Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў адказаў на заяву польскага дасьледчыка Лешака Жаброўскага, які ў эфіры радыёстанцыі Wnet сказаў, што «беларуска-габрэйскія банды ў 1939 годзе забівалі палякаў».
Аўтар шасьці кніг па гісторыі антыкамуністычнага супраціву і антыпольскіх рэпрэсіяў абвінаваціў беларусаў і габрэяў у злачынствах супраць польскай эліты падчас ІІ сусьветнай вайны.
«Трэснула сьцяна страху. Нам нельга было казаць пра ўдзел габрэяў падчас вайны 1920 году, нельга было казаць як выглядалі польска-габрэйскія адносіны падчас міжваеннага пэрыяду. Нельга было казаць пра тое, што адбывалася ў верасьні 1939 году на ўсходзе, дзе габрэйска-беларускія банды, або ўкраінскія на поўдні, забілі больш больш дзясятка тысяч чалавек: ксяндзоў, землеўласьнікаў, чыноўнікаў, афіцэраў, жаўнераў», — кажа Жаброўскі.
«Беларуска-габрэйскія банды ў 1939 годзе забівалі палякаў», — польскі гісторык
На словы Лешака Жаброўскага адрэагаваў гісторык Ігар Мельнікаў, які спэцыялізуецца ў гісторыі Беларусі пэрыяду міжваеннай Польшчы.
«Гісторыку трэба ведаць, што, як кажуць у народзе „дыму без агню не бывае“. Калі мы кажам пра трагедыю польскіх грамадзян у заходнебеларускіх ваяводзтвах Другой Рэчы Паспалітай у верасьні 1939 года, то варта ўзгадваць пра цяжкае становішча тых жа беларусаў, габрэяў на гэтых тэрыторыях у міжваенны час. Куды мы дзенем Нарачанскае паўстаньне рыбакоў у 1935 годзе, габрэйскія пагромы ў Горадні ў 1935 і ў Берасьці ў 1937 гадах? На вялікі жаль міжваенная Польшча так і ня стала маці для мільёнаў беларусаў, украінцаў і габрэяў».
Ваенная «Адысэя палешука», — выйшла кніга пра беларускага шарагоўца Арміі Андэрса
Паводле гісторыка, памылкі міжваенных польскіх улад прывялі да таго, што жыхары Заходняй Беларусі 20 гадоў з надзеяй паглядалі на Менск і ў верасьні 1939 году некаторыя сапраўды пайшлі помсьціць «панам». Мельнікаў аднак перасьцярог ад таго, каб гэты трагічны гістарычны сюжэт падаваць як выключна польскі. Ён нагадаў пра трагедыю Рамана Скірмунта, прэм’ера БНР, якога мясцовыя жыхары забілі за тое, што той быў «панам».
«Некаторым калегам з Польшчы варта зразумець, што ў беларуска-польскай гісторыі лепш рабіць акцэнт на тое, што злучае беларускі і польскі народ, а ня тое, што нас разьядноўвае. Калі мы кажам пра верасень 1939 года, то для беларусаў гэта было ўзьяднаньне краіны. Але ў сваіх кнігах я заўсёды прымушаю чытачоў задумацца, якім коштам яно адбывалася і колькі людзей заплаціла жыцьцём, каб Беларусь стала аб’яднаная дзяржавай. І мне ня важна, хто стаў ахвярай сталінскіх катаў — паляк, беларус, ці габрэй. Гэта трагедыя Беларусі і Польшчы. Агульная. Агульным зьяўляецца і мужнасьць жаўнераў Войска Польскага, якія зь першага дня Другой сусьветнай вайны змагаліся супраць нацыстаў».
Мельнікаў нагадаў, што ў верасьні 1939 году ў шэрагах польскага войска было 70 тысяч беларусаў, якія гераічна змагаліся супраць ворага. Іншы прыклад адвагі беларусаў — Армія Андэрса, дзе беларусы таксама аддана змагаліся зь немцамі, пра што неаднаразова пісалі польскія камандзіры.
«Узгадкі пра „беларуска-габрэйскія банды“ у 1939 годзе прывядуць толькі да аднаго. Беларускі афіцыёз пачне ізноў пэдаліраваць тэму „першага эўрапейскага канцлягера ў Бярозе-Картузкай“, а некаторыя „гарачыя галовы“ ў чарговы раз будуць прапанаваць зрабіць дзень 17 верасьня сьвятам у Беларусі. Ці на карысьць гэта Польшчы? Шчыра сумняюся. Не на карысьць гэта і Беларусі. Трэба ведаць усе старонкі гісторыі 1920-1940 гг., аднак акцэнт рабіць на тое, што аб’ядноўвае беларускі і польскі народы», — сказаў у інтэрвію Свабодзе беларускі гісторык Ігар Мельнікаў.