Малако зьліваюць у сіласную яму

Бойкі гандаль малаком на рынку ў Баранавічах.

У цяперашняй малочнай вайне Расея вінаваціць Беларусь за дрэнную якасьць прадуктаў. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці?


ГОМЕЛЬШЧЫНА
“Гэта жах нейкі! 12 тон таго малака было…”

Сёньня на Радыё Свабода патэлефанавалі з СПК імя Ўльянава Петрыкаўскага раёну. Жанчыны назваліся мясцовымі даяркамі і паведамілі, што малако з фэрмы не прымае калінкавіцкі завод “Белсыр”. Са словаў адной з суразмоўніц, малако, якое вяртаецца з Калінкавічаў, выліваюць у сянажную траншэю.

“Назад прывезьлі калгаснае малако і зьлілі яго ў сіласную яму. Гэта жах нейкі! 12 тон таго малако было, а можа і больш…”

Галоўны заатэхнік СПК імя Ўльянава Ігар Каваленя, якога я папрасіў патлумачыць канфліктную сытуацыю з малаком, знаходзіць невыразныя і непераканальныя апраўданьні:

“Вярталі нам малако. Можа, там штосьці змывалі, то і трапіла малако ў яму. Ня ведаю… А звычайна сілас мы паліваем… ну, як гэта? Кансэрвантам. Але з малаком такое было ўсяго толькі адзін раз. У асноўным вернутым назад малаком поім цялят ці сьвіней…”

МАГІЛЁЎ
На Магілёўшчыне ў крызіс будуюць малочныя комплексы

На перапрацоўчых прадпрыемствах Магілёўшчыны сьцьвярджаюць, што кантроль за якасьцю малочнай сыравіны вядзецца безупынна і ўся яна перапрацоўваецца.

Я гутарыў са спэцыялістамі Чавускага масласыраробчага заводу. Адзін зь іх заяўляе наступнае:

“Штодзённа аналіз робіцца на антыбіётыкі і інгібіруючыя рэчывы. Канечне, з антыбіётыкамі малако не прымаецца. Малочная прадукцыя, якая пастаўляецца ў Расею, вырабляецца толькі з цэльнага малака. Сёньня малака цэльнага даволі і для Беларусі, і для Расеі”.

Паводле суразмоўцы, малако ад насельніцтва паводле якасьці не задавальняе перапрацоўчыя прадпрыемствы:

“Яно было заўжды па цане закупной вышэй, але па якасьці горшае. Зь яго прадукцыю экспартную ня зробіш. Тут трэба думаць, куды яе пускаць”.

У гэтым канфлікце зашмат палітыкі.
Кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў заяўляюць, што ў параўнаньні зь мінулым годам патрабаваньні да якасьці малака значна ўзрасьлі.

“Тут лябаранты і заатэхнікі з раёну прыяжджаюць. Гэта проста перадузятыя адносіны з боку Расеі. Ня ведаю, чаму нашы „старэйшыя браты“ перадузята ставяцца. Тут палітыкі болей”, — наракае прадстаўнік адміністрацыі чавускага сельгаскаапэратыву “Дужаўка”.

Ягоны калега з каапэратыву “Галавенчыцы” мяркуе, што расейцы распачалі малочную вайну, каб змусіць беларусаў прадаць малакаперапрацоўчыя заводы:

“Калі рынак наш закрыюць на Расею, — нас ужо ў прынцыпе закрылі, нашу прадукцыю ня хочуць браць, — то яно так і будзе, хутчэй за ўсё. Нам проста ня будзе куды падзецца. Самі такую колькасьць малака мы спажыць ня зможам. Наш унутраны рынак яго не рэалізуе на сто працэнтаў”.

На Магілёўшчыне расейцам прадалі пакуль толькі адно малакаперапрацоўчае прадпрыемства — Горацкі масласыраробны завод, які вядомы цяпер пад брэндам “Малочныя горкі”. Як удалося высьветліць, праблемаў з рэалізацыяй яго прадукцыі на расейскім рынку няма.

