28 лютага ў Менску пачала працу XXV Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Удзел у імпрэзе пацьвердзілі больш як тры дзясяткі краінаў. Свабода ацаніла асартымэнт нацыянальных павільёнаў і раіць наведаць найбольш крэатыўныя зь іх.
Ганаровым госьцем сёлета стала Сэрбія, цэнтральным экспанэнтам — Казахстан. Самым экзатычным удзельнікам выглядае Эквадор, які ад лацінаамэрыканскага рэгіёну ў сумесных праектах пачынае замяшчаць дзяржаву-банкрута Вэнэсуэлу.
Падзея будзе доўжыцца да 4 сакавіка, галоўнай экспазыцыйнай пляцоўкай зноў абраны комплекс на праспэкце Пераможцаў, 14. Тэмай форуму акрэсьлена месца ў цывілізацыйным кантэксьце: «Беларусь — культурная пляцоўка Эўропы».
Упершыню за апошнія гады ў арганізатараў не паўстала прэтэнзій да незалежных выдаўцоў. Сярод удзельнікаў заяўленыя «Янушкевіч», «Колас», «Галіяфы», «Тэхналёгія», «Гайсак».
Усе яны займаюць сьціплыя плошчы, непараўнальныя зь дзяржаўнымі калегамі. Як сказаў Свабодзе прыватны выдавец Зьміцер Колас, арэнда каштуе 100 эўра за квадратны мэтар, а пры такіх расцэнках нават добры продаж не кампэнсуе выдаткаў.
Досыць «памяркоўна» выглядалі расейскія павільёны, якія летась атрымалі шмат нараканьняў адносна зьместу экспанаванай літаратуры. Відавочна, мелі плён пагрозы «дыскваліфікацыі». Прынамсі, кніг і дапаможнікаў адыёзных аўтараў, якія віталі анэксію Крыму і агрэсію на ўсходзе Ўкраіны, гэтым разам не заўважана, «гістарычныя бэстсэлеры» пра Сталіна, Леніна, Дзяржынскага ды іншых рэвалюцыйных пэрсанажаў перакачавалі ў ніжні ярус, дзе людзкая актыўнасьць больш сьціплая.
Сярод удзельнікаў і наведнікаў выставы заўважаны шэраг чыноўнікаў. Удзел у цырымоніі адкрыцьця бралі першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў, міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч, дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, дзяржсакратар Міністэрства культуры і інфармацыі Сэрбіі Аляксандар Гаёвіч, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец ды іншыя.
Асобна ад іх у кампаніі «тэатрала і кнігалюба-спэцназаўца» Дзьмітрыя Балабы адзначыўся міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч. Ён доўга хадзіў ад павільёна да павільёна, набыў кулінарную кнігу для жонкі і дзіцячую для дачкі. Фаліянт «Князі Алелькавічы-Слуцкія» ўкраінскія выдаўцы падаравалі яму пасьля таго, як ён загадаў цывільнаму са свайго эскорту — «Заплаці». Сам Шуневіч нарадзіўся на ўкраінскай Луганшчыне, магчыма, адгэтуль і цікавасьць. А на пытаньне, ці спрыяе міністар беларусізацыі сваіх падначаленых, ён толькі адмахнуўся: маўляў, хіба «калом убіваць».
Якія кнігі міністар унутраных спраў Шуневіч набыў на адкрыцьці Менскай кніжнай выставы. ФАТАФАКТ
Цікавасьць да імпрэзы таксама выявіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая ахвотна фатаграфавалася з амбасадарамі ЗША і Нямеччыны.
Радыё Свабода ацаніла асартымэнт нацыянальных павільёнаў і раіць наведаць найбольш крэатыўныя зь іх.
Нацыянальны стэнд Беларусі
Цэнтральны стэнд міжнароднай выставы. Пад умоўным дахам сабраныя ўсе найбуйнейшыя дзяржаўныя выдаўцы — ад «Беларускай энцыкляпэдыі» і «Народнай асьветы» да «Вышэйшай школы» і выдавецкага дому «Звязда». Значная ўвага адведзена тэме 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня, цягам наступных дзён заплянаваная прэзэнтацыя больш як дзясятка новых выданьняў, прысьвечаных першадрукару Францішку Скарыну.
Цягам усяго часу будуць ладзіцца сустрэчы зь літаратарамі і прэзэнтацыі кніг. На стэндзе «Мастацкай літаратуры» пройдуць аўтограф-сэсіі зь Віктарам Шніпам («Пугачоўскі цырульнік»), Аксанай Спрынчан («Смачная кніга»), Валерыем Гапеевым («Мая мілая ведзьма»), Станіславай Умец («Сэрца Сакры: фэнтэзі»).
Заплянаваныя майстар-клясы аўтараў сэрыі «Энцыкляпэдыя народнага майстра», асобна прэзэнтуюць энцыкляпэдычную працу, прысьвечаную Янку Купалу.
На інтэрактыўнай пляцоўцы з маленькімі наведнікамі і школьнікамі працуюць беларускамоўныя вядоўцы, у рамках гульнявога квэсту ладзяцца віктарыны пра цікавосткі роднай мовы.
Злучаныя Штаты Амэрыкі
Працу стэнду прапанаваў лічыць адкрытай часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі. Ён адзначыў, што ягоная краіна ўжо 21-ы раз далучаецца да выставы, кожны раз праграмы робяцца ўсё больш захапляльнымі.
Летась скразной тэмай былі «Амэрыканскія нобэлеўскія ляўрэаты», сёлета — «Амэрыканскае выяўленчае мастацтва». Дзеля «замацаваньня матэрыялу» будуць наладжаныя 3D-туры па знакамітых музэях ЗША, таксама пройдзе лятарэя, прызавым фондам якой — 100 альбомаў з рэпрадукцыямі грандаў амэрыканскага жывапісу.
Апроч таго, у павільёне прадстаўлена разнастайная літаратура для вывучэньня ангельскай мовы, будуць ладзіцца курсы для школьных настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ.
1 сакавіка Робэрт Райлі выступіць на тэму захаваньня аўтарскіх правоў мастакоў і літаратараў. Як удакладніў дыплямат Свабодзе, гэта наўпрост зьвязана зь ягонай ранейшай дзейнасьцю, калі ён працаваў юрыстам у Сыэтле.
Стэнд амбасады Польшчы і Польскага інстытуту ў Менску
На польскім стэндзе на XXV Міжнародным кніжным кірмашы ў Менску можна знайсьці шмат польскіх выданьняў, беларускія пераклады, вялікую кулінарную кнігу з рэцэптамі страў нацыянальнай кухні.
«Менскі кніжны кірмаш — гэта найважнейшая магчымасьць для кантакту з польскімі кнігамі і іх аўтарамі, — сказаў часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас. — У Беларусі шмат людзей, зацікаўленых польскай літаратурай, якія прагнуць такога кантакту, таму кірмаш — гэта магчымасьць з дапамогай культуры прэзэнтаваць Польшчу.
«Сёлета мы падрыхтавалі чатыры сустрэчы-прэзэнтацыі вельмі розных кніг, перакладзеных на беларускую мову», — сказаў Томаш Адамскі, які кіруе Інстытутам Польскім у Менску.
Сярод гэтых кніг — «Лялька» Баляслава Пруса, «Уплывовыя жанчыны ІІ Рэчы Паспалітай», аўтар якой Славамір Копэр асабіста сустракаецца з чытачамі, «Яблычак» — першая частка «Менскай трылёгіі» Сяргея Пясецкага, а таксама кулінарная кніга з рэцэптамі польскіх страў.
Паводле Адамскага, кожная з гэтых кніжак прывабная для беларускіх чытачоў.
«Таму што „Лялька“ Пруса — гэта абсалютная клясыка, якую цяпер пераклалі і на беларускую мову. Славамір Копэр прадстаўляе шмат цікавых постацяў жанчын, важных для гісторыі Польшчы, але таксама зьвязаных зь Беларусьсю. А кнігі Пясэцкага здаўна карыстаюцца ў Беларусі папулярнасьцю, якая ня слабне.
У сваю чаргу, кулінарная кніга — гэта пазыцыя, якая паўстала ў адказ на зацікаўленасьць польскімі стравамі, і яе прэзэнтацыя будзе суправаджацца кулінарным урокам», — сказаў Адамскі.
Нацыянальны стэнд, арганізаваны супольна Польскім інстытутам у Менску, амбасадай Польшчы, а таксама Інстытутам кнігі, складаецца з экспазыцыйнай часткі, у якой падстаўленая большасьць падтрыманых дзяржаўнымі інстытутамі перакладаў польскай літаратуры на беларускую мову, а таксама камэрцыйнай часткі, дзе прадаюцца кнігі па-польску і па-беларуску.
