Адзін зь лідэраў грузаперавозчыкаў Сяргей Штода, які 18 лютага вызваліўся пасьля 15 сутак адміністрацыйнага арышту, апавёў пра падрабязнасьці свайго затрыманьня і пра тое, як турма падштурхнула яго да палітычнай дзейнасьці.
На 4 лютага ля Дому ўраду была заплянаваная сустрэча грузаперавозчыкаў з чыноўнікамі. Кіраўнікі транспартных фірмаў больш за год выказвалі незадаволенасьць вялізнымі штрафамі за першыя тры месяцы карыстаньня сыстэмай платных дарог BelToll у тэставым рэжыме, але іх так і не пачулі. За дзень да гэтага ініцыятар акцыі Сяргей Штода быў запрошаны на перамовы з новапрызначаным першым віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім, пасьля чаго сувязь зь ім зьнікла. Пра тое, як з Дому ўраду ён трапіў у менскі Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна, спадар Штода расказаў толькі сёньня:
«Як і было прызначана, да 9-й раніцы прыходжу. Натуральна, спакойны, безь якіх-колечы праблемаў, без эмоцыяў, бо задача — пагаварыць. Прыём, што ня стала вялікім сюрпрызам, зьнянацку перанесьлі на невядома калі, і па выхадзе я быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПу. Само сабой, лічу, што па-здрадніцку, таму што так нармальныя людзі не паступаюць, у тым ліку ўлады, у тым ліку праваахоўныя органы. Затрыманьне, у прынцыпе, было карэктным, хоць ад таго дня чакалася крыху іншае. Суд быў на вуліцы Сямашкі, гэта Кастрычніцкі раён, 15 сутак за нібыта „нецэнзурную лаянку“. Адразу падкрэсьлю, што я не размаўляў па тэлефоне „матам“, як потым фігуравала ў справе. Падышлі, паказалі дакумэнты, сказалі „пройдземце“. Спрабавалі яшчэ арганізаваць мне „супраціў“ і „непадпарадкаваньне“. Вынік, самі разумееце, быў бы крыху іншы, прынамсі, былі б іншыя суткі».
Ад каго сыходзіла «замова» на нэўтралізацыю патэнцыйна небясьпечнага «элемэнта», які заклікаў пацярпелых грузаперавозчыкаў сабрацца пад Домам ураду? Сяргей Штода кажа, што насамрэч ніякага сакрэту — адкуль растуць ногі — няма:
«Камітэт дзяржбясьпекі, гэта 100 працэнтаў. Мяне калі затрымалі амапаўцы, я пацікавіўся, каму гэта патрэбна. Дык вось яны нават папрасілі прабачэньня, сказалі, што ўсё разумеюць; самі са 120-й брыгады спэцпрызначэньня, прасілі не называць у прэсе іхніх прозьвішчаў, а „замову“ атрымалі з КДБ. Ужо падчас затрыманьня я ўбачыў „лавушкі“, якія былі расстаўленыя па ўсіх кутах, па ўсіх завулках. АМАП і міліцыя гэтым не займаюцца. Дарэчы, калі прывезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, там прамым тэкстам сказалі, што гэта загад КДБ, што трэба закрыць, схаваць на суткі. Але і самі не чакалі, што мне дадуць столькі. У міліцыі ўсе былі на вушах, бегалі з кабінэта ў кабінэт, ператэлефаноўваліся, іх пастаянна прысьпешвалі. Судзьдзя на Сямашкі таксама адразу адмаўляўся ад расправы, мяне асудзілі толькі а палове пятай вечара. За ім сьледам увесь час бегаў з Кастрычніцкага РАУС падпалкоўнік, судзьдзя зьбягаў, але потым, відаць, здаўся, прысудзіў 15 сутак. Хоць я разьлічваў на нейкія грошы, на штраф, каб 4 лютага быць разам зь людзьмі, як мы і плянавалі. Адно што іншы бок не разьлічваў».
У адказ на пытаньне, чаму ніхто з прадпрымальнікаў ня выйшаў на плошчу падтрымаць арыштаванага калегу, Сяргей Штода ўдакладняе: была дамоўленасьць выходзіць толькі па папярэднім сыгнале. Маўляў, сустрэча з намесьнікам прэм’ер-міністра ўсё ж пакідала шанцы на паразуменьне і на пачатак перамоваў у шырэйшым складзе прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў. І тое, што людзі не пайшлі мітынгаваць, толькі цешыць: па яго словах, на Акрэсьціна для патэнцыйных «кліентаў» быў падрыхтаваны цэлы паверх. Пасьля адседкі прэтэнзіі да чыноўніка, як кажа суразмоўца, набываюць у тым ліку і асабісты характар:
Я адразу сказаў, што свой пратакол і свой рахунак адпраўлю ў Дом ураду Мацюшэўскаму
«Цяпер што тычыцца Мацюшэўскага. Зь ягонага апарату мне даслалі дадому ліст — маўляў, ваша пытаньне па новаму кругу зноў адпраўлена на разбор, будзем разглядаць, усё вырашым і г.д. Шчыра кажучы, ужо нават ня слухаю, скамечыў ды выкінуў у сьметніцу. Я тут пра іншае. Калі знаходзіўся 15 сутак на Акрэсьціна, там за кожны дзень выпісваецца чэк на аплату „паслугаў“, цяпер гэта 90 тысяч рублёў суткі. 15 сутак адседзеў — 1 мільён 350 тысяч трэба заплаціць. Хоць кормяць так, што лепш вам ня ведаць. І стаўленьне такое, што лепш не сутыкацца. Дык вось тамтэйшыя „арыштанты“ так званыя гаварылі: я свой рахунак занясу судзьдзі, я свой занясу ў РАУС. А я адразу сказаў, што свой пратакол і свой рахунак адпраўлю ў Дом ураду Мацюшэўскаму. Хай ён аплачвае за „цёплы прыём“, за тое, што слугі народа кажуць — прыходзьце, будзем размаўляць, — а потым, адразу па выхадзе, закручваюць рукі. Няхай што хочуць, тое і робяць, я аплачваць усё гэта не зьбіраюся прынцыпова».
