Жаліба: Сёньня крызіс не дасягнуў дна

Госьць “Начной Свабоды” — доктар эканамічных навук прафэсар Барыс Жаліба.


Соўсь:
Скажыце, калі ласка, ці адчулі Вы на сабе, на сваёй сям’і наступствы фінансавага крызісу?

Жаліба: Асабіста не адчулі, і слава Богу. Таму што канкрэтна адчувае гэта той, хто атрымаў датэрміновы адпачынак за ўласны рахунак, або скарачэньне заробку, або, што горш за ўсё, пазбавіўся сваёй пасады з прычыны скарачэньня штатаў. Ёсьць такія факты, на жаль, у рэспубліцы. І ўсё гэта, відавочна, — наступствы сусьветнага фінансавага крызісу, які да нас, як кажуць, дабраўся.

Соўсь: Упершыню амаль за паўтара дзесятка гадоў пастановай ураду была зьменшаная тарыфная стаўка першага разраду, якая наўпрост уплывае на заробкі бюджэтнікаў. Калі раней гэтая велічыня складала 91 тысячу рублёў, то цяпер 77 тысяч. Тарыфная стаўка зьменшана да ранейшага памеру. Паводле новых ставак бюджэтнікі атрымалі заробкі толькі ў лістападзе. А старшыня прафсаюзаў працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў у інтэрвію “Свабодзе” адзначыў, што гэта першы выпадак зьніжэньня тарыфнай стаўкі першага разраду, пачынаючы ад 1994 году. Далей яна толькі падвышалася, што дазваляла ўладам казаць пра сыстэмны рост заробкаў у Беларусі.

Бухвостаў: Я нават не разумею, якое яны даюць гэтаму эканамічнае абгрунтаваньне. Няхай эканомяць бюджэтныя сродкі там, дзе яны перагнулі: на АМАП, у Сідорскага павінен заробак упасьці. Думаю, што яны знойдуць магчымасьць кампэнсаваць страты.

Соўсь: Спадар Барыс, якую частку сярод працаздольнага насельніцтва займаюць бюджэтнікі? Каго гэтыя зьмены закрануць найбольш? Ну, напрыклад, супрацоўнікі праваахоўных ворганаў маюць шэраг іншых даплатаў, напрыклад, такіх даплатаў ня маюць настаўнікі. Як Вы лічыце?

Барыс Жаліба
Жаліба: Які ўзровень заробкаў у якіх бюджэтнікаў — гэта іншая праблема. Канечне, тут можна разважаць, што Міністэрства абароны атрымлівае больш, чым настаўнікі і ўрачы, але рэч ня ў гэтым. Я тут павінен абараніць урад. Бюджэтнікаў адна траціна. Усе павінны ўлічваць, што другі год ужо ідзе сусьветны фінансавы крызіс. Прыйшоў ён з ЗША. І паводле прынцыпу даміно пайшоў на Заходнюю Эўропу, дасягнуў Расеі, праз Расею (як вы ведаеце, у нас да паловы тавараабароту з Расеяй агульнага) дасягнуў беларускай эканомікі. Калі быць больш канкрэтным, звузіўся попыт на нашы першыя экспартныя тавары: на нафтапрадукты, на калійныя ўгнаеньні як з боку Расеі, так і з заходняга боку. Мы не атрымліваем валюты ў такіх памерах, як раней, мы не атрымліваем мытаў, якія папаўнялі бюджэт. І гэта змушае ўрад ісьці на такія непапулярныя меры, як скарачэньне бюджэтных выдаткаў Усе адпрацавалі свае заробкі, і гэта тычыцца ўсіх: што рабіць? Можна абвінавачваць урад, што трэба было прадугледжваць, што крызіс нас усё ж закране, і не падвышаць заробкі, каб потым не расчароўваць людзей. Такая сёньня сытуацыя, што трэба эканоміць кожнаму прадпрыемству, таму што статыстыка сьведчыць, што ідзе назапашваньне гатовай прадукцыі з прычыны зьніжэньня пакупніцкага попыту і ўнутры краіны, і з боку Расеі, і з боку Захаду. Ідзе недахоп рэалізацыі. Кожнаму прадпрыемству трэба прымаць захады па скарачэньні рознага роду выдаткаў, рацыянальных і нерацыянальных, і гэта адбіваецца на заробках. Я лічу, што абураюцца тыя людзі, якія не адсочваюць сытуацыю, гэта сусьветная сытуацыя.

Ганна Соўсь
Соўсь:
Дарэчы, сёньня я прачытала ў чэскай прэсе пра тое, што, нягледзячы на фінансавы крызіс, міністар працы Чэхіі Пётр Нішас прапанаваў павялічыць заробкі дзяржаўным служачым. Назваў суму 2,7 мільярда крон, гэта прыкладна 135 мільёнаў даляраў. Ён тлумачыць гэтае рашэньне тым, што ў такім выпадку дзяржаўныя служачыя будуць больш матываваныя. І ён жа ў той час адзначае, што ў прыватным сэктары шмат людзей губляюць працу, не атрымаўшы нават перадкаляднай прэміі. Як Вы мяркуеце, якія спосабы найбольш выніковыя ў процістаяньні фінансаваму крызісу, апроч зьніжэньня заробкаў?

Жаліба: Эканомяць усе. Можа, у Чэхіі нейкія фінансавыя рэзэрвы, назапашваньні ёсьць альбо гэта для асабістай рэклямы — я ня ведаю, гэта справа чэхаў. Меры прымаюць і ЗША, і Захад на эканоміі, на тое, каб выдаць крэдыты банкам — асноўным фінансавым інстытутам, каб устаялі. Канечне, і нам трэба прымаць нейкія меры і абараняць людзей. Напрыклад, на сустрэчы прэзыдэнта з кіраўнікамі Нацбанка і зь Сідорскім, ён паставіў пытаньне рубам: крызіс крызісам, але рабіць трэба ўсё, каб пазьбегнуць скарачэньня працоўных месцаў, скарачэньня заробкаў і г. д. Пажаданьні такія ёсьць, але як іх суаднесьці з рэаліямі?
Па разьліках найгоршая сытуацыя нас чакае ў наступным годзе.
Трэба неяк імкнуцца ўлагодзіць гэты крызіс. Тут мы можам спадзявацца на ўрад, на Нацбанк, але трэба мець на ўвазе, што крызіс закране кожнае прадпрыемства. Кожнае прадпрыемства павінна вырашыць, як рацыяналізаваць выдаткі, што зрабіць, каб рэалізаваць сваю прадукцыю і г. д. Гэта датычыць кожнага кіраўніка. Сёньня крызіс не дасягнуў дна. Па разьліках найгоршая сытуацыя нас чакае ў наступным годзе, як некаторыя кажуць, у першым-другім квартале. Я б зь імі пагадзіўся, гэта трэба быць яшчэ аптымістам, каб гэта ўсё скончылася наступным годам.

Соўсь: Спадар Барыс, як на Вашу думку, ці ня можа быць спалучэньне “фінансавы крызіс” цяпер апраўданьнем фактычна для любой складанай сытуацыі? Ім можна апраўдаць і нядбайнасьць, і састарэлыя тэхналёгіі, і любыя непапулярныя рашэньні.

Жаліба: Атрымліваецца, што простыя людзі ў курсе сусьветнага крызісу ў большай ступені, чым кіраўнікі. Можа ўзьнікнуць імкненьне некаторых кіраўнікоў розныя недахопы, марнатраўства, нядбайнасьць сьпіхнуць на ўмовы крызісу. Асабліва небясьпечна, калі гэта кіраўнікі высокага рангу. Наконт гэтага прэзыдэнт слушна сказаў: “Лічыце, што крызісу няма”. Канечне, гэта трэба разумець адносна. Але, зь іншага боку, трэба адзначыць, што ўрад не зусім прадугледзеў сытуацыю, як яна будзе разьвівацца і як закране Беларусь. Калі ўзяць такі прыклад, прадпрымальнікі з новага года пераходзяць на ўмовы аплаты падатку на даданую вартасьць, як і юрыдычныя прадпрыемствы. Яны ня ведаюць, як быць. Я лічу, што трэба тут нейкая зьмена заканадаўства, таму
Трэба нашаму ўраду прыняць іншае заканадаўства ў бок зьмякчэньня ўмоў працы прыватнага сэктару, бо ён больш жыцьцяздольны.
што на фоне фінансавага крызісу, калі людзі застануцца бяз працы, прыватны сэктар, індывідуальнае прадпрымальніцтва дапаможа сытуацыі. Я лічу, што трэба адмяніць тыя дакумэнты, якія былі падрыхтаваны на іншыя ўмовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, і даць ім працаваць, як яны працавалі раней. Тут трэба перагледзець нашаму ўраду іншыя падыходы, прыняць іншае заканадаўства ў бок зьмякчэньня ўмоў працы прыватнага сэктару, бо ён больш жыцьцяздольны, каб процістаяць гэтаму сусьветнаму крызісу.

