Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У паляку беларусы бачылі пана». 5 цытатаў з канфэрэнцыі пра палякаў у Беларусі


Падчас канфэрэнцыі «Палякі ў Беларусі ад канца ХІХ да ХХІ стагодзьдзя»
Падчас канфэрэнцыі «Палякі ў Беларусі ад канца ХІХ да ХХІ стагодзьдзя»

У Горадні адбываецца навуковая міжнародная канфэрэнцыя, якая прысьвечаная польскай меншасьці ў Беларусі. Яе ладзіць консульства Польшчы ў Горадні.

У канфэрэнцыі бяруць удзел навукоўцы зь Беларусі і Польшчы. Сярод іх Аляксандар Смалянчук, Андрэй Унучак, Андрэй Чарнякевіч, Ігар Мельнікаў, Ігар Кузьняцоў, Дарота Міхальчук, Ежы Мілеўскі, Тадэвуш Гавін і іншыя.

1. Ад падаўленьня паўстаньня 1863 году да рэвалюцыі 1917 году эвалюцыя польскага руху на тэрыторыі Беларусі прайшла шлях у бок нацыяналізацыі. Да рэвалюцыі палякі ў большай ступені адчувалі сябе часткай беларускай і літоўскай зямлі. Пасьля ўзьнікненьня незалежнай Польшчы польская супольнасьць пачала цягнуцца непасрэдна да Польшчы.

2. Для Кастуся Каліноўскага падчас паўстаньня быў натуральным саюз з Польшчай. Ён лічыў беларускія землі часткай Рэчы Паспалітай. Але ў часы БНР сытуацыя зьмянілася. Будавалася нацыянальная дзяржава, і заснавальнікі БНР лічылі, што Рэч Паспалітая — гэта час няволі для Беларусі. Беларускі нацыянальны рух, узяўшы за аснову будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, пачаў аддзяляцца ад той гістарычнай традыцыі, якая існавала ў часы Рэчы Паспалітай.

3. Калі ўзьнікла Польшча і абвясьцілі БНР, то ўтварыўся канфлікт інтарэсаў. Польскія палітычныя групоўкі, якія на пачатку беларускага адраджэньня выступалі іх хаўрусьнікамі, павінны былі скарэктаваць свае адносіны. Але і беларускі нацыянальны рух таксама моцна зьмяніўся, як вонкава, так і ідэалягічна. За час польска-савецкай вайны беларускі нацыянальны рух прайшоў эвалюцыю ад спробы паяднаньня, каб знайсьці кампраміс, да антыпольскага супраціву, які быў дэкляраваны восеньню 1921 году на канфэрэнцыі ў Празе. Адна з прычынаў — гэта стэрэатыпы. Беларускія стэрэатыпы былі антыпольскія: у паляку беларусы бачылі пана. Атрымаўся польска-беларускі канфлікт, які працягнуўся яшчэ дзесяцігодзьдзі.

4. Галоўны тэзіс, які вынікае зь мікрагістарычнага дасьледаваньня ў міжваенны час на прыкладзе матэрыялаў з гмінаў Бершты і Скідзель, такі. Існаваў вельмі востры палітычны канфлікт паміж беларускім насельніцтвам і польскай дзяржавай. Але паміж людзьмі на ўзроўні міжлюдзкіх адносін заставаліся прыязныя, нармальныя адносіны. Прычыны розныя: і традыцыі талерантнасьці, і іншае. І таму падчас Другой сусьветнай вайны паміж палякамі і беларусамі не было крывавых падзей, якія адбываліся ў іншых рэгіёнах.

5. Паводле афіцыйных дадзеных, за 1937–38 гады ў Беларусі расстралялі 14 тысяч палякаў. Гэтая лічба не адпавядае сапраўднасьці. Паводле перапісу 1937 году, на тэрыторыі Беларусі жылі больш за 100 тысяч палякаў, а праз два гады іх засталася 61 тысяча. 16,5 тысячы былі рэпрэсаваныя, але дзе астатнія 45 тысяч? Так, некаторыя маглі выехаць з тэрыторыі Беларусі, але ў выніку простых арытмэтычных падлікаў сьпіс рэпрэсаваных і расстраляных узрастае да 30 тысяч чалавек. Навукоўцы ня маюць магчымасьці атрымаць дакладную інфармацыю з архіваў. За пэрыяд ад 1917 году да пасьляваенных рэпрэсій у Беларусі былі фізычна зьнішчаныя каля 62 тысяч палякаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG