Малочная вайна — адказ на “Ўсходняе партнэрства”
Чаго дамагаецца Расея, забараніўшы імпарт беларускай малочнай прадукцыі? Якія стратэгічныя памылкі Менску выявіла малочная вайна? Пра гэта разважаюць беларускія і расейскія палітолягі.
Беларускі малочны асартымэнт у Расеі скараціўся ў 30 разоў
Ад ранейшых 1500 найменьняў, якія завозіліся зь Беларусі, на паліцах расейскіх крамаў засталіся паўсотні.
Ці варта беларускім вытворцам пачынаць падлічваць страты?
Жыхары Смаленшчыны: беларускае малако шкоднае
Брудныя беларускія фэрмы. Фотарэпартаж
Большасьць жывёлагадоўчых фэрмаў у Беларусі будавалася 30—40 гадоў таму.
У Беларусі цяпер больш як 1,2 мільёна малочных кароў утрымліваюцца ў сельскагаспадарчых арганізацыях і менш за 230 тысяч — у падсобных гаспадарках насельніцтва.
Малако зьліваюць у сіласную яму
Расейцы ўдарылі па беларускім малаку яшчэ й рублём
Расейскія грамадзяне ў памежных зь Беларусьсю раёнах — супраць “малочнай вайны”, распачатай, як яны лічаць, вярхамі абедзьвюх дзяржаваў.
ХРОНІКА МАЛОЧНАЙ ВАЙНЫ
29 траўня. Менску нагадваюць пра недапушчальнасьць грэблівага стаўленьня да расейскага заканадаўства
Паводле кіраўніка “Роспотребнадзора”, галоўнага дзяржаўнага санітарнага доктара Расеі Генадзя Анішчанкі, 29 траўня афіцыйнаму Менску накіраваны адмысловы ліст, у якім яшчэ раз нагадваецца пра недапушчальнасьць грэблівага стаўленьня да расейскага заканадаўства. Расейскі бок патрабаваў прывесьці беларускую прадукцыю ў адпаведнасьць да расейскіх тэхстандартаў. Ён адзначыў, што ў сьнежні мінулага года ў Расеі ўведзены новы тэхнічны рэглямэнт на малочную прадукцыю, і Беларусь яго не выконвае.
5 чэрвеня. Лукашэнка: "Будзем падыхаць, выліваць гэта малако, але вы так пытаньне ставіць не будзеце”
Расейскія і беларускія СМІ друкуюць інтэрвію расейскім мэдыям кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён заявіў, што Расея адмаўляцца купляць малако, пакуль Беларусь “не аддасьць малакаперапрацоўчыя заводы”. Ён працытаваў Дзьмітрыя Мядзьведзева, які заявіў: ”Мы хацелі б паўдзельнічаць у інвэстыцыях у вашу малакаперапрацоўчую прамысловасьць”. Паводле А.Лукашэнкі, “ва ўрадзе канкрэтызавалі – малака не будзе ў Расеі, пакуль не аддасьце заводы”. А.Лукашэнка заявіў, што “так размаўляць мы не дазволім, Будзем, кажу, падыхаць,выліваць гэта малако, але вы так пытаньне ставіць не будзеце”.
5 чэрвеня. Пуцін: "Патрэбны мэханізм аб'ектыўнага кантролю"
Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў на нарадзе ў пытаньнях разьвіцьця жывёлагадоўлі пра неабходнасьць распрацоўкі мэханізму аб’ектыўнага кантролю, каб выключыць сытуацыі, калі пад выглядам айчыннага малака дзяржаве прапануецца малако, вырабленае за мяжой.
5 чэрвеня. Саўчанка: "Беларусь зьнішчае нашу малочную галіну”
Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін выказаўся за фармаваньне адзіных умоваў датацыяў сельгасвытворцаў Расеі і Беларусі. Ён даў зразумець, што Расея гатова прыняць меры па абароне сваіх вытворцаў.
Падчас сустрэчы з губэрнатарамі Ў.Пуцін прызнаў, што датацыі, якія Беларусь дае свае вытворцам цэльнага малака дасягаюць 24%, у той час як у Расеі гэтыя датацыі складаюць толькі 3%. Губэрнатар Белгародзкай вобласьці Яўген Саўчанка паведаміў, што імпарт цэльнага малака зь Беларусі ў Расею складае 2 мільёны тон у год. Ён заявіў, што Беларусь “зьнішчае нашу малочную галіну”.
6 чэрвеня. Бамбіза: "Беларусь не вядзе малочнай вайны"
Расея ўвяла забарону на ўвоз і абарот амаль 600 відаў малочнай прадукцыі зь Беларусі. “Роспотребнадзор” заявіў, што беларускія вытворцы не захоўваюць расейскі тэхрэглямэнт на малако, які ўведзены ў Расеі ў 2008 годзе. Пад забарону трапілі беларускае малако, тварог, кефір, ражанка, сьмятана, сыр, ёгурты, глазаваныя сыркі, марозіва і іншыя прадукты. У тым ліку, па-за законам апынуліся звыш 650 тон сьметанковага масла і больш за 100 тон сухога малака, пастаўленых у Расею. Забарона на пастаўкі тычыцца вядомых у Расеі вытворцаў: "Савушкін прадукт", "Санта Брэмар" і "Малако".
Віцэ-прэм’ер Беларусі Іван Бамбіза заявіў пра адсутнасьць малочнай гандлёвай вайны. Ён адзначыў, што “практычна па ўсіх відах прадукцыі, якія пастаўляюцца ці плянуюцца да пастаўкі ў Расею ў 2009 годзе, аформлены дакумэнты, атрыманы пацьверджаньні ад “Роспотребнадзора”. На некаторую прадукцыю такія дакумэнты не атрыманыя, бо яна альбо ўжо не вырабляецца, альбо не плянуецца да экспарту ў Расею. Некаторыя прадпрыемствы не пасьпелі завершыць афармленьне дазвольных дакумэнтаў, хаця імі накіраваны звароты ў “Роспотребнадзор”.
8 чэрвеня. Качан: "Расея пасьпяшалася з забаронай"
Кіраўнік “Роспотребнадзора”, галоўны дзяржаўны санітарны доктар Расеі Генадзь Анішчанка заявіў, што Расея гатова да перамоваў зь Беларусьсю аб аднаўленьні паставак малака ў Расею, але толькі з тымі афіцыйнымі асобамі, якія кампэтэнтныя ў гэтым пытаньні.
Напярэдадні намесьнік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Валянціна Качан назвала заўчасным рашэньне аб забароне на ўвоз зь Беларусі ў Расею малочнай прадукцыі. Яна заявіла, што “ўся праца па перарэгістрацыі малочнай прадукцыі, якая пастаўляецца, была своечасова праведзена”.
9 чэрвеня. Анішчанка: "Анулюю прапанову аб працягу перамоваў зь беларусамі"
Кіраўнік “Роспотребнадзора”, галоўны дзяржаўны санітарны доктар Расеі Генадзь Анішчанка заявіў, што анулюе сваю прапанову, выказаную раней беларускаму боку, пра магчымыя перамовы ў пытаньні аднаўленьня паставак малочнай прадукцыі зь Беларусі ў Расею. Г.Анішчанка заявіў, што ён прыняў такое рашэньне з-за камэнтароў беларускіх афіцыйных асобаў пра нібыта надуманасьць расейскіх прэтэнзій.
9 чэрвеня. Яшчэ 593 прадукты пад забаронай
Расейскі “Роспотребнадзор” прыпыніў дзеяньне санітарна-эпідэміялягічных заключэньняў яшчэ на 593 найменьні малочнай прадукцыі зь Беларусі.
9 чэрвеня. Забаронена ўсё
На тэрыторыю Расеі забаронены ўвоз практычна ўсёй беларускай малочнай прадукцыі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Фэдэральнай службы па наглядзе ў сфэры абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека Расеі Генадзь Анішчанка 9 чэрвеня ў эфіры тэлеканала "Вести 24", перадае РІА “Новости”.
9 чэрвеня. Лаўроў: "Гэта ня санкцыі"
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што забарона на ўвоз малочнай прадукцыі зь Беларусі не зьяўляецца санкцыямі.