Сяргей Законьнікаў: “На Радыё Свабода мне падабаюцца многія праграмы, у тым ліку “Вольная студыя”. Праграма Міхася Скоблы вельмі важная, бо практычна абараняе свабоду слова, занядбаную нашым грамадзтвам, якое празьмерна запалоханае. А без свабоды слова і друку, без адраджэньня роднай мовы і культуры ніколі ня будзе ў Беларусі нармальнага дабрабыту. Гэта так. Мне асабіста патрэбна ня толькі луста на стале, але і хлеб духоўны, душэўны.
Улада адабрала ў пісьменьнікаў ня толькі маёмасьць – Дом літаратара, які каштуе мільёны даляраў і цяпер дае чыноўнікам агромністы прыбытак. Улада пазбавіла нас месца, дзе можна было зьбірацца, абменьвацца думкамі, вырашаць творчыя праблемы. У нас ня стала Дому яднаньня душаў. Калісьці мы вясёлай сябрынай маглі ўваліцца да некага ў кватэру і там пагаварыць, параіцца, пажартаваць. Скажам, мая маленькая дачка Сьвятлана, седзячы на падлозе, магла сказаць шаноўнаму Нілу Сымонавічу Гілевічу: “Дзядзька, сядзь са мной і палушчы мне семак!”. Цяпер таго няма. А таму хораша і радасна пачуць знаёмыя і дарагія галасы ў “Вольнай студыі”, якую вядзе Міхась Скобла.
Запатрабаванай будзе і выдадзеная кніга, якая дазваляе вярнуцца да таго, што расказвалі, чым дзяліліся зь людзьмі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Віктар Казько ды іншыя творцы. Праект “Бібліятэка Свабоды” падабаецца яшчэ і тым, што ён мае прыкладны характар. Сабраныя пад адной вокладкай, гэтыя цікавыя гутаркі становяцца праўдзівым сьведчаньнем нашага блытанага, праклятага ды непазьбежнага часу, становяцца сьведчаньнем самой Гісторыі.