Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах спыняюцца філіялы МАЗу


У рэгіёнах пачынаюць зьніжаць і нават спыняць вытворчасьць філіялы Менскага аўтазаводу. Сёньня такія паведамленьні прайшлі з Магілёва і Баранавічаў.


МАГІЛЁЎ

Магілёўскі завод транспартнага машынабудаваньня вырабляе аўтамабільныя прычэпы, гідраўлічныя краны, камунальную тэхніку, а таксама тавары народнага спажываньня. Асноўны рынак збыту — Расея. Але ў продажы прадукцыі зараз пачаліся збоі. З Магілёва паведамляе Андрэй Белагубаў:

“Трансмаш” зноў трапіў у крызіс

На магілёўскім заводзе “Трансмаш” расейскія і ўкраінскія пакупнікі не забіраюць вырабленай для іх прадукцыі. Тэхніка захоўваецца на адкрытай завадзкой пляцоўцы. Намесьнік генэральнага дырэктара Пётар Лапо прычынаў гэтага не называе, але запэўнівае, што прадпрыемства працуе стабільна й з поўнай аддачай. Тым часам рабочыя заводу рыхтуюцца да вымушаных адпачынкаў.

На пляцоўцы, паводле спадара Лапо, цяпер знаходзіцца сто шэсьцьдзесят прычэпаў:

“Не забіраюць, чамусьці, расейцы і ўкраінцы. Мы ім тэлефануем — забірайце або выганяйце. Мы ж ня будзем тут іх захоўваць”.

Тым часам работнікаў прадпрыемства непакоіць, як яно будзе працаваць далей. Начальства, кажуць яны, супакойвае, аднак зазначае, што з новага году графік працы некаторых цэхаў усё ж будзе пераглядацца. Што гэта значыць, начальства не тлумачыць.

Падставы для занепакоенасьці ў працаўнікоў ёсьць. Завод ужо неаднойчы трапляў у складаныя сытуацыі. Яны прывялі да таго, што зь першага сакавіка 2005 году прадпрыемства стала філіяй Менскага аўтамабільнага заводу. На той час у Трансмаша фактычна не было абаротных сродкаў.

“Там атрымалася тое, што ўсё, што завод плянаваў вырабляць, напрыклад — рэфрыжэратары будаваць, вырабляць краны, — гэта аказалася не зусім рэнтабэльна. І завод пачаў страчваць, як кажуць, устойлівасьць. Урэшце МАЗ забраў гэта ўсё сабе”, — згадвае старшыня незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў.

Каб адолець праблемы, МАЗ інвэставаў у сваю новую філію амаль дзесяць мільярдаў рублёў і цяпер кантралюе ўсе асноўныя фонды магілёўскага заводу.

На чым жа трымаецца цяперашняя стабільнасьць?

“Мы не даём тэхнікі — ні прычэпаў, ні кранаў — безь перадаплаты”, — паведаміў Пётар Лапо.

Ці шмат цяпер ахвотнікаў набываць прадукцыю такім парадкам? На гэтае пытаньне спадар Лапо не адказаў.

БАРАНАВІЧЫ

Ускладняецца ў гэтыя дні сытуацыя і на Баранавіцкім заводзе аўтамабільных агрэгатаў — яшчэ адным філіяле МАЗу. У гутарцы з майстрам участку зборкі, які папрасіў не называць яго прозьвішча, высьветлілася:

Спыняецца Баранавіцкі завод аўтаагрэгатаў

“У параўнаньні з папярэднімі месяцамі пляны скараціліся амаль утрая. Заявак няма. Склады затавараныя.

Мы ж уваходзім у аб’яднаньне “БелаўтаМАЗ”, зьяўляемся філіялам МАЗу. Таму і ўсе праблемы МАЗу нас тычацца непасрэдна. Вельмі кепска разьлічваецца Расея за беларускую тэхніку”.

Адміністрацыя баранавіцкага прадпрыемства пацьвярджае зьвесткі, што вытворчасьць спыніцца ў найбліжэйшы час. За варотамі апынуцца некалькі соцень чалавек. Як ім выжываць ва ўмовах крызісу? Адрасую пытаньне старшыні прафсаюзнага камітэту Аляксандру Парфянкову. Ён кажа:

“Ненармальная сытуацыя! Ненармальная… Дырэктар учора зьбіраў начальнікаў цэхаў, тлумачыў, што працы хопіць толькі да 25 сьнежня. А ў калектыўнай дамове запісана, што пры змушаным спыненьні заводу трэба плаціць працаўнікам 2/3 іхнага заробку. Спадзяюся, што мы не парушым гэты пункт”.

Таксама сёньня стала вядома, што крызісная сытуацыя абвастрылася ў Баранавічах на дзяржаўным прадпрыемстве “Гандальмаш” і на ўнітарным прадпрыемстве “Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG