Свабода падрыхтавала агляд 10 найбольш важных новаўвядзеньняў, якія ўжо з 1 студзеня адчуюць на сабе беларусы.
1. Пачынаецца паэтапнае павелічэньне пэнсійнага ўзросту.
З 1 студзеня штогод на шэсьць месяцаў будзе падвышацца пэнсійны ўзрост да дасягненьня мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў (раней пэнсійны ўзрост для мужчын пачынаўся ў 60 гадоў, для жанчын — у 55 гадоў).
Адпаведна ў 2017 годзе ўсталёўваецца пэнсійны ўзрост для мужчын — 60 гадоў і 6 месяцаў, для жанчын — 55 гадоў і 6 месяцаў.
2. Падвышэньне падатку на электрасувязь
З 1 студзеня ўсе паслугі электрасувязі будуць абкладацца падаткам на дададзены кошт па падвышанай стаўцы 25%. Раней гэтая стаўка прымянялася толькі ў дачыненьні да паслугаў, якія аказваліся абанэнтам.
3. Вырасьлі тарыфы на некаторыя жыльлёва-камунальныя паслугі
Згодна з пастановай ураду, з 1 студзеня цеплаэнэргія стала даражэйшай на 17% — 15,6098 рубля за 1 Гкал. На 17% вырасла і цана прыроднага газу ў ацяпляльны пэрыяд для насельніцтва.
Пры павелічэньні тарыфаў разьліковыя плацяжы сямʼі з трох чалавек, якая пражывае ў тыпавой двухпакаёвай кватэры, пры нарматыўным спажываньні паслуг узрастуць на 10,98 рубля і складуць у ацяпляльны пэрыяд 79,38 рубля.
4. На цэньніках будуць пісаць кошты кіляграма і літра
З 1 студзеня прадуктовым крамам рэкамэндавана пазначаць на цэньніках, колькі каштуе кіляграм ці літар тавара. Гэты крок у Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю тлумачаць тым, што ўпакоўкі бываюць нестандартныя, што не дазваляе пажылым людзям зарыентавацца, калі яны хочуць купіць таньнейшы тавар.
Калі тавар меншы за 250 грамаў ці мілілітраў, рэкамэндуецца пазначаць цану за 100 г (мл); для тавараў звыш 250 г (мл) — цану за 1 кг (л).
Пакуль на выкананьне рэкамэндацыі гандлёвым абʼектам даецца два месяцы, а з 1 ліпеня 2017 года рэкамэндацыя стане абавязкам.
5. Усе інтэрнэт-крамы асвояць АРІП
З Новага году ўсе інтэрнэт-крамы мусяць забясьпечыць магчымасьць аплаты праз сыстэму АРІП. Гэтае патрабаваньне тычыцца як юрыдычных асобаў, так і прадпрымальнікаў, якія прадаюць тавары ў інтэрнэт-крамах.
АРІП (Адзіная разьліковая інфармацыйная прастора) — аўтаматызаваная сыстэма, якая дазваляе імгненна аплачваць тавары і паслугі праз інтэрнэт. Яна была створана ў 2008 годзе.
6. Новы ўзровень мінімальнай зарплаты
Паводле пастановы ўраду, ад сёньняшняга дня памер месячнай мінімальнай зарплаты павялічваецца да 265 рублёў.
Мінімальная заработная плата ўстанаўліваецца штогод 1 студзеня і індэксуецца ў залежнасьці ад інфляцыі. Дагэтуль яна складала 230 дэмінаваных рублёў.
7. Новая базавая велічыня
Базавая велічыня вырасла з 21 да 23 рублёў (на 9,5%). Апошні раз базавая велічыня павышалася год таму — з 180 тысяч да 210 тысяч рублёў (недэнамінаваных).
8. Беларуская чыгунка спрасьціла правілы правозу дамашніх жывёлаў
Новаўвядзеньне тычыцца пасажыраў, якія перавозяць жывёл у тары, якая не перавышае па суме трох вымярэньняў 200 см. У гэтым выпадку пасажыру ня трэба выкупляць усе месцы ў купэ, як было раней.
Дадатковая плата за правоз пакаёвых жывёл у гэтым выпадку таксама брацца не будзе.
Аднак вялікія сабакі павінны перавозіцца ў асобным купэ купэйнага вагона пры наяўнасьці напысьніка і ланцужка.
9. Старымі грошамі больш нельга расплачвацца
З 1 студзеня больш нельга расплачвацца беларускімі рублямі ўзору 2000 году.
Іх можна абмяняць на новыя цягам наступных 5 гадоў без абмежаваньняў і спагнаньня камісійнага ўзнагароджаньня ў банках.
10. Зьменшыўся падатак на сабак
Згодна з новымі правіламі, стаўка падатку, незалежна ад росту сабакі, ня можа перавышаць 0,3 базавай велічыні для звычайных пародаў і 1 базавай велічыні для патэнцыйна небясьпечных пародаў.
Як раней, канкрэтную стаўку падатку вызначаюць мясцовыя ўлады, але яны ня могуць зрабіць яго меншым за палову максымальнай стаўкі. Плаціць падатак трэба ўладальнікам сабак, старэйшых за 3 месяцы.