Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур адказаў на пытаньні наведнікаў сайту “Свабоды”.
Яўген Orca, Маладзечна: “Спадар Мур, ці не зацікаўленыя ЗША ў тым, каб Беларусь пасварылася з Расеяй, як Расея зацікаўлена ў тым, каб Беларусь, акрамя Расеі, нікому больш не была патрэбная?”
Джонатан Мур: “Я чуў шмат разоў і сам казаў шмат разоў: Беларусь можа зьмяніць свая эканамічную сыстэму, можа зьмяніць сваю палітычную сыстэму, але ня можа зьмяніць свайго геаграфічнага месца. Беларусь зьяўляецца суседкай Расеі і мае шмат сувязяў з Расеяй, уключна з энэргетычнай залежнасьцю. Аднак мы не глядзім на Беларусь праз маскоўскую прызму. Мы глядзім на Беларусь як на сувэрэнную, незалежную краіну са сваёй будучыняй, і хочам, каб яна засталася сувэрэннай і незалежнай краінай. Ці мае Беларусь добрыя або дрэнныя адносіны з Расеяй, ці маюць Злучаныя Штаты добрыя або дрэнныя адносіны з Расеяй — гэта не ўплывае на наша бачаньне Беларусі”.
Мы глядзім на Беларусь як на сувэрэнную, незалежную краіну
Ян Максімюк, Прага: “У нядаўнім інтэрвію Agence France-Presse прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ў яго былі сяброўскія адносіны з былым прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. Таму ў сувязі з назначэньнем Гілары Клінтан дзяржсакратаром у адміністрацыі Барака Абамы, прэзыдэнт Лукашэнка выказаў надзею, што Вашынгтон хутка ўзновіць “нармальны дыялёг” зь Менскам. Як вы ацэньваеце шанцы ўзнаўленьня такога дыялёгу пры новай амэрыканскай адміністрацыі? І ці не маглі б вы паведаміць нейкія падрабязнасьці наконт таго, калі і ў якой форме Аляксандар Лукашэнка разьвіў сяброўскія адносіны зь Білам Клінтанам?”
Мур: “Як кіраўнікі сваіх дзяржаваў, прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустракалі адзін аднаго на розных самітах і паседжаньнях у Эўропе. Прэзыдэнт Клінтан з жонкай, якая неўзабаве стане дзяржсакратаром ЗША, наведалі Беларусь у 1994 годзе. Я ня думаю, што ён тады сустрэўся з Лукашэнкам. Мяне тады ў Беларусі не было, таму я ня ведаю дэталяў, але гэта быў вельмі кароткі візыт. Я лічу важным, што нашая будучая дзяржсакратарка была ў Беларусі, што яе ўжо цяпер інфармуюць пра сытуацыю ў сьвеце, уключна зь Беларусьсю. Але не менш важна і тое, што ў часе прэзыдэнцтва Біла Клінтана беларуска-амэрыканскія адносіны павярнуліся ў вельмі нэгатыўным кірунку. Тады якраз загінулі два амэрыканцы, калі іхны паветраны шар зьбілі над Беларусьсю ў верасьні 1995-га. Таксама ў часе прэзыдэнцтва Біла Клінтана нашага амбасадара прымусілі пакінуць рэзыдэнцыю ў Драздах каля Менску, разам з групай эўрапейскіх амбасадараў. Насамрэч, ужо тады мы мелі паверанага ў справах ЗША, а не амбасадара — гэта значыць, такую сытуацыю, як і цяпер, — цягам амаль году. Таму погляд адміністрацыі Клінтана на Беларусь зьмяняўся са станоўчага на адмоўны. Але я цалкам упэўнены, што Гілары Клінтан як дзяржсакратар самастойна складзе сабе думку пра Беларусь. Яна, вядома ж, будзе паінфармаваная намі з амбасады ды нашымі калегамі зь Дзяржаўнага дэпартамэнту пра сытуацыю ў Беларусі”.