Соўсь: Барыс Мікалаевіч, Вы працытавалі Лукашэнку, які сказаў, што фінансавага крызісу ў нас няма. Гэта сапраўды так было, але было сказана раней. А сёньня ён ужо сустракаўся зь Сідорскім і Пракаповічам і менавіта абмяркоўваў сытуацыю, якая складваецца ў сувязі з крызісам. І ён сказаў, што ўсе, хто ня здольны працаваць у крытычным рэжыме, павінны быць замененыя. Чыноўнікі сталі нахабнымі да скрайнасьці. У нас няшмат такіх міністраў, але калі мы бачым, што дзесьці яны не выцягваюць ці ў іх жаданьня няма, трэба даць магчымасьць працаваць іншым людзям. Для выкананьня пастаўленых задачаў ён даручыў ураду, Нацыянальнага банку задзейнічаць любыя рычагі, любых службовых асобаў, любыя структуры для таго, каб прадаць беларускую прадукцыю і ня страціць рынкі.

Нумар аўтаадказьніка 266-39-52. Званкі нашых слухачоў на гэтую тэму:

Cпадар: Да якога дажыліся жыцьця! Які клопат пра нас, інвалідаў, пэнсіянэраў! Калі гора-начальнікі забаранілі ўсе шапікі. За пакецікам гарбаты едзь у супэрмаркет спадара Паўлава, таму што шапікі псуюць канфігурацыю горада. Нахабства, хамства, інакш не назавеш!

Cпадар: Сёньня даведаўся пра паніжэньне тарыфнай стаўкі першага разраду на 15 адсоткаў. На пытаньне вашых журналістаў, з чым гэта зьвязана, я б адказаў так: гэта выдаткі рынкавага сацыялізму. Тое, што гэта зьвязана з глябальным крызісам, ня веру, таму што прэзыдэнт заяўляў, што нас крызіс не закране. Прэзыдэнту трэба верыць.

Соўсь: Як бы Вы адказалі слухачу, які мяркуе, што гэта не зьвязана з сусьветным фінансавым крызісам?

Жаліба: Па-першае, наконт шапікаў. Я лічу, што слухач цалкам мае рацыю. Прыватныя шапікі былі на прыпынках, у іх было зручна набываць розныя дробязі. І гэтае рашэньне мяне таксама абурыла і ўзрушыла. Гэта можна трактаваць як саступку гандлёвым лобі, буйным крамам. Гэта робіцца, наколькі я ведаю, толькі ў Менску. Гэта няслушна. А наконт таго, што прэзыдэнт казаў, што крызіс нас не закране, можа быць, ён думаў, можа быць, ён хацеў таго, таму што, скажам, эканоміка Беларусі адкрытая. Рынак каштоўных папераў, празь які крызіс упоўз у іншыя краіны, аўтаномны, не ўбудаваны ў сусьветны фінансавы рынак. Можа, мы мелі надзею, што ён нас не закране, а ўсё ж такі, як ні хацелася прэзыдэнту, ён нас дастаў, па-першае, праз Расею, праз тыя краіны, якія звузілі попыт на беларускія тавары. Канечне, гэта трэба было неяк спрагназаваць. Ня трэба словы кіраўніцтва разумець літаральна. Можна разумець, што мы не разьлічвалі, што ён нас закране ці закране мінімальна. Але, як паказвае сытуацыя, ён ня толькі закранае нас, але і нарастае. І не хацелася б, каб ён увайшоў у кожную сям’ю.