Нацыянальны стэнд Украіны
Летась украінская дэлегацыя пакінула Менскую кніжную выставу на знак пратэсту супраць затрыманьня і высылкі беларускімі памежнікамі назад ва Ўкраіну паэта Сяргея Жадана. Вядомаму ўкраінскаму літаратару забаранілі ўезд у Беларусь — прычынай стала нібыта знаходжаньне яго ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Расеі на падставе падазрэньняў у магчымым дачыненьні да «тэрарыстычнай дзейнасьці».
Сёньня на стэндзе Ўкраіны кнігі Сяргея Жадана прадаюцца ў самых розных варыянтах. І ня толькі: тут і гістарычная літаратура, і даведачная, і адукацыйная. Своеасаблівым жэстам на замірэньне стаў падыход да прадстаўнікоў украінскай дэлегацыі міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, які атрымаў у падарунак нятанны том пра старажытны княскі род.
Сумесны стэнд амбасады Нямеччыны і Goethe-Institut Minsk
На адкрыцьці стэнду Goethe-Institut Minsk і амбасады Нямеччыны пабываў кіраўнік дыппрадстаўніцтва гэтай краіны Пэтэр Дэтмар. У ліку кніжных навінак прэзэнтаваная калекцыя для дзяцей і юнацтва, двухмоўная мастацкая і спэцыяльная літаратура, падборка нямецкамоўнай бэлетрыстыкі пад агульнай назвай «Кнігі, пра якія гавораць», збор «Самыя прыгожыя нямецкія кнігі 2017 году», а таксама намінанты зь леташняга лонг-ліста Нямецкай кніжнай прэміі.
Павільён амбасады мае шырэйшыя рамкі і запрашае ў кніжнае падарожжа па Нямеччыне, каб адкрыць ляндшафты ад Паўночнага мора да Альпаў. Цэльнасьць кніжнай калекцыі дадаюць кнігі для дзяцей і юнацтва, а таксама двухмоўная літаратура. Адметнасьцю будзе тое, што прадстаўленыя кнігі не прадаюцца, а будуць перададзеныя ў дар беларускім школам і ўстановам, якія спрыяюць распаўсюду і вывучэньню нямецкай мовы і культуры.
Амбасада Вялікай Брытаніі
На стэндзе Вялікай Брытаніі можна ня толькі паўдзельнічаць у конкурсах, пагартаць і выйграць кнігі на ангельскай мове, але папіць гарбаты ці сфатаграфавацца ў легендарнай чырвонай тэлефоннай будцы.
Кожную раніцу адукацыйная прастора SmartLab будзе праводзіць квэст «Знайдзі сымбалі Англіі» і віктарыну «Знаўца Вялікай Брытаніі».
Апроч таго, на стэндзе ёсьць куток з ужыванымі кніжкамі на ангельскай мове — калі нейкая прыйшлася даспадобы, можна забраць сабе. А 3 сакавіка ў канфэрэнц-залі выставачнага цэнтру кампанія DeliusTerra правядзе сэмінар пра магчымасьці навучаньня ў Вялікай Брытаніі.
Незалежныя беларускія выдаўцы
Свае творы, якія апошнім часам зьявіліся ў прыватных выдавецтвах, падчас аўтограф-сэсій прэзэнтуюць папулярныя пісьменьнікі і дасьледчыкі. У іх ліку
- Альгерд Бахарэвіч («Сабакі Эўропы»),
- Людміла Рублеўская («Пантофля Мнемазіны»),
- Вінцэсь Мудроў («Помнік літары «Ў»),
- Андрэй Вашкевіч («Вінцэнт Гадлеўскі: насуперак часу»),
- Анка Ўпала («На засьнежаны востраў»),
- Аляксандар Гужалоўскі («Чырвоны аловак. Нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР»),
- Алесь Белы («Сакатала бочачка. Праўдзівая гісторыя нашых напояў»),
- Анатоль Трафімчык («Наш Касьцюшка слаўны!»),
- Ігар Мельнікаў («Заходнебеларуская атлянтыда 1921–1941. Паміж Варшавай і Масквой»),
- Андрэй Лютых («Бітва пад Вострай брамай») ды іншыя.