Джон: "Калі амбасада ЗША адновіць выдачу ўязных візаў грамадзянам Беларусі?"
Мы ня зможам аднавіць візавыя службы да таго часу, пакуль амбасада ня будзе мець поўны камплект супрацоўнікаў
Сяргей, Піншчына: "Паважаны спадар Мур, адкажыце, калі ласка, чаму апошнім часам стала столькі шмат адмоў па гасьцявых візах у ЗША для беларусаў, і чаму ваша пасольства не вяртае (як эўрапейцы) грошы за паслугу ў выпадку той жа адмовы?"
Мур: "Па-першае, варта зазначыць, што пераважная большасьць беларусаў, якія зьвяртаюцца па візы, атрымоўваюць іх. Наколькі я ведаю, гэта значна больш за палову, магчыма 75 працэнтаў тых, хто зьвяртаецца па візу. Гэта праўда, што ня ўсе атрымоўваюць візы – ёсьць канкрэтныя прычыны ў кожным выпадку, і кожны выпадак уважліва разглядаецца. Што тычыцца невяртаньня грошай, мы проста выконваем тыя правілы і законы, што існуюць у ЗША. Даводзіцца плаціць за разгляд дакумэнтаў незалежна ад таго, атрымаеце вы візу ці не. У некаторых краінах трэба плаціць дадатковую суму, калі вам выдаюць візу. Мы ня можам зрабіць вынятак толькі для беларусаў і вяртаць грошы. Такім чынам цяпер фінансуецца значная частка нашай консульскай, візавай працы, таму мы ня можам зрабіць вынятак толькі для Беларусі".
Віктар, Ліён: "Сп.Мур, ці да канца разумеюць ЗША, што самае галоўнае чаго пазбаўлены беларусы – гэта выбіраць сабе ўладу, прэзыдэнта? Вось ключ да перамен – мець выбар! Вы згодны? Дзякуй".
Мур: "Злучаныя Штаты моцна перакананыя, што народ Беларусі павінен мець магчымасьць выбраць шлях разьвіцьця, сваіх палітычных лідэраў, сваю ўнутраную і міжнародную палітыку. Так, адна з нашых галоўных заклапочанасьцяў (а іх шмат у сфэры правоў чалавека) – гэта недахоп магчымасьцяў для беларусаў рабіць свой ўласны выбар".
Віктар, Гомель: "Паважаны спадар амбасадар, што вы можаце сказаць аб праграме рэфармаваньня Беларусі, вядомай пад назвай "Дарожная карта" А.Мілінкевіча? Дзякуй".
Мур: "Па шчырасьці, я ня ведаю дэталяў "дарожнай мапы" спадара Мілінкевіча. Я час ад часу сустракаюся зь ім – апошні раз мы бачыліся на прыёме з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах месяц таму. Я думаю, што ёсьць шмат падыходаў да таго, як трэба разьвівацца Беларусі. Гэта вяртае нас да папярэдняга пытаньня – мы б хацелі, каб беларускі народ сам выбраў, як краіна мае рухацца наперад у палітыцы і эканоміцы і сацыяльнай сфэры".
Карэспандэнт: "Якое стаўленьне ЗША да умоваў, якія вылучае Беларусі Эўразьвяз?"
Усходняе партнэрства - яшчэ адзін вельмі пазытыўны знак з боку Эўразьвязу ў дачыненьні для ўсіх людзей Беларусі
Аляксей Бондар: "Спадар Мур, як вы ставіцеся да нашай "справы 14-ці", па якой мяне і большасьць іншых актывістаў асудзілі на 2 гады абмежаваньня волі, а А. Кіма – на 1,5 года пазбаўленьня волі? Ці ставяць ЗША адной з умоў паляпшэньня адносінаў з Беларусьсю адмену прысуду па гэтай справе?"
