Акцыі пратэсту ў падтрымку «страйку выбарнікаў» 28 студзеня праходзяць у шэрагу гарадоў Расеі (на момант публікацыі — завяршыліся на Дальнім Усходзе, пачынаюцца ў цэнтры краіны).
Жывая тэкставая трансьляцыя на сайце расейскай службы Радыё Свабода >>>
«Страйк» ініцыяваў апазыцыянэр Аляксей Навальны як адказ на адмову рэгістраваць яго кандыдатам у прэзыдэнты праз судзімасьць, якую ён лічыць палітычна матываванай.
Паводле расейскіх СМІ, акцыі праходзяць «ад Магадана да Калінінграда». Колькасьць удзельнікаў ацэньваецца ў сотні чалавек, шмат дзе людзі выходзяць на акцыі ў суворы мароз. Міліцыя збольшага затрымлівае толькі арганізатараў акцыяў, зрэдку — шэраговых удзельнікаў.
У Маскве паліцыя ўскрыла памяшканьне «Фонду барацьбы з карупцыяй» Навальнага нібыта праз паведамленьне пра закладзеную там бомбу. Яшчэ да дня акцыі паліцыя правяла ператрусы ў шэрагу штабоў Навальнага (усяго наведала 78 з 84 штабоў).
Абноўлена: Аляксей Навальны затрыманы ў Маскве.
18 сьнежня мінулага году ў Расеі афіцыйна стартавала кампанія па выбарах прэзыдэнта краіны. Акрамя дзейнага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, які мае намер удзельнічаць у выбарах як самавылучэнец і ісьці на чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін, у ліку кандыдатаў камуніст Павал Грудзінін, лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі, заснавальнік партыі «Яблоко» Грыгорый Яўлінскі, тэлевядоўца Ксенія Сабчак і іншыя. Выбары прызначаныя на 18 сакавіка.