Сёлета ў Беларусі сельскія прыватныя гаспадаркі адмовяцца ад больш як 50 тысяч дойных кароў. Такі эканамічны прагноз дало міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня.
СЛУХАЦЬ:
Афіцыйна паведамляецца, што з-за цяперашняй малочнай вайны з Расеяй у Беларусі застанецца найменшая за ўсе апошнія гады колькасьць кароў на прыватных падворках.
Пра гэтую, а таксама іншыя тэндэнцыі ў пэрыяд чарговага канфлікту паміж так званымі саюзьнікамі інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды”.
БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА
Чаму будзе збываць карову Аўгусьціна Бакун?
Чаму будзе збываць карову Аўгусьціна Бакун?
Сёлета беларуская ўлада двойчы зьмяншала закупныя кошты на малако. Агулам сырадой патаньнеў на 16 працэнтаў. На сёньня адзін літар малака ў краме каштуе ў сярэднім 1700 рублёў, хоць сырадой малаказаводы набываюць па 567 рублёў. Вяскоўцы гэтым незадаволеныя.
63-гадовая пэнсіянэрка зь вёскі Сяменча-1 Пружанскага раёну Аўгусьціна Бакун са сваім 67-гадовым мужам Васілём уручную нарыхтоўваюць сена, нават косяць разам. Частку малака здаюць у мясцовы саўгас. Але цяпер узьнікла праблема: малако ў іх прымаць адмовіліся.
Спадарыня Аўгусьціна: “Самі нарыхтоўваем. Гатовае прывозяць толькі тады, калі здасі цяля. Я сама кашу. Мы разам косім. Косіць муж. А я нават іншым разам уперад выскокваю”.
Суразмоўніца распавядае пра “падарунак”, які яны атрымалі за шчырую працу на карысьць саўгаса: яе зрабілі махляркай.
“Малаказборшчык, малады хлопец, прыехаў. Я пытаюся, як там тлустасьць. А ён кажа: „Вы з калодзежа вады налілі, і ў малацэ — вада“. Мяне гэта раззлавала. Я ніколі не наліваю. Я — сталы чалавек”.
Вада ў бутэльках даражэйшая, чым малако.
“Стала камісія правяраць — і тлустасьць павысілася”.
Злуецца гаспадыня на дзяржаву:
“600 рублёў плацяць за літру. Карацей, салодкая вада ў бутэльках даражэйшая, чым малако. І вось круцімся. Але ўжо будзем астатні год трымаць, таму што мужык адчувае сябе кепска”.
Уладзе выгадна людзей падманваць. Усё жыцьцё падманваюць!
“Проста ўраду выгадна людзей падманваць. Нас жа ўсё жыцьцё падманваюць. Сілы няма”.
Суразмоўніца кажа, што ўдзячнасьці за малако ёй не дачакацца:
“Калі я хадзіла на прыём да начальніка маслазаводу, ён мне сказаў: я ў гэтых сельскіх жыхароў зусім не прымаў бы малака. Чым яно горшае?”
Хоць я сама расіянка, але й там такі ж бардак.
“Вы ведаеце, чаму не пускаюць? Робіцца гэта для таго, каб тут лепшыя малаказаводы выкупіць, лапу накласьці на беларускія прадпрыемствы”, — кажа Аўгусьціна Піліпаўна, ураджэнка Ўралу, якая ўжо больш як 30 гадоў жыве на Беларусі. — “Хоць я сама расіянка, але там такі бардак! Жабракі! Камбікорм ядуць. Мне вось з дому пішуць лісты”.
БРАНШЧЫНА (Расея)
Крэдыты цягне ваш Лукашэнка з нашай Расеі
Крэдыты цягне ваш Лукашэнка з нашай Расеі
А што кажуць пра “малочную вайну” самі расейцы?
Меркаваньне жыхара райцэнтру Злынка Бранскай вобласьці, які назваўся Аляксандрам:
“Беларускае малако да нас цяпер не паступае. Вельмі кепска! Забаранілі продаж — не прывозяць. Нашы гандляры тлумачаць, што беларускія заводы на рамонце. Больш як тысячу найменьняў забаранілі — і дзіцячае харчаваньне, і ёгурты… Гэта ў праграме „Время“ наш галоўны санітарны ўрач Анішчанка выступаў. Маўляў, мы папярэджвалі, час давалі, а беларусы не варушыліся…”
Гэта — эканамічная нянавісьць.
