***
Спампаваць кнігу "Вольная студыя" Міхася Скоблы у PDF-фармаце можна ТУТ.
Калі Вы хочаце мець друкаваную вэрсію кнігі, дашліце, калі ласка, свой адрас нам на Паштовую скрынку 111, Менск 220005. Мы дашлем вам кнігу.
***
Асобнікі кнігі разышліся літаральна за дзесяць хвілін і, на жаль, яе не хапіла ўсім удзельнікам імпрэзы. Упершыню ў адной залі, а ня ў студыі паасобку, сабраліся найперш удзельнікі перадачаў «Вольная студыя». Сярод іх мастакі Алесь Пушкін і Аляксей Марачкін, этнакультуроляг Тацяна Валодзіна, дыктарка Зінаіда Бандарэнка, гісторык Віктар Хурсік, мастак Рыгор Сітніца, гісторык Міхась Чарняўскі, літаратар Андрэй Хадановіч ды іншыя.
Міхась Скобла згадаў, што падчас існаваньня перадачы цягам 11 гадоў ён задаў каля 5000 пытаньняў. І прэзэнтацыя праходзіла ў гэтым фармаце радыёгутаркі. У сваім выступе паэт Анатоль Вярцінскі адзначыў, што «Вольная студыя» - адна з тых перадачаў, якія спрыяюць таму, каб слухаць Радыё Свабода. Прысутны на прэзэнтацыі дырэктар беларускай службы радыё Аляксандар Лукашук адзначыў:
«Радыё – гэта голас, інтанацыя, рытм. Але найперш – гэта сьмеласьць думаць, памятаць і рабіць. Аўтар Міхась Скобла вызначыў жанр гэтай кнігі як кніга гутарак. Але ня толькі. Гэтую кнігу можна сьпяваць як опэру, у якой кожны дуэт мае сваю непаўторную арыю. Гэтую кнігу нават можна ўключыць у Алімпійскія гульні, там ёсьць фэхтаваньне, бокс, клясычная барацьба і нават фігурнае катаньне і мастацкая гімнастыка. Таксама гэтую кнігу можна паслаць на Месяц, калі зь нейкай прычыны, напрыклад, глябальнага пацяпленьня, тут усё лясьнецца, гэтыя 50 асобаў плюс адна дастойна прадставяць homo sapiens. Людзі – сьмяротныя, кнігі – не. Запісаныя гутаркі ў студыі – гэта як татуіроўка: колькі ні зьнішчай – усё роўна відаць. Але, канешне, статус вечнасьці мімалётнай думцы надае не гульня з запісвальнай тэхнікай. Статус вечнасьці надае адна якасьць – тая электрычнасьць, якая ўтвараецца, існуе паміж суразмоўцамі ў маленькай студыі і на вялікай плошчы».
За час этэру «Вольнай студыі» выйшла больш за 500 перадачаў. Каб надрукаваць іх усе, патрэбны, як мінімум, дзесяцітомнік. Многія застаюцца на старых магнітафонных касэтах, на дысках і ў архіве сайту Радыё Свабода. Міхась Скобла сказаў:
«Гэта была самая вялікая пакута для мяне – з 500 перадачаў, з 500 удзельнікаў, цікавых, творчых, крэатыўных людзей выбраць вось гэтыя 50, бо кніга ня можа быць такой тоўстай, хаця ў ёй і так 550 старонак».
Падчас выступу мастак Алесь Пушкін адзначыў:
«Для мяне «Вольная студыя» найперш важная тым, што гэта сьведчаньне сёньняшніх дэклярацый нашых творчых асобаў. Гэта ёсьць дакумэнт».
Мастак Алесь Марачкін павіншаваў Міхася Скоблу за тое, што ён так разгаварыў інтэлігенцыю і Беларусь.
