Хворых на СНІД ужо больш як дзесяць тысяч

У Беларусі афіцыйна зарэгістравана 10 529 хворых на ВІЧ-інфэкцыю. Толькі сёлета выяўлена 911 новых захворваньняў. Найбольшая колькасьць такіх выпадкаў выяўленая ў людзей, старэйшых за 30 гадоў. Адмыслоўцы заяўляюць, што гэта зьвязана з пачашчэньнем перадачы ВІЧ-інфэкцыі праз полавыя кантакты.
Сёлета ВІЧ-інфікаваных у Беларусі выяўлена на 225 выпадкаў больш, чым летась — усяго 911. Зь іх 699 чалавек, альбо 76,7% — атрымалі вірус імунадэфіцыту праз полавыя кантакты. І гэтая праблема застанецца актуальнай на бліжэйшыя гады, мяркуе загадчыца аддзелу прафіляктыкі ВІЧ/СНІД Лілія Мялешка:

“Асноўны шлях перадачы ВІЧ-інфэкцыі ад самага пачатку яе рэгістрацыі быў полавы. А тое, што пасьля адбывалася ў асяродку нарказалежных, то нават пры ўсіх гэтых шляхах перадачы — ін’екцыйным і ад бацькоў дзецям — полавы застанецца самым распаўсюджаным”.

Як паведаміла спадарыня Мялешка, на 1 лістапада ў Беларусі зарэгістравана 164 выпадкі ВІЧ-інфэкцыі ў дзяцей да 14 гадоў. Ад маці — носьбітаў вірусу нарадзіліся 1.466 дзяцей, у 151 зь іх дыягназ пацьверджаны. Адмыслоўцы заяўляюць, што хворыя на ВІЧ дзеці жывуць пераважна ў праблемных сем’ях.
У Сьветлагорску мясцовыя ўлады паведамілі пра захворваньні дзяцей дырэктарам школ і настаўнікам.
Каб пракантраляваць такія сем’і, у Сьветлагорску мясцовыя ўлады паведамілі пра захворваньні дзяцей дырэктарам школ і настаўнікам. Бацькі зьвярнуліся ў райвыканкам і пракуратуру з заявамі пра неправамернасьць разгалошваньня такой інфармацыі. Зараз у горадзе праводзіцца расьсьледаваньне інцыдэнту, паведаміла каардынатарка аб’яднанай праграмы ВІЧ/СНІД у Беларусі Элеанора Гвозьдзева:

“Зараз тут вельмі важна інфармаваць і органы ўлады, і насельніцтва, што падобнае не павінна паўтарыцца”.

Адмыслоўцы заяўляюць, што найбольшая колькасьць хворых на ВІЧ-інфэкцыю — у Менску і Менскай вобласьці: 1.469 і 1.369 чалавек адпаведна. Аднак сталіцу па-ранейшаму апярэджвае Гомельшчына — 5.444 выпадкі. Толькі ў Сьветлагорску жыве амаль палова інфікаваных — 2.401 чалавек. Тым ня менш у горадзе асаблівых мераў засьцярогі не назіраецца, кажа жыхар Сьветлагорску Тэльман Масьлюкоў:

“Гадоў дзесяць таму на кожным кроку, на кожным слупе былі ўлёткі ці плякаты, якія нагадвалі пра небясьпеку СНІДу, як ён перадаецца і што трэба рабіць, каб засьцерагчыся. Гэта, наколькі я памятаю, рабілася пры дапамозе ТАСІС і іншых замежных фондаў, якія супрацоўнічалі зь мясцовымі ўладамі і грамадзкімі арганізацыямі. Тады людзі больш уважліва ставіліся. Пасьля ТАСІС зачыніўся, іншыя фонды таксама перасталі супрацоўнічаць, і інфармацыя зьнікла. Людзі пачалі паціху забывацца, а праблема застаецца”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на лячэньне аднаго ВІЧ-інфікаванага ў Беларусі выдаткоўваецца ад 500 да 5 тысяч даляраў штогод. Усяго супрацьвіруснае лячэньне ў краіне атрымліваюць 1.622 дарослых і 86 дзяцей. На 2010—2016 гады на барацьбу зь ВІЧ/СНІД Глябальны фонд выдзеліў Беларусі 23,8 мільёна эўра і 14 мільёнаў даляраў ЗША.

“За 28 гадоў пасьля выяўленьня ў сьвеце ВІЧ-інфэкцыі памерлі 25 мільёнаў чалавек. 33,2 мільёна чалавек застаюцца ВІЧ-інфікаванымі. Сярод краін Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі па колькасьці носьбітаў вірусу і хворых на СНІД Беларусь займае шостае месца, саступаючы Расеі, Украіне, Эстоніі, Латвіі і Малдове”.