“Гэта эканамічная нянавісьць, каб толькі сваё прадаць. А сваё — якасьць агідная, ніякай якасьці. З Карачава вязуць — гэта дзьвесьце кілямэтраў яшчэ за Бранскам. Малако прывозяць адтуль, а яно ўжо скісла. Станеш варыць — прапала”.
У гутарку ўступае расейская жанчына. Яна дае водпаведзь суседу, а заадно й палітыцы беларускага кіраўніка:
“Крэдыты цягне ваш Лукашэнка з нашай Расеі. У чатыры разы Беларусь меншая нават за Маскву, а крэдыты цягне. А мы як павінны жыць? Ні кватэры ў нас добрай няма, ні працы, ні заробкаў. На Расею наплявалі — усё ў Беларусь. Ваш Лукашэнка „разумны“ — ён усё адсюль, з Расеі бярэ”.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
Прадаваць малако можна ня толькі ў Расею
Прадаваць малако можна ня толькі ў Расею
На Гарадзеншчыне некаторыя малочныя заводы яшчэ год таму адмовіліся пастаўляць малочныя прадукты ў Расею.
Цяпер большасьць кіраўнікоў малочных прадпрыемстваў на Гарадзеншчыне не адважваюцца камэнтаваць сытуацыю з адмовай Расейскай Фэдэрацыі купляць іх прадукцыю.
Дырэктары яшчэ спадзяюцца на “старэйшага брата”.
“Я думаю, што разьбяруцца ва ўсіх гэтых праблемах. Гэта зьява часовая. Таму нічога канкрэтнага пракамэнтаваць па гэтым пытаньні не магу”.
Праўда, дырэктар сыраробчага заводу ў Вялікай Бераставіцы, спадар Іван, распавядаў, што ў панядзелак яны яшчэ адправілі машыну з сырамі і яна перасекла мяжу з Расеяй. Зьбіраюцца адгружаць яшчэ і ў пятніцу.
У Расею не прапускаюць малакавозы зь Гарадзеншчыны.
Дырэктар кажа: калі машыну не прапусьцяць, то яна вернецца назад, а прадукцыю ёсьць дзе скласьці.
Не сядзець жа і чакаць, пакуль зьявіцца добры пакупнік.
“Вядома, пераарыентавацца было няпроста, тым больш што мы доўгі час працавалі з Расеяй. А да ўсяго, наша прадпрыемства вялікае, і аб’ёмы вытворчасьці — адпаведна. У нас мінула больш як паўгода, пакуль мы напрацавалі новыя кантакты. Яшчэ і крызіс да ўсяго далучыўся”.
Загадчыца аддзелу маркетынгу кажа, што гандляваць з адным буйным пакупніком прасьцей, чым зь некалькімі дробнымі, але прадпрыемства дало рады і гэтай праблеме.
Спадарыня Натальля: “Натуральна, што спэцыфіка гандлю з такімі краінамі, як Казахстан, Азэрбайджан, Узбэкістан існуе практычна ва ўсіх плянах, але да ўсяго можна прыстасавацца, бо тавар трэба прадаць. Не сядзець жа і чакаць, калі прыйдзе адзін добры пакупнік і купіць увесь тавар ды яшчэ па зручным кошце. Гэта вынікаў ня дасьць”.
Даведка “Свабоды”
Паводле дадзеных Мінсельгасхарчу, сабекошт беларускага малака ў Беларусі дастаткова нізкі — $0,21 за кг. Такі ўзровень атрымліваецца таму, што большая частка фэрмаў ды іншых будынкаў для ўтрыманьня жывёлы былі пабудаваныя 30-40 гадоў таму і на гэты час яны амартызаваныя на 100%. Амаль на 30% фэрмаў пераважае танная ручная праца, там няма малакаправоду, а на асобных — нават лядоўняў. Заробкі жывёлаводаў не перавышаюць 300-400 тысяч рублёў у месяц. У сабекошце малака ня ўлічваюцца выдаткі на аднаўленьне асноўнага статку, а гэта трэцяя частка выдаткаў пры вытворчасьці малака.