Сельгаспрадпрыемствы, нягледзячы на цяжкасьці з рэалізацыяй прадукцыі на расейскім рынку, не зьбіраюцца зьмяншаць аб’ёмы вытворчасьці малака. Напрыклад, у згаданых каапэратывах будуюцца комплексы на пяцьсот і сямсот галоў малочнага статку. Іх узьвядзеньне кантралюе Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня. Толькі яно можа вырашаць лёс будоўлі комплексаў.

БАРАНАВІЧЫ
Людзі пра малако ў крамах: “Там… хімія”


У Баранавічах на рынках паўтара літра малака каштуе ад 1200 да 2000 рублёў. Пакупнікі набываюць яго ахвотна. Пасьля 10-й гадзіны раніцы малако знайсьці ўжо цяжка. Пра якасьць прадукту на рынку даведваўся Анатоль Кругавец.

Прыватныя гандляры неахвотна размаўляюць пра малочную вайну Беларусі і Расеі. Затое хваляць тое, што прапануюць самі: малако, масла, тварог, сыр.

“Па 1800 бярыце. Сьвежае, ранішняе, харошае малачко. Астатняя бутэлечка засталася”, — яшчэ не пасьпеў я падысьці, як пачала казаць цётка Зіна зь вёскі Даманава.

Яна ўпэўненая ў якасьці свайго тавару.

“Вось пакаштуйце. Я прыеду і ў пятніцу. Прыйдзеце — мне скажаце. Калі кепскае, то скажаце: “У вас кепскае малако”.

Цётка Зіна, як і іншыя, мае сталую кліентуру.

“Па-першае, я сьпяшаюся на электрычку. А па-другое, у мяне засталася адна бутэлька. Усё прадала. У мяне была сьмятана, і тварог, і масла. У мяне свае пакупнікі. Застаецца, калі нехта зь іх ня прыйдзе”.

У нас малако зь вяршкамі. Там — ваду дабаўляюць.
Суразмоўніца адзначае прынцыповыя, на яе погляд, перавагі хатняй малочнай прадукцыі перад той, якая вырабляецца беларускімі малаказаводамі:

“У нас малако зь вяршкамі. Мы не разбаўляем. А там усё адбіта, перабіта на масла, на сыр”.

Прадавачка зь іншай вёскі дадае:

“Там хімія. Туды вады дабавяць. Натуральная тлустасьць — 4,1%. Можаце пакаштаваць”.

Гучаць заўвагі і ад дзеда Рыгора, таксама прадаўца:

“А мы самі пакуль спажываем і ніколі не кіпяцім. У мяне восем унукаў. Там жа сотні кароў. А тут адна карова. Карова правераная. Усё нармальна. Здаровая”.

Дзед Рыгор кажа, што Расея безь беларускай прадукцыі застанецца галоднай. Але, паводле яго слоў, усё ўпіраецца ў палітыку, а ня ў якасьць беларускіх прадуктаў:

“Палітыка зьвязана з гэтым. Кожны хоча, каб прадукцыю сваю бралі. Там жывуць за кошт газу, нафты. А ўсё — прывазное. Там нечым хочуць „накалоць“ Беларусь”.



Камэнтар “Свабоды”.

Паводле папярэдняй дамовы, “Свабода” спадзявалася на тлумачэньні й развагі двойчы героя сацыялістычнай працы Ўладзімера Бядулі. Ён і цяпер амаль заўсёды прысутнічае на розных сходах ды ўрачыстасьцях як у Менску, так і ў Маскве. Але сёньня Ўладзімер Бядуля быў, як кажуць, не ў настроі. Пасьля вітаньня карэспандэнта “Свабоды” знаны гаспадарнік заявіў:

“Не хачу ўцягваць сябе ў гэтую справу. Не хачу!”