«Гутаркі – гэта ёсьць натуральны працэс сумоўя людзей. Гэта так важна шчыра пагаварыць з чалавекам. А ў нас такое адчуваньне, што пры ўсім пры тым мы – нейкая маўклівая, цярплівая нацыя. І толькі дзякуючы табе, Міхась, ёсьць спадзяваньне на гэта, што ты разгаворыш – калі мы пачынаем ня толькі гаварыць, але і дзейнічаць».
Прысутны на прэзэнтацыі палітоляг Аляксандар Фядута назваў кнігу выдатнай і добра зробленай:
«Кніжка прадстаўляе беларускую творчую інтэлігенцыю з розных бакоў. І наогул яна зусім па-іншаму прадстаўляе і яе аўтара Міхася Скоблу».
Лінгвіст Пятро Садоўскі назваў кнігу карыснай і цікавай.
«Гэта ёсьць здымак нашага часу ў гутарках. Тое, што сёньня гучала слова сумоўе – гэта працэс, дзе нараджаецца ісьціна. Тут ёсьць актуальнасьць. Але цікава, што тут ёсьць розныя ўзроўні. Ёсьць людзі, якія валодаюць словам і якія мысьляць філязофскімі катэгорыямі, якія пішуць публіцыстыку, а гэта значыць, глыбока, сур'ёзна выкладаюць у даступнай форме. У гэтым сэнсе гэта даволі рэдкае выданьне».
Зінаіда Бандарэнка сказала, што вельмі ўдзячная Міхасю Скоблу за тое, што ў яго праграмах вялікая пяшчота, добразычлівась, цеплыня і любоў да чалавека:
“Ужо адна назва “Вольная студыя” гаворыць сама за сябе. Яна важна нам, хто марыць пра гэтую свабоду, якія жывуць дзеля таго, каб атрымаць яе”.
Этнакультуроляг Антаніна Хатэнка адзначыла, што сэрыя “Бібліятэка Свабоды” найперш адметная тым, што там можа выйсьці тое, што больш нідзе ня выйдзе:
“Добра, што гучаць галасы гісторыі, паэзіі, сучаснасьці, фальклёру. Добра, што ўсё гэта сабрана кампактна і што яно ўзноўлена для вачэй, для роздуму. Бо пакуль слухаеш, застаецца рэха, а чытаеш, удумляесься і ўваходзіш у гэтую тканку”.
На кнізе «Вольная студыя» Бібліятэка Свабоды не заканчваецца.
Паводле Аляксандра Лукашука, у 2010 годзе яна пачне адлік трэцяга дзясятку твораў.
Your browser doesn’t support HTML5
Фотарэпартаж з прэзэнтацыі
Спампаваць кнігу "Вольная студыя" Міхася Скоблы у PDF-фармаце можна ТУТ.
Калі Вы хочаце мець друкаваную вэрсію кнігі, дашліце, калі ласка, свой адрас нам на Паштовую скрынку 111, Менск 220005. Мы дашлем вам кнігу.
Міхась Скобла: Хацеў бы пагутарыць з Геніюш, Купалам і Лапіцкім
А каго увогуле хацеў бы запрасіць, можа быць Ларысу Антонаўну Геніюш. Калі ўжо зусім фантазаваць, то Янку Купалу. Я б канечне запытаў бы ў яго пра абставіны ягонай сьмерці, ці напрыклад Расьціслава Лапіцкага, удзельніка антысавецкай арганізацыі на Мядзельшчыне пасьля вайны. Вось загадка для мяне: сын сьвятара расейскай праваслаўнай царквы, адкуль у яго такі беларускі патрыятызм?
Бяляцкі: “У “Вольнай студыі” паказаны супраціў беларускага духу”
“Кніга Міхася Скоблы “Вольная студыя” ўразіла мяне. Бо ў ёй адчуваецца нэрв няпростага для творчага чалавека сёньняшняга жыцьця, ягоныя ўзаемаадносіны з уладаю. Гэта, відаць, і ёсьць асноўная тэма кнігі – адвечная праблема паміж уладай і мастаком, паміж уладай і творцам."
