Выстава ў сталоўцы для бяздомных

Аляксандар Саенка (справа) на сваёй выставе сярод сваіх пэрсанажаў.

У Горадні сёньня адкрылася фотавыстава Аляксандра Саенкі. Здымкі вывешаны на сьцяне ў сталоўцы, дзе манашкі кормяць дзесяткі валацугаў. Бясплатныя абеды адбываюцца штодня некалькі апошніх гадоў пры Брыгіцкім касьцёле, іх фундуе каталіцкая дабрачынная арганізацыя «Карытас». Аўтар выставы сваю працу прысьвяціў абедзеным будням гэтых людзей.

Аляксандар Саенка працуе фотакарэспандэнтам у гарадзенскай рэгіянальнай газэце («Вечерний Гродно»). Але ў вольны час хочацца рабіць штось, адрознае ад працы ў газэце, нейкія дакумэнтальныя праекты, чым ён цяпер і займаецца, кажа Аляксандар. Ён зазначае, што ў яго атрымаўся фотарэпартаж, але здымаў ён яго доўга. Спачатку зрабіў выставу для калегаў-фатографаў, а затым вырашыў паказаць здымкі тым людзям, якія на іх адлюстраваныя.


Аляксандар тлумачыць: «Каб яны, седзячы за сталом, маглі бачыць на здымках свае твары. Можа быць, у іх штосьці зьменіцца ў душы, штось адчуюць, і дзякуй, што яны дапусьцілі мяне ў сваё жыцьцё, спачатку цяжка, паколькі спачатку яны ўсе адварочваліся. Але калі часта да іх ходзіш, яны бачаць у табе, груба кажучы, свайго чалавека, пачынаюць расказваць свае жыцьцёвыя гісторыі і даюць сябе фатаграфаваць».