“Калі груба па формуле цяпер прыкінуць, то цана газу для Беларусі атрымліваецца каля 250 даляраў за 1000 м³,” — сказаў сп. Сурыкаў агенцтву “Інтэрфакс-Захад” у чацьвер у Менску.
Ён нагадаў, што ў адпаведнасьці з кантрактам цана газу для Беларусі ў 2009 годзе складзе 80% ад цаны паставак газу ў Польшчу за выняткам экспартнага мыта ў памеры 30%, а таксама з улікам кошту транзыту газу ў Польшчу й транзыту газу ў Беларусь.
“Якая канкрэтна цана газу для Беларусі будзе ў 2009 годзе, цяпер сказаць складана”, — падкрэсьліў пасол.
Сурыкаў пракамэнтаваў і закладзеную ў беларускі бюджэт на 2009 год цану газу на ўзроўні 140 даляраў за 1000 м³: “Гэта права любой дзяржавы, якую цану закладаць у расходную частку бюджэту, значыць, будуць знойдзеныя нейкія рэсурсы для стабілізацыі”.
Сёлета з 1 красавіка Беларусь плаціць за кубамэтар расейскага газу 129 даляраў, прычым на пачатку году цана была меншай — 119 даляраў. Сёлета Беларусь купіць 21,2 мільярда кубамэтраў газу.
Тэма паставак газу будзе адной з галоўных падчас заплянаванага на 6 кастрычніка візыту ў Менск прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна.