Сёньня ў Менску чакаюць Уладзімера Пуціна. У кіраўніка расейскага ўраду заплянаваная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
Расейскі прэм’ер-міністар прылятае ў сталіцу Беларусі для ўдзелу ў паседжаньні Савету Міністраў так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
Сустрэча Ўладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам выклікае куды больш цікавасьці параўнальна з саюзнымі справамі. Тым больш, што яшчэ два тыдні таму ў Менску афіцыйна распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што расейскі прэм’ер просіць асабістай размовы з кіраўніком беларускай дзяржавы.
Беларускія палітолягі ды і іхныя маскоўскія калегі, якія займаюцца беларускімі справамі, цьвердзяць, што высокі госьць, сымбалічна кажучы, паставіць перад беларускім кіраўніком шалі. На адной чашы будуць ляжаць ільготны крэдыт і нізкія цэны на газ, на другой – прызнаньне Беларусьсю дзяржаўнага сувэрэнітэту Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, а таксама свабодны доступ расейскага капіталу ў Беларусь.
Менскі палітоляг Алесь Лагвінец таксама кажа, што вакол гэтага і пойдзе гандаль:
Расея вельмі моцна чакае ад Беларусі прызнаньня самаабвешчаных рэспублік
Хаця, я думаю, што сёньня ці ў бліжэйшай пэрспэктыве гэта прызнаньне наўрад ці адбудзецца, паколькі тут для Расеі ёсьць і іншыя вельмі важныя пытаньні. І я думаю, што яна ня будзе да канца спальваць усе масты, патрабуючы толькі аднаго гэтага рашэньня. Размова будзе ісьці і пра льготны крэдыт, і пра магчымасьці прыватызацыі расейскімі кампаніямі тых прадпрыемстваў, якія зьбіраецца прадаваць беларускі ўрад, і г.д.”
Беларусь ужо даволі працяглы час вядзе перамовы з Расеяй аб атрыманьні льготнага крэдыту ў памеры 2 мільярды даляраў. Новы міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец літаральна тры дні таму ў размове з журналістамі ў Палаце прадстаўнікоў выказаў сваё меркаваньне наконт магчымасьці атрыманьня такога крэдыту:
“Мы будуем сумесна саюзную дзяржаву. І таму, зразумела, расейскаму боку не абыякава тое, што адбываецца ў нашай краіне. Было заяўлена на вышэйшым роўні, што пры неабходнасьці Расейская Фэдэрацыя нас падтрымае. Пытаньне тут толькі – у тэрмінах, суме і на якіх умовах гэты крэдыт дадуць. Гэта цяпер якраз і абмяркоўваюць экспэрты. Да нас прыяжджае міністар фінансаў Расеі спадар Кудрын. І мы плянуем наступны раўнд перамоваў на гэтую тэму”.
Яшчэ адна балючая тэма – цэны на расейскі газ. Беларусь настойвае, каб у наступным годзе Расея прадавала яго па 140 даляраў за кожную тысячу кубоў. Расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў ў мінулую пятніцу ня выключыў, што цана можа ўзрасьці да 250 даляраў.
Аглядальніца Тацяна Манёнак, якая стала займаецца гэтай тэмай, прагназуе вялікую складанасьць газавых перамоваў:
Сяргей Сідорскі заявіў, што максымальны кошт – гэта 140 даляраў