Журналіст, мэнэджэр культуры, палітык. Нарадзіўся 26 сакавіка 1988 года ў Менску. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа – ужо ў падпольлі. Вучыўся ў БДУ на факультэце журналістыкі, у ЭГУ. За палітычную дзейнасьць выключаны з унівэрсытэту і гвалтам, у кайданках, забраны ў войска, нягледзячы на ранейшае рашэньне аб непрыдатнасьці па здароўі. Праходзіць тэрміновую службу ў частцы супрацьпаветранай абароны ў Мазыры.
Што для вас свабода?
Свабода – гэта магчымасьць самастойна вырашаць, што для цябе лепш. І ня шкодзіць пры гэтым іншым.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Гэта процьма начальнікаў і чыноўнікаў. Дурныя законы, а таксама добрыя законы, якія, на жаль, не выконваюцца.
Што для вас шчасьце?
Шчасьце ёсьць посьпех..
Чаго вы найбольш баіцеся?
Найбольш баюся рана памерці і не пасьпець зрабіць тое, чаго наплянаваў на два жыцьця наперад.
Які талент вы хацелі б мець?
Чытаць думкі людзей.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
З моладзі – гэта былы палітсалдат і мой сябар Зьміцер Жалізьнічэнка. З палітыкаў – швэдзкі прэм'ер-міністар Фрыдрых Райнфэльд і чэскі палітык Вацлаў Гавэл. З журналістаў – Сьвятлана Калінкіна і Адам Міхнік. З творцаў – Аляксей Марачкін і Міхал Амнепадыстаў. Ну і найбольшым аўтарытэтам для мяне з'яўляецца кіраўнічка беларускай дыяспары Івонка Сурвілла.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Адзначаць Купальле, падпісваць калядныя паштоўкі, сьпяваць беларускія песьні, марыць, прыдумляць слёганы, фатаграфаваць.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Быў бы больш уважлівы да блізкіх і асьцярожны ў стасунках. Таксама менш бы спаў і больш бы рабіў.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ад свайго камбата – "Будзь хітрэйшы!".
Які ваш улюбёны дэвіз?
"Прарвемся!"
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Дэмакратычная, парлямэнцкая рэспубліка.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У БНР.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У гэтую.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Скасаваў бы вынікі рэфэрэндумаў 1995, 1996, 2004 гг. як нелегітымныя, надаў бы больш паўнамоцтваў парлямэнту, правёў бы свабодныя выбары, прыватызаваў бы СМІ. А таксама заняўся б ўмацаваньнем беларускага войска і перавёў бы яго на кантракт.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Беларусь павінна ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз, НАТО, Усясьветную гандлёвую арганізацыю.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Прагматычна-асьцярожныя.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Любая дыктатура – гэта гвалт над асобай, а то і над народам. І няважна, свая яна ці чужая.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
У 2011-ым. Гэта будзе народная рэвалюцыя, падтрыманая блізкім атачэньнем самі ведаеце каго. .
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Ужо гавораць. У маёй часьці салдаты ня толькі гавораць, але і чытаюць кніжкі па-беларуску. А калі загавораць улады і тэлевізар -- загавораць і ўсе.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Так мы і застанемся малой нацыяй з правінцыйнымі комплексамі.