Прадпрыемства ААТ “Edem” блізу 10 гадоў займаецца выпускам офіснай мэблі. Усю сваю прадукцыю яно экспартуе ў Расею. Яшчэ некалькі тыдняў таму тут рабілі 180 чалавек.
Дырэктара прадпрыемства застаць не ўдалося, а ягоны намесьнік адмовіўся размаўляць з журналістам пра тое, як крызіс паўзьдзейнічаў на вытворчасьць.
Спадар: “Я нічога вам казаць ня буду. Вось будзе дырэктар, ён і раскажа”.
Аднак рабочыя ахвотна распавядалі пра тое, як сусьветны крызіс закрануў іхнае прадпрыемства.
Першы рабочы: “Абяцалі напачатку добры заробак, але цяпер яго няма. Працуем зараз у дзьве зьмены, але работы практычна няма, і чым далей, тым горш. Каго просяць звальняцца, каго ў адпачынак за свой кошт накіроўваюць, хто сам звальняецца, бо ня плацяць. Вось прыедуць з Горадні аўтобусам, а працы няма, і адпраўляюць назад. Да 22-га працуем, а там да 15 нічога, а пазьней наагул невядома”.
Кажа другі рабочы:
“Панядзелак, аўторак, серада — працую, а астатнія дні выхадныя з-за таго, што няма заказаў на Расею. А па скарачэньні трохмесячнай грашовай дапамогі ня плацяць, маўляў, звальняйся па ўласным жаданьні”.
Карэспандэнт: “А калі чалавек ня хоча так рабіць?
Другі рабочы: “Прымусяць, бо ўвесь час будзеш на адпачынку за свой кошт і нічога ў выніку не атрымаеш”.
Рабочыя кажуць, што ў гэтым месяцы наагул баяцца дня заробку, бо нават не ўяўляюць, колькі ім налічаць. Таму, зь іх слоў, больш як 50% з тых, хто яшчэ працуе на прадпрыемстве, шукаюць іншае месца працы.
Пытаюся ў рабочых, як ім працавалася тут да крызісу. Кажуць, што заробак задавальняў, выходзіла болей за мільён, і былі добрыя ўмовы працы.
Спадар: “Выдатныя ўмовы працы былі: душ, бытоўкі, наагул пытаньняў не было. Спэцадзеньне выдавалі, дый усё было зроблена для нас, толькі працуй”.
Тыя, хто жыве ў Гожы, распавядалі, што працу ў мястэчку знайсьці даволі складана, таму давядзецца ізноў ехаць у горад.