Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жывём як першабытныя людзі». З калодзежаў, што вакол Крычаўскага цэмзаводу, сыходзіць вада


Міхеевічы. На даляглядзе новы цэмзавод
Міхеевічы. На даляглядзе новы цэмзавод

У вёсках Крычаўскага раёну з калодзежаў сыходзіць вада. Вяскоўцы вінавацяць у гэтым цэмэнтны завод. Пасьля таго як яго запусьцілі, заяўляюць жыхары навакольных вёсак, узровень грунтовых вод панізіўся, і калодзежы пачалі сохнуць.

Ваду вяскоўцам цяпер падвозяць. Людзей, аднак, турбуе якасьць і прывазной вады, і той, якая набягае ў калодзежы. А ў вёску Міхеевічы, што пад самым заводам, наагул перасталі вазіць ваду.

Калодзеж ля дому жыхаркі Міхеевіч Алесі Емяльянавай перасох даўно. Бліжэйшая студня — за дзьвесьце мэтраў. Каб набраць вады, Алеся мусіць па некалькі разоў цягнуць вазок за чатырыста мэтраў. Навіна, што прывазной вады больш ня будзе, жанчыну прывяла ледзьве ня ў роспач.

«У мяне двое дзяцей. Вялікая гаспадарка. Карова, двое сьвіней. Як мне цяпер быць?» — бядуе вяскоўка.

Калодзеж ля яе дому даўно без вады і нават, кажа Алеся, пасьпеў зарасьці. «Спэцыялісты глядзелі і сказалі, што яго трэба чысьціць. Але хто будзе чысьціць?», — не ўяўляе гаспадыня. Паводле яе, у калодзеж зьлівалі багата вады, але тая адтуль сыходзіла.

Алеся Емяльянава
Алеся Емяльянава

Алеся кажа, што днямі чыноўніцкая камісія нібыта абыходзіла вёску і высьвятляла, ці маюць гаспадары патрэбу ў прывазной вадзе. Угледзеўшы, што вада ў калодзежы набегла, камісія пастанавіла больш яе ў вёску не вазіць. У самой жа Алесі пра яе патрэбы ніхто не пытаўся.

«Людзі нібыта адмовіліся ад вады. Дзіўна, але чыноўнікі чамусьці не зайшлі да тых, хто бярэ прывазную ваду. У сельсавеце ж ведаюць пра іх, — кажа Алеся. — Днямі ў нас быў сход наконт вады, але пра яго я, напрыклад, даведалася выпадкова, калі ён ужо адбыўся. Або ня мог сельсавет усім зацікаўленым паведаміць пра сход?»

У Чырванабудзкім сельсавеце пацьвердзілі, што сход быў. На ім казалі пра пляны правесьці па вёсцы водаправод альбо замяніць калодзежную ваду калёнкамі. Канкрэтных тэрмінаў ня вызначылі. «Вы ж разумееце, што на гэта патрэбны час і грошы», — сказалі журналісту ў сельсавеце.

Па ваду. Дзьвесьце мэтраў туды і назад. Пятнаццаць хвілін на дарогу
Па ваду. Дзьвесьце мэтраў туды і назад. Пятнаццаць хвілін на дарогу

«Водаканал» кантралюе сытуацыю, — запэўніла супрацоўніца сельсавету.

«Вада ёсьць, вы ж ня думайце, што зусім безь яе сядзім. „Водаканал“ праводзіў маніторынг. Спэцыялісты замяралі ўзровень вады ў праблемных калодзежах. Сказалі, што ён павысіўся. Вада сышла з калодзежаў з прычыны працы цэмзаводу і паніжэньня ўзроўню грунтовых вод».

Незадаволенасьць Алесі Емяльянавай супрацоўніца сельсавету разумее. Ёй самой цяпер давядзецца некалькі разоў на дзень «за сто мэтраў хадзіць па ваду», кажа яна:

«Бралі прывазную ваду два ці тры чалавекі, а астатнія ў вёсцы сказалі, што ім вада ня трэба. У іх высьвятлялі. У іх калёнкі свае, дый у калодзежах вада ёсьць цяпер, так сказаў „Водаканал“».

Ваду згатуеш — асадак, нібы крэйды засыпаў
Ваду згатуеш — асадак, нібы крэйды засыпаў

Глыбіня калодзежаў у вёсцы сягае пятнаццаці мэтраў. Калі журналіст наведаў Міхеевічы, вада ў студнях была, аднак шмат якія вёдры на цапах былі іржавыя — відаць, што імі даўно не карысталіся.

