Беларускія вайскоўцы пад сьцягам ААН?

Расейская газэта "Коммерсант" паведаміла, што цягам 18 месяцаў Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) спадзяецца падпісаць дамову з ААН, якая дазволіць сілам АДКБ дзейнічаць па-за межамі краінаў-удзельніц у супольных міратворчых і анты-тэрарыстычных апэрацыях.

Аналітык амэрыканскага фонду Jamestown Роджэр Макдэрмат разважае над магчымымі наступствамі.

Праект дамовы, падобнай да дамовы паміж ААН і НАТО, падпісанай у 2008 годзе, прадугледжвае супрацоўніцтва па шырокім коле пытаньняў бясьпекі, у тым ліку ў змаганьні з наркотыкамі, міжнародным тэрарызмам і злачыннасьцю, незаконным гандлем зброяй, а таксама ў міратворчых апэрацыях. Але значнасьць такога пагадненьня ў тым, што АДКБ, у якой дамінуе Масква, атрымала б фактычную легітымацыю з боку ААН і пацьвердзіла б свой статус гаранта бясьпекі ў Цэнтральнай Азіі, Армэніі і Беларусі.

АДКБ, у якой дамінуе Масква, атрымала б фактычную легітымацыю з боку ААН і пацьвердзіла б свой статус гаранта бясьпекі ў Цэнтральнай Азіі, Армэніі і Беларусі.
Дамінаваньне Масквы ў АДКБ узмацнілася пасьля расейска-грузінскай вайны ў жніўні 2008 году. Расея прыклала намаганьні, каб узмацніць ваенны складнік арганізацыі. Нягледзячы на неахвоту Беларусі і Ўзбэкістану, была створаная новая вайсковая структура – Калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня, якія 16 кастрычніка скончылі першыя вучэньні ў Казахстане.

У нейкім сэнсе гэта спроба Крамля падарваць супрацоўніцтва краінаў Цэнтральнай Азіі з НАТО. У арміях цэнтральнаазіяцкіх краінаў шмат якія з афіцэраў, што праходзілі стажыроўку ў краінах НАТО, па вяртаньні дадому ня могуць працягваць кар'еру, бо вышэйшае вайсковае кіраўніцтва ставіцца да іх з падазронасьцю, а часам навучаньне не адпавядае іх патрэбам. Як паведаміў адзін з высокіх казаскіх вайскоўцаў, усе казаскія афіцэры, якія навучаліся ў вайсковай акадэміі Вэст-Пойнт у ЗША, па вяртаньні ў Казахстан звольніліся з арміі.

Тым часам расейскія аналітычныя структуры распрацоўваюць новыя ініцыятывы, якія павінны стварыць альтэрнатыву супрацоўніцтву з НАТО. Важным штуршком для іх тут была зацікаўленасьць з боку НАТО ва ўдзеле ў сыстэме энэргетычнай бясьпекі ў Цэнтральнай Азіі. У адказ Масква ўзмацніла намаганьні прадухіліць рух на Захад з боку сваіх партнэраў па АДКБ.

Масква выступае супраць далейшага пашырэньня НАТО на ўсход і пераконвае сваіх саюзьнікаў у АДКБ не рабіць пагадненьняў з Вашынгтонам аб вайсковых базах.
Тым часам расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядьведзеў выступае з плянамі новай сыстэмы бясьпекі ў Эўропе. Падчас выступленьня перад Генэральнай асамблеяй ААН ён паўтарыў заклік распрацаваць і падпісаць усебаковае пагадненьне па эўрапейскай бясьпецы, якое б мела юрыдычна абавязковы характар. Гэтая ініцыятыва была скептычна ўспрынятая ў заходніх сталіцах, найперш з-за пытаньня замарожаных канфліктаў, а таксама таму, што гэта б азначала прызнаньне цяперашняй эўрапейскай архітэктуры бясьпекі нежыцьцяздольнай.

Масква выступае супраць далейшага пашырэньня НАТО на ўсход і пераконвае сваіх саюзьнікаў у АДКБ не рабіць пагадненьняў з Вашынгтонам аб вайсковых базах. Аднак гэта ня значыць, што Расея ў прынцыпе адмаўляе любую форму супрацоўніцтва з Захадам. Яна прапануе шматбаковае і двухбаковае супрацоўніцтва па шырокім коле пытаньняў, у тым ліку ў Аўганістане, але пры ўмове заходняга прызнаньня Расеі вялікай дзяржавай ці роўным партнэрам.

Пагадненьне паміж ААН і АДКБ магло б стварыць магчымасьць для будучага супрацоўніцтва АДКБ і НАТО, а таксама ўзмацніць юрыдычную базу для міратворчых апэрацый і іншых апэрацый пры падтрымцы ААН унутры СНД.