12 месяцаў на дэмакратызацыю

Ежы Бузэк

“Калі праз 12 месяцаў мы не заўважым канкрэтнага прагрэсу на шляху да дэмакратызацыі, тады працэс збліжэньня Эўрасаюзу і Беларусі неабходна спыніць”, — заявіў прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк.
“Гэта павінен быць апошні шанец для рэжыму Лукашэнкі (…) Прагрэс у Беларусі сапраўды вельмі малы, і нас вельмі турбуе, што няма выразнай дэмакратызацыі”, — сказаў Бузэк у інтэрвію Польскаму радыё.

17 лістапада Рада Эўразьвязу вырашыла падоўжыць на год візавыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску да кастрычніка 2010 году. Адначасова гэтыя санкцыі замарожаныя да кастрычніка.

У рашэньні зазначана, што “з-за адсутнасьці трывалага прагрэсу ў галінах, акрэсьленых у рашэньні Рады Эўразьвязу ад 13 кастрычніка 2008 году, Рада ня можа скасаваць санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў”. Але, “каб схіліць беларускія ўлады да прагрэсу” ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека, Рада вырашыла замарозіць прымяненьне візавых санкцыяў супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў на такі самы пэрыяд — да кастрычніка 2010 году.


САНКЦЫІ ГЛЫБОКАЙ ЗАМАРОЗКІ

Шушкевіч: пасьля амэрыканскіх санкцый урад на вушы стаў

“Я думаю, што гэта абсалютна неэфэктыўна. Бо санкцыі павінны быць мэтанакіраванымі і дзейнічаць у пэўную кропку”.


Ярмошына: гэта рашэньне драконаўскае

“Гэта супярэчыць гуманітарным мэтам, якія абвяшчае ЭЗ. Гэта вельмі дрэнна і для працы. Заклапочанасьць выказваюць мае калегі з асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Эўропы ў зьвязку з тым, што я зьяўляюся неўязной”.

Саньнікаў: з Лукашэнкам не ўдалося дамовіцца пра малыя крокі

“Але ж Эўропа сама трапляе ў пастку. Калі нічога ня будзе адбывацца, тады наагул не застанецца ніякіх інструмэнтаў, каб уплываць на сытуацыю ў Беларусі”.

Чаргінец : гэтую чарговую памылку трэба неадкладна выпраўляць

“І гэты чарговы крок сьведчыць, што яны самі ня ведаюць, як ім выблытацца з тых сетак, якія сплялі для Беларусі, а апынуліся ў іх самі. Гэта палітычна неразумна”.

Пасол Эрыксан: Брусэль пайшоў на пэўны кампраміс зь Менскам

Эўрапейскі зьвяз увёў візавыя санкцыі супраць кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года, якія Захад прызнаў недэмакратычнымі. У кастрычніку мінулага года Рада Эўразьвязу прыпыніла на паўгода дзеяньне санкцый для 36 асобаў, у тым ліку і А.Лукашэнкі. Аднак пакінула іх супраць тых, каго падазрае ў датычнасьці да палітычных зьнікненьняў у Беларусі (Уладзімер Навумаў, Зьміцер Паўлічэнка, Юры Сівакоў, Віктар Шэйман. У дачыненьні да іх санкцыі былі ўведзеныя ў 2004 годзе) а таксама супраць старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай.

Сёлета гэтага году Брусэль замарозіў санкцыі яшчэ на дзевяць месяцаў. У выніку Аляксандар Лукашэнка змог выехаць у некаторыя краіны Эўразьвязу. А цяпер санкцыі і адначасова іх замарозка падоўжаныя да кастрычніка 2010 году. Брусэль зноў заявіў пра магчымую поўную адмену санкцый, калі афіцыйны Менск выканае шэраг патрабаваньняў, якія тычацца дэмакратызацыі Беларусі.
Нагадаем. санкцыі захоўваюцца супраць чатырох беларускіх чыноўнікаў, падазраваных у датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў і старшыні Цэнтрвыбаркаму.