Да Дня беларускай міліцыі актывісты падрыхтавалі своеасаблівы падарунак — буклет «Памятка міліцыянту пра ўзорнае стаўленьне да грамадзянаў жаночага полу». Памяткі ўручалі супрацоўнікам усіх трох райаддзелаў гораду.
Выпадкі, калі з жанчынамі або дзяўчатамі міліцыянты абыходзяцца няветліва і нават груба, у Віцебску нярэдкія. Таму актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш дом» і выдалі памятку пра належныя нормы паводзінаў з «грамадзянамі жаночага полу». Гэта невялікія буклеты з цытатамі з розных законаў і загадаў — ад Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь да службовых распараджэньняў міліцэйскага кіраўніцтва.
Каб уручыць гэткія памяткі міліцыянтам, з Магілёва ў Віцебск адмыслова прыехала актывістка кампаніі «Наш дом» Крысьціна Шацікава. Яна згадвае, як у 2006-м годзе віцебскія міліцыянты затрымлівалі яе на асьвятляльнай вышцы каля летняга амфітэатру, дзе яна вывесіла бел-чырвона-белы сьцяг:
«Была ідэя — падняцца на вышку і ўзьняць сьцяг. І калі сьледам пачалі падымацца супрацоўнікі міліцыі, аказалася, што яны не гатовыя да таго, што на такі крок пойдзе дзяўчына ці жанчына. Першае, што мне сказаў амапавец: „Дык ты баба?“ А калі пачалі мяне здымаць, то цягнулі, як жабу — хто за рукі, хто за ногі, хто за валасы. І пакуль я апынулася на зямлі, я ўжо страціла прытомнасьць».
Your browser doesn’t support HTML5
Абставіны склаліся так, што ў Кастрычніцкім РАУС, куды прыйшла раздаваць памяткі Крысьціна Шацікава, ёй сустрэўся адзін з тых самых супрацоўнікаў, які затрымліваў яе каля амфітэатру. Буклет у якасьці падарунка ён прыняў, але фатаграфавацца адмовіўся. Затое зьняцца пагадзіўся начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага раёну Аляксандар Каліноўскі. Ён узяў больш як дзясятак буклетаў, паабяцаўшы раздаць калегам. Але папрасіў актывістку больш нічога не раздаваць на тэрыторыі раёну.
Актывісты кампаніі «Наш дом» прайшліся па ўсіх трох паверхах Чыгуначнага РАУС і нават завіталі да намесьніка начальніка Віктара Гарбачова. Буклеты раздавалі ўсім, і толькі адзін супрацоўнік вярнуў яго назад, сказаўшы, што правілам паводзінаў з жанчынамі яго вучылі ў школе.
На думку старэйшай віцебскай апазыцыянэркі Алены Залескай, якую ня раз затрымлівалі падчас розных акцыяў, менавіта супрацоўнікам гэтага райаддзелу бракуе ветлівасьці, асабліва ў стаўленьні да жанчын:
«У Чыгуначным раёне адразу тры міліцыянты накінуліся на мяне, каб сарваць мой бел-чырвона-белы шалік. Прычым яшчэ й мацюкаліся! Як іх можна назваць ветлівымі? Я зьвярталася да начальніка, каб на іх склалі пратаколы за хуліганства, бо на нашых жа людзей яны складаюць… А той мне ў адказ рагатаў…»
У Чыгуначным райаддзеле калісьці працаваў, але быў звольнены зь міліцыі і адзін са складальнікаў буклета-памяткі Андрэй Левінаў. Ён кажа, што насамрэч з жанчынамі ў міліцыі часам абыходзяцца горш, як з мужчынамі:
«Таму што мужчына можа хоць нейкім чынам за сябе пастаяць. А жанчына часам губляецца перад міліцыянтам, бо ён і мужчына, і прадстаўнік улады… І многія супрацоўнікі з жанчын зьдзекуюцца. Хаця жанчына — такі самы грамадзянін і таксама мае свае правы».
Актывісты кампаніі «Наш дом» перадалі буклеты і супрацоўнікам Першамайскага РАУСу. А таксама завіталі ў абласную Ўправу ўнутраных спраў. Яны прасілі дзяжурнага пазваць кагосьці з кіраўніцтва, каб уручыць памяткі асабіста, але нікога не дачакаліся. Давялося аддаваць памяткі хіба тым супрацоўнікам, што праходзілі праз фае. Кіраўніцтва, сказаў дзяжурны, ужо, мабыць, пайшло адзначаць прафэсійнае сьвята.