Мур: "Мы вельмі занепакоеныя ўсімі выпадкамі, калі ў Беларусі людзей асуджаюць на палітычных працэсах ці з палітычных прычынаў. Нават сёньня, 8 сьнежня, адзін з маіх калегаў знаходзіцца на судзе над Аляксандрам Баразенкам. Мы вельмі ўважліва сочым і за справай гэтага абвінавачанага ў "справе 14-ці". Відавочна, што скасаваньне абвінавачваньняў супраць вас ды іншых асуджаных у "справе 14-ці" было б пазытыўным крокам. Мы аднак не падзяляем высновы некаторых людзей ў Беларусі, што хатні арышт у гэтых умовах раўназначны асуджэньню абмежаваньнем свабоды на гэтак званай "хіміі" ці турэмнаму зьняволеньню на 6 месяцаў ці даўжэй. Але пры гэтым мы заклапочаныя ўсімі выпадкамі палітычных прысудаў, і адмена гэтых прысудаў была б пазытыўным крокам".
Віктар, Гомель: "Шчыра дзякуй ЗША за падтрымку Радыё Свабода і ўвогуле дэмакратычнага руху на Беларусі. Лічу ЗША узорам дэмакратыі, да якога трэба набліжацца".
Мур: "Вялікі дзякуй за камэнтар. Нідзе ў сьвеце няма дасканалай дэмакратыі. Ёсьць знакамітая цытата з Ўінстана Чэрчыля, што дэмакратыя – найгоршая форма ўраду, калі не лічыць усе астатнія. Мы шмат чаму вучымся ў Злучаных Штатах – я думаю, што нашы сёлетнія прэзыдэнцкія выбары паказваюць, што дэмакратыя ў нашай краіне разьвіваецца, і я ганаруся гэтым. Дзякуй вам за добрыя пажаданьні".
Кірыл: "Шаноўны сп. Мур, я чуў, што праграма падтрымкі дэмакратычнага руху Беларусі, якую каардынаваў USIS, перагледжаная і скарочаная на карысьць іншых, не зьвязаных з прадэмакратычнымі НДА. Пракамэнтуйце, калі ласка".
Што тычыцца праграмы малых грантаў амбасады. Мы спадзяемся аднавіць яе ў іншай форме ў даволі хуткім часе
АК: "Может ли житель Беларуси купить жильё в США и даёт ли эта покупка право жить там?"
Мур: "Беларусы могуць набыць маёмасьць у ЗША. Яны могуць купіць дом, могуць купіць зямлю, могуць браць нешта ў арэнду. Але само па сабе валоданьне маёмасьцю ў ЗША не дае вам права жыць там. Каб жыць у ЗША, трэба мець адпаведны юрыдычны статус".
Даша, Менск: "Ёсьць вялікія праблемы з інтэрнэт-шопінгам у ЗША. Большасьць інтэрнэт крамаў адмаўляюцца высылаць тавары ў Беларусь, хаця адсылаюць, напрыклад, у Літву. Як можна паўплываць на сытуацыю? Бо беларусы б з задавальненьнем набывалі рэчы ў ЗША".
Мур: "Гэта цікавае пытаньне. Я не задумваўся пра інтэрнэт-закупкі са Злучаных Штатаў. Некаторыя кампаніі маюць засьцярогу, ці дойдзе да адрасата тое, што будзе замоўлена і даслана. Я чуў гісторыі пра цяжкасьці з атрыманьнем пасылак у Беларусі. Калі вы не атрымаеце пасылкі, то можаце выставіць рахунак кампаніі на вяртаньне грошай. У сэнсе фінансавых апэрацый, Беларусь пакуль што яшчэ ня тое месца, дзе амэрыканскія кампаніі могуць актыўна рабіць свой бізнэс. Натуральна, цяпер яшчэ й вельмі цяжкая агульная эканамічная сытуацыя. Я думаю, што з разьвіцьцём і рэфармаваньнем эканамічнай і банкаўскай сфэры ў Беларусі, такія магчымасьці зьявяцца ў будучыні".