Што для вас свабода?
Магчымасць быць самім сабой, а яшчэ – абавязак не перашкаджаць іншым мець такое ж права.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Інстынкт самазахаваньня.
Што для вас шчасьце?
Займацца любімай працай.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Здрады ўласным прынцыпам пры спакусе ці пад прымусам.
Які талент вы хацелі б мець?
Прыстойна граць на раялі.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Пад сучасьнікамі, якімі захапляюся, разумею тых, хто, на шчасьце, жыве або быў жывым пасьля майго нараджэньня. Пачнем з беларусаў – захапляюся Ларысай Геніюш, Рыгорам Барадуліным, Уладзімерам Караткевічам. З тых, каго давялося пачуць і ўбачыць на уласныя вочы, – Янам Паўлам ІІ, акадэмікам Сахаравым, Лехам Валэнсам, Эдвардам Хітам, Гельмутам Колем, Білам Клінтанам, Жэлю Жэлевым, Віктарам Юшчанкам, Бальцэровічам. З “тэарэтычна” вядомых – Чэрчылем.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Майстраваць, будаваць, прымаць гасьцей.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Пастараўся б быць больш чулым і клапатлівым да родных і блізкіх.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ад бабулі: у кожным чалавеку імкніся знайсьці добрае, яно абавязкова ёсьць.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Будзе тое, што будзе, і ўсё залежыць ад усяго.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У сапраўды дэмакратычнай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У сваю.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Кіраўніком быў, зрабіў, што мог, але далёка ня ўсё, што хацеў. Добра ўсьвядоміў, хацець – мала. Трэба мець плян рэалізацыі “хаценьня” плюс працаздольнасьць, цярпеньне, мужнасьць і шэраг іншых дадатных якасьцяў, каб такі плян рэалізаваць. Кіраўнік дзяржавы павінен арыентавацца на аб’ектыўныя паказчыкі духоўнага і маёмаснага дабрабыту грамадзянаў. Галоўны зь іх – сярэдняя працягласьць жыцьця. Гэты паказчык у Беларусі недапушчальна нізкі, бо дзяржава клапоціцца аб дабрабыце ўлады, а не грамадзянаў. Побыт многіх сялянаў застаецца і сёньня пазамінулавечным. Яго трэба паляпшаць найперш.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Партнэрскія, узаемавыгадныя. Беларусь як незалежная дзяржава павінна адпавядаць стандартам краінаў – чальцоў Эўразьвязу.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Партнэрскія, раўнапраўныя.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
У наш час у Беларусі дыктатура можа быць сваёй толькі для хаўрусьнікаў, аб’яднаных злачыннымі задумкамі, і для тых, хто ня мае ўласнага пачуцьця чалавечай годнасьці.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Зьменіцца хутчэй, чым зьнікне расейская падпорка дыктатарскага рэжыму.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Большасьць стане гаварыць па-беларуску праз 5-10 гадоў пасьля таго, як антыбеларускі прэзыдэнт і ўрад заменяцца беларускімі.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Загавораць!