Ужо сёньня, 13 студзеня

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.



СОНЕЧНА...


...і марозна! Тэмпэратура: -16 — -11 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Навагодні баль у Тэатры опэры і балету.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1593 памёр Сымон Будны, беларускі асьветнік, філёзаф, гісторык, паэт, дзеяч рэфармацыі. Будны атрымаў адукацыю ў Кракаўскім унівэрсытэце, а пасьля настаўнічаў і прапаведаваў у Вільні і ў Клецку. Пасьля заснаваў у Нясьвіжы друкарню, выдаў па-беларуску кнігу "Катэхізіс".

У 1941 у Цурыху памёр ірляндзкі пісьменьнік Джэймс Джойс, аўтар сусьветна прызнанага шэдэўру "Ўліс".

У 1991 вайскоўцы савецкага гарнізону атакавалі тэлевежу ў Вільні, забіваючы ня менш за 11 чалавек. Атакай кіраваў генэрал Уладзімір Усхопчык, які потым служыў намесьнікам міністра абароны Беларусі. Літва патрабуе ад Беларусі выдачы генэрала, але безвынікова. У Літве гэты дзень адзначаецца як Дзень абаронцаў свабоды.

У 2002 годзе ва ўзросьце 104 гадоў памёр Грэгорыё Фуэнтэс, капітан лодкі Эрнэста Хэмінгуэя на Кубе, які паслужыў пісьменьніку прататыпам героя навэлы "Стары чалавек і мора", за якую Хэмінгуэю прысудзілі Нобэлеўскую прэмію ў 1954.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Апошні дзень году паводле юліянскага календара.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "Лібэралізацыя для вандалаў".

ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ:


"Самавіты, пульхны Бык Маліган высунуўся зь лесьвічнага прахону, несучы ў руках місачку з мыльнаю пенай, на якой ляжалі наўскрыж люстэрка і брытва" — Джэймс Джойс, пачатак "Уліса" (пер. Я. Максімюка).

"Гэта быў стары чалавек, які адзін у лодцы лавіў рыбу ў Гальфстрыме, і мінула ўжо восемдзесят чатыры дні, як ён ня выцягнуў аніводнае", — Эрнэст Хэмінгуэй, пачатак "Старога чалавека і мора" (пер. П. Марціновіча).