20 траўня спаўняецца 55 гадоў беларускай службе Радыё Свабода. Да гэтай даты выйшла кніга “Адзін дзень палітвязьня” – 15-е выданьне ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У новай кнізе – гісторыі 41 беларускага палітвязьня з 1996 да 2008 году. Пра новую кнігу “Свабоды” – мовазнаўца і першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі.
– Першае ўражаньне… Пачаў гартаць, думаю: “Проста нейкія запісы гістарычныя, ці што?” Але калі пачаў чытаць, проста зразумеў, што гэта надзвычай цікавае выданьне. Калі стаіш блізка і на нешта глядзіш, яно бачыцца так. Калі адысьці далёка, яно бачыцца зусім інакш. Я маю на ўвазе, што празь нейкі час, як піша Аляксандар Лукашук у сваёй цікавай, мастацкай прадмове, праз 100 гадоў будзе зразумела, што гэта былі вялікія падзеі. Сама назва “Адзін дзень...”, і адразу прыходзіць у галаву “Івана Дзянісавіча”. Гэта адзін дзень з жыцьця тых, хто пераадолеў страх.
І ў той жа час людзі, якія былі вязьнямі сумленьня, кажуць, што іх падтрымлівалі, пісалі лісты, сустракалі і гэтак далей... Але я як чалавек, які 3-4 разы ў жыцьці нешта падобнае перажыў – мяне некалькі разоў аднекуль выганялі, галадоўка была, нас, дэпутатаў Вярхоўнага Савету, там білі, – я разумею, што пад гэтай вокладкай сабраныя, я не скажу пакуты, а нейкі адчай. Я скажу, што людзі гэтыя, хоць яны кажуць, што заўсёды адчувалі нейкую падтрымку, яны ў многіх адносінах былі адзінокімі. Іх – меншасьць. Колькі яны перажылі... Калі ўсё разам браць, то гэта страшэнная кніжка.
Вось я пачытаў уважліва пра Вячаслава Сіўчыка, хоць яго й добра ведаю. Божачка, колькі разоў яго арыштоўвалі, колькі ён галадаў. Я нават думаю не пра яго, а пра яго маці і жонку...
Што такое дыктатура? Гэта нежаданьне зразумець творчага чалавека. І прыніжэньне таленту, прыніжэньне творчага, вольнага чалавека – гэта і ёсьць самае вялікае злачынства. Гэта, можа быць, самае галоўнае ўражаньне. Зноў жа згадваецца Алесь Разанаў. У яго ёсьць такое – чалавек вынікае з папярэдняга і кожны раз паўтарае скарочаны курс свайго жыцьця. І з кожным разам маштаб таго, што было, сьціскаецца, а значэньне павялічваецца. Гэтая кніжка, як фрэска. Трэба перачакаць час і паглядзець на гэта з далёкага часу. Гэта сапраўды гісторыя.
Адзін дзень 41 палітвязьня на Радыё Свабода