Сяргей Законьнікаў: “Галасы з “Вольнай студыі” – сьведчаньні Гісторыі”
“На Радыё Свабода мне падабаюцца многія праграмы, у тым ліку “Вольная студыя”. Праграма Міхася Скоблы вельмі важная, бо практычна абараняе свабоду слова, занядбаную нашым грамадзтвам, якое празьмерна запалоханае. А без свабоды слова і друку, без адраджэньня роднай мовы і культуры ніколі ня будзе ў Беларусі нармальнага дабрабыту. Гэта так. Мне асабіста патрэбна ня толькі луста на стале, але і хлеб духоўны, душэўны."
Алесь Пушкін: “У “Вольнай студыі” – вольныя людзі
"Беларуская Свабода і “Вольная студыя” Міхася Скоблы ставяць за мэту паказаць найперш вольных людзей, якія думаюць па-беларуску, усёй душой жадаюць беларусізацыі Беларусі, каб яна была незалежнай, і, ясная справа, знаходзяцца ў духоўнай апазыцыі да сёньняшняга рэжыму”.
Анатоль Сідарэвіч: “Вольная студыя” спатрэбіцца як дакумэнт”
"Праграма і кніга маюць невыпадковую назву – “Вольная студыя”, і натуральна, што на яе эфірных і папяровых старонках мы чуем і бачым вальнаплынную думку людзей, не скаваных цэнзурай, думку пра Беларусь і беларускія справы, пра ўчарашні, сёньняшні і будучы дзень”.
Алесь Краўцэвіч: “Шкада, што “Вольная студыя” выходзіць толькі раз на тыдзень”
"Дзесяць гадоў для радыё – агромністы тэрмін, і тое, што “Вольная студыя” і сёньня – у этэры, сьведчыць пра яе высокі слухацкі рэйтынг. Кожную “Вольную студыю” я чакаю, і нават шкадую, што яна выходзіць толькі раз на тыдзень. Гэтая перадача наталяе маю прагу кантактаваньня са сьветам беларускай культуры".
Міхась Скобла: Раскоша размовы, альбо VS – МЫ
"За 11 гадоў у этэр выйшла больш за 500 перадачаў. У кнізе іх толькі 50. І гэта была найбольшая пакута – выбраць кожную дзясятую. Цэлы год я перачытваў знаёмыя тэксты, перабіраў, вымяркоўваў, роспачна разумеючы, што, каб выдрукаваць іх усе, патрэбен як мінімум дзесяцітомавік. Яны і цяпер не даюць мне спакою – яшчэ 450 гутарак, што так і засталіся на старых магнітафонных касэтах, на дысках і архіўных сайтах Радыё Свабода".
Аляксандар Лукашук: Quis es? Quis sum?
"Каб зрабіць найлепшую ў сьвеце кнігу беларускіх гутарак пачатку XXI стагодзьдзя, трэба: нарадзіцца ў цэнтры Эўропы ў другой палове XX (бо калі раней – вы й вашы героі скончыце ў Гулагу ці на вайне, а калі пазьней – бяз вас пройдзе сьвята змаганьня за волю і незалежнасьць); атрымаць асалоду ад агульначалавечай спадчыны, але жыць сваёй мовай, сваёй культурай і сваёй гісторыяй (хоць вы й вашы героі ад гэтага ня станеце валадарамі жыцьця тут і цяпер)..."
АРХІЎ ВОЛЬНАЙ СТУДЫІ
БІБЛІЯТЭКА СВАБОДЫ. XXI СТАГОДЗЬДЗЕ
Сёлета ў сэрыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе" таксама выйшлі:
"Адзін дзень палітвязьня". Водгукі і прэзэнтацыя. Розгалас.
"Акцэнты Свабоды". Водгукі і прэзэнтацыя.
Сяргей Дубавец. ЯК? Азбука паводзінаў. Водгукі і прэзэнтацыя.
Начная чытанка-2. Аўдыёбібліятэка "Начной Свабоды". Мікрасайт