Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў падрыхтаваў да выданьня кнігу «Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на Бабруйшчыне ў 1918, 1919–1920 г».
Замовіць кнігу можна за 70 рублёў праз сайт Talaka.by, дзе ідзе збор сродкаў на выданьне (усяго трэба сабраць 10 тысяч рублёў).
Як піша гісторык, пра фармаваньне польскага войска ў Беларусі ў 1918 годзе амаль нічога не было вядома, гісторыя «мяцяжу корпусу Доўбар-Мусьніцкага» ў беларускай гістарыяграфіі амаль ня вывучаная.
Кніга апіша лёс польскіх часьцей у войску Расейскай імпэрыі ў Першую ўсясьветную вайну, фармаваньне Першага польскага корпусу і лёс Бабруйска і Бабруйскай крэпасьці ў тыя дні, вайну Польшчы з бальшавікамі ў 1919–1920 гадах, асобна распавядзе пра выбітных асобаў Першага польскага корпусу.
Мельнікаў асобна адзначае, што ў кнізе пойдзе гаворка пра Беларускую Народную Рэспубліку, яе стаўленьне да войска Доўбар-Мусьніцкага і стаўленьне камандаваньня Першага польскага корпусу да лёсу беларусаў і іхнай краіны. Аўтар таксама зьвяртае ўвагу на тое, што знаходжаньне на Бабруйшчыне Першага польскага корпусу ў 1918 годзе і акупацыя Бабруйшчыны польскімі войскамі ў 1919–1920 гадах – «зусім розныя гістарычныя сюжэты».
Мельнікаў выдаў багата кнігаў пра беларусаў у міжваенны час і беларускіх вайскоўцаў у Другой усясьветнай вайне. Толькі ў 2017 годзе ён апублікаваў кнігі «Забытыя героі» і «Адысея палешука», альбом «Мяжа была пад Менскам. 1921–1941 гг.», а таксама кнігу пра 20-ю «беларускую» дывізію пяхоты Войска Польскага ў сэрыі «Вялікая кніга пяхоты польскай» на польскай мове.