе беларускія самалёты гэтай маркі — яшчэ савецкай вытворчасьці. Паводле аглядальніка Аляксандра Алесіна, падтрымліваць баяздольны стан гэтых машын удаецца толькі праз шматлікія рамонты:
падтрымліваць баяздольны стан гэтых машын удаецца толькі праз шматлікія рамонты ...

"Усе яны да развалу Саюзу ў Беларусь паступілі. Збольшага капітальны рамонт дазваляе падтрымліваць гэтыя самалёты ў баяздольным стане некалькі дзесяцігодзьдзяў. Рамонт робяць на заводзе ў Баранавічах, а таксама ёсьць праграмы мадэрнізацыі, калі ўсталёўваюць новую электроніку, радарнае абсталяваньне і больш шырокае ўзбраеньне, у тым ліку дзеля ўдараў па зямлі".

Апошнім часам кіраўніцтва Мінабароны неаднаразова казала пра выпраўленьне становішча, якое было ў 1990-я гады, калі баявыя лётчыкі амаль не ляталі, а трэніроўкі праходзілі ў асноўным на трэнажорах. Ці дастаткова цяпер палётаў, каб падтрымліваць на высокім узроўні прафэсіяналізм лётчыкаў?

"Мяркую, у нас усё ж недастатковы налёт. Лётчыкі ў перадавых краінах і тых, якія знаходзяцца ў надзвычайных умовах, як Ізраіль, лятаюць прыкладна 100 і болей гадзінаў у год. А нашы — добра каб 40-50, а то і меней. А для падтрымкі прафэсійнага навыку налёт павінен быць ня меней за 80".

У Мінабароны не называюць прозьвішчы лётчыкаў, якія сталі ўдзельнікамі сутыкненьня ў небе над Бярозай.



Прычыну леташняй катастрофы, якая здарылася ў Польшчы зь беларускім СУ-27, у Беларусі гэтак і не абнародавалі. "Вядзецца праверка, яе вынікі будуць абвешчаныя пасьля заканчэньня", — паўтараюць у Мінабароны. Між тым польскі бок яшчэ ўвосень мінулага году перадаў Беларусі матэрыялы расьсьледаваньня аварыі. Паводле шматлікіх камэнтароў незалежных экспэртаў, беларускі СУ-27 разьбіўся з-за памылкі ў пілятаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG