Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі адказаў на запыт Беларускай асацыяцыі журналістаў пра падрыхтоўку законапраектаў у галіне рэгуляваньня інтэрнэту і абароны дзяцей ад «дэструктыўнай інфармацыі».
Паводле ААЦ, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі падрыхтавала праект указу пра парадак абмежаваньня доступу да сайтаў са шкоднай інфармацыяй.
Аднак у размове з карэспандэнтам Свабоды памочніца міністра сувязі Натальля Аляшкевіч запэўніла, што іхняе ведамства такі дакумэнт не распрацоўвала.
Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся за тлумачэньнямі ў Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі, і яго супрацоўнік Валер Рыбка паведаміў, што «ніякай гаворкі пра новы заканадаўчы акт аб абмежаваньні доступу да сайтаў не ідзе».
«Распрацоўваецца праект указу аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у мэтах прывядзеньня ў адпаведнасьць з Законам аб СМІ і прэзыдэнцкім дэкрэтам № 6 аб наркотыках. Дзяржаўныя органы выказваюць свае прапановы, заўвагі, меркаваньні, — патлумачыў супрацоўнік ААЦ. — То бок гэты дакумэнт — проста юрыдычнае і тэхнічнае прывядзеньне ў адпаведнасьць з новапрынятымі актамі. Кардынальна новых зьменаў там няма. Наколькі я памятаю, спачатку ён называўся „Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у некаторыя ўказы кіраўніка дзяржавы“. Магчыма, на нейкай стадыі назва памянялася».
Са слоў Валера Рыбкі вынікае, што праект згаданага ўказу павінен прывесьці ў адпаведнасьць ужо дзейныя заканадаўчыя акты, якія рэгулююць блякаваньні інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі — прэзыдэнцкага Дэкрэту № 6, Закону аб СМІ (Артыкул 51.1) і пастановы ААЦ № 6/8. Гэтая пастанова апісвае альгарытм дзеяньняў дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства БелГІЭ, якое на падставе рашэньняў Мінінфарма ажыцьцяўляе блякаваньне інтэрнэт-рэсурсаў.
Два тыдні таму Аляксандар Лукашэнка выказаўся за жорсткае абмежаваньне дэструктыўнай інфармацыі ў інтэрнэце і распавёў, што ўжо рыхтуюцца адпаведныя законапраекты. Абмежаваньні, казаў ён, «ня ў тым, каб дзесьці закрыць інтэрнэт, нейкія нават сайты і рэсурсы „пятай калёны“». Тычыцца яны будуць «дэструктыву», «суіцыдаў і іншага». У прыклад Лукашэнка прывёў расейскія законы.
Што блякуюць у Беларусі
У Беларусі вядома пра існаваньне сьпісу забароненых сайтаў, але невядома, якія ў ім дакладна сайты. У ліку забароненых шэраг вэб-рэсурсаў распаўсюднікаў наркотыкаў і экстрэмісцкай інфармацыі, але ў беларускі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уваходзяць як «Mein Kampf», кнігі праваслаўных і мусульманскіх экстрэмістаў, так і беларускі фільм пра закрыты Лукашэнкам гуманітарны ліцэй «Урок беларускай мовы», відэа варшаўскага канцэрту «Салідарныя зь Беларусьсю» і фотаальбом «Прэс-фота Беларусі 2011», а таксама суполкі анархістаў у сацсетках і відэа скокаў на Дзень Волі-2015 з поклічам «Хто ня скача, той маскаль».
Таксама ў Беларусі ўжо забароненыя сродкі доступу да забароненых сайтаў. Але спроба заблякаваць доступ да аднаго з такіх сродкаў, Tor, прывяла толькі да павелічэньня колькасьці ягоных карыстальнікаў.
Летась Лукашэнка прыняў указ, паводле якога ў Беларусі папулярныя мэсэнджэры Skype і Viber станавіліся незаконнымі пры тэлефанаваньні на стацыянарныя і мабільныя тэлефоны. Але ААЦ насуперак указу дазволіў мэсэнджэрам працаваць у Беларусі пасьля рэгістрацыі ў адмысловым рэестры.
А ў Расеі?
У Расеі цяпер забаронена ў тым ліку публікаваць заклікі да суіцыду і падрабязнасьці спосабаў учыненьня суіцыду, а таксама падрабязнасьці пра выраб наркотыкаў. Блякуюцца тысячы акаўнтаў у сацсетках, на якіх гучаць заклікі да самагубства.
Празь няпэўнасьць расейскіх нормаў інтэрнэт-мэмам стала фраза «совершить Роскомнадзор». СМІ ня ўпэўненыя ў тым, якую інфармацыю пра суіцыд можна распаўсюджваць, а за якую могуць пакараць.
Таксама ў Расеі фактычна ўзаконенае татальнае праслухоўваньне, расейскія ўлады зьбіраюцца цалкам забараніць ананімнасьць у інтэрнэце, але яшчэ не прыдумалі, як гэта зрабіць.