Сяргей Штода кажа, што нежаданьне абмяркоўваць праблемы зь людзьмі робіць актыўнымі нават тых, хто дагэтуль палітыкай не цікавіўся. У прыватнасьці, сёньня спадар Штода агучыў намер стаць сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі:
«Супрацоўнікі Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў паводзілі сябе збольшага карэктна, адзінае, што паміж сабой шапталіся — „палітычны“, „палітычны“. Ну які я палітычны? Звычайны грамадзянін, які адстойвае свае правы. Там былі, вядома, „ЛТП-шнікі“, п’яніцы і г.д. Чаго да мяне прыляпілі вось гэты ярлык — бо толькі парог пераступіў, адразу ж стаў „палітычным“ — гэта трэба ў іх пацікавіцца. У мяне дагэтуль не было выразных поглядаў на палітыку, хай чым хочуць, тым і займаюцца, я ўвогуле туды ня лезу. Але пасьля вось гэтых сутак, натуральна, буду лезьці. Як грамадзянін, напэўна, на сутках я толькі больш „празрэў“, і цяпер з задавальненьнем прыйду ў партыю (АГП. — РС), сёньня ж напішу заяву, а таксама буду запрашаць сюды сваіх сяброў і знаёмых. Каб была такая магчымасьць, то я б лепш ім плаціў падаткі, чым нашай дзяржаве, таму што пытаньні вырашаць не атрымліваецца. Да каго ні прыходзіш — ніхто ня хоча размаўляць, дзьверы зачыненыя, дзесяць кардонаў, дзесяць запісаў на паўгода наперад. А тут дзьверы адчыненыя заўсёды».
У мяне дагэтуль не было выразных поглядаў на палітыку, хай чым хочуць, тым і займаюцца, я ўвогуле туды ня лезу. Але пасьля вось гэтых сутак, натуральна, буду лезьці.
Учора Беларускае тэлебачаньне «павіншавала» Сяргея Штоду з вызваленьнем, прысьвяціўшы разгромны сюжэт асабіста яму і ўсім незадаволеным грузаперавозчыкам. Чыноўнікі зацікаўленых ведамстваў у адзін голас расказвалі, што сыстэма BelToll працуе бездакорна, штрафы — чыста ўмоўныя, а такога кшталту асобы на роўным месцы ствараюць нэрвознасьць у працы. Сяргей Штода парыруе дакумэнтальна:
«Сапраўды, адносна сытуацыі са штрафамі ў некаторых дзяржаўных СМІ супрацоўнікі транспартнай інспэкцыі кажуць, што агучаныя намі сумы — гэта ўсё выдумкі, што максымум фігуруюць 4–5 тысяч эўра. Але вось вам рэальны прыклад: ляжыць стос папераў на 50 тысяч эўра, вось дырэктар „Лагінтранс“. Шэсьць іхных машынаў наезьдзілі за першыя месяцы на 50 тысяч эўра штрафу — гэта нармальна? Улады сьцьвярджаюць, што хтосьці наўмысна парушаў, хтосьці неўсьвядомлена. Які тут канкрэтны „намер“ — проста выкінуць грошы? Ці ёсьць лёгіка і сэнс чалавеку, які стабільна працуе, арганізуе працоўныя месцы, думае пра заўтрашні дзень, пра падаткі і г.д. зарабляць сабе 50 тысяч эўра не прыбытку, а штрафу? Дарэчы, асабіста ў мяне штрафаў у пераліку зь беларускіх рублёў каля 10 тысяч эўра. Раней чамусьці ўзьнікла лічба ў 80 тысяч эўра — не, у мяне 10 тысяч, што, зрэшты, таксама нямала».
У 2013 годзе, на этапе рэалізацыі праекту платных дарог, Міністэрства транспарту прапанавала аўстрыйскаму інвэстару пачаць выкарыстоўваць сыстэму BelToll у тэставым рэжыме. Перавозчыкаў абавязалі ўсталяваць бартавыя прыстасаваньні. Але неўзабаве паўстала праблема, як навучыць кіроўцаў граматна імі карыстацца, арганізаваць пункты папаўненьня рахункаў і г.д. У выніку грузаперавозчыкі выходзілі на маршруты, не падазраючы, што нешта парушаюць. Пасьля паўгода экспэрымэнту, пачаўшы атрымліваць вялізныя штрафы, прадпрымальнікі папрасілі профільныя ведамствы амніставаць спагнаньні за тэставы пэрыяд. Але ніякага зацікаўленьня з боку чыноўнікаў пакуль няма.