Вяскоўцы, зь якімі ўдалося пагутарыць, сьцьвярджалі: калодзежы напаўняюцца вадой дужа павольна і ня могуць забясьпечыць сялянскіх патрэбаў. А водаправод у вёсцы не пракладзены, і самі людзі даць рады ня могуць.

«Калі суседка, дапусьцім, бярэ ранкам вядро вады з калодзежа, асабліва ў сухое лета, дык я за ёй чэрпаю гразі», — сказала адна з жыхарак Міхеевічаў.

Ня кожны наважыцца піць такую ваду. Вядро заржавела
Ня кожны наважыцца піць такую ваду. Вядро заржавела

«Даводзіцца падоўгу чакаць, пакуль вада набяжыць. Гатаваць ежу на нашай калодзежнай вадзе нельга, бо дужа вялікі асадак. Жывая крэйда застаецца на посудзе. Не адмыць. Дык што вы думаеце, у страўніку такога асадку няма? — абуралася жанчына. — Дажджы прайшлі, дык нібыта ўзровень узьняўся, але як другое вядро бярэш, дык стараесься яго бокам класьці ў калодзежы, бо іначай не набярэш. Посуд мыем дажджавой вадой. Каб памыцца ў лазьні, тыдзень зьбіраем ваду. Вось так і жывём, як першабытныя людзі».

Паводле суразмоўніцы, як браліся ўзводзіць цэмзавод, то ўжо меркавалася, што ўзровень грунтовых вод упадзе.

«Напачатку дык яшчэ была вада. Мы неяк чэрпалі яе, але зь леташняй вясны зусім мелка стала ў калодзежах. Больш заможныя нашы людзі прабілі сабе калёнкі. Наша суседка ў глыбіню да трыццаці мэтраў прабіла, але і ў яе вады няшмат», — кажа суразмоўніца.

Яна сьцьвярджае, што цэмзаводаўцы абяцалі парабіць калёнкі за свой кошт, але слова не стрымалі. «Цяпер нам кажуць, што грошай няма ні ў завода, ні ў раённага „Водаканалу“, і мы ня можам дабіцца нідзе праўды», — эмацыйна выказваецца вяскоўка.

Калодзеж у Ка́менцы зарос безь людзей і вады
Калодзеж у Ка́менцы зарос безь людзей і вады

«Вады няма ў калодзежах, якія бліжэй да цэмзаводу», — удакладняе наступны суразмоўца.

«Ува ўсіх тут такая думка, што цэмзавод ува ўсім вінаваты. Карʼеры выкапалі — і сышла вада. А як нам быць, як грады пойдуць? Дзе браць ваду, як лета сухое будзе? Калі ў калодзежах няма вады і нам яе ня будуць вазіць, дык дзе людзям браць яе?» — кажа вясковец.

Адна з жыхарак Міхеевічаў, адказваючы на пытаньне, наколькі праблема з вадой глябальная для вёскі, сказала, што цяжкасьці мае толькі адна сямʼя.

«Для іх гэта праблема глябальная. Ім, вядома ж, цяжка. Але вада ў калодзежах ёсьць, хоць і зь невялікім узроўнем. Была камісія з „Водаканалу“, і жыхары адмовіліся ад прывазной вады. Цяпер вырашаецца пытаньне пра калёнкі», — кажа вяскоўка.

У Крычаўскім прадпрыемстве «Водаканал» запэўнілі, што ваду ў Міхеевічы перасталі вазіць часова. «Цяпер няма неабходнасьці ў гэтым. Вясна прыйшла, падняўся ўзровень грунтовых вод, і вярнулася ў калодзежы вада. Як толькі ўзровень вады ўпадзе, то адновім падвозку. Мы трымаем сытуацыю на кантролі. Толькі ў адным калодзежы няма вады, але там яе ніколі і не было. За семдзесят мэтраў ёсьць яшчэ адзін калодзеж», — заявіў супрацоўнік «Водаканалу».

Каменка бліжэй да цэмзаводу, чым Міхеевічы
Каменка бліжэй да цэмзаводу, чым Міхеевічы

Ён жа пацьвердзіў, што мяркуецца пракладка па вёсцы водаправоду. Паводле яго, і да ўзьвядзеньня цэмзаводу ў Міхеевічах таксама былі праблемы з вадой.

У Міхеевічах жыве блізу двухсот чалавек. У вёсцы 13 калодзежаў.

Летась вяскоўцы скардзіліся наконт забесьпячэньня вёскі пітной вадой на «прамую тэлефонную лінію» старшыні дзяржкантролю па Магілёўскай вобласьці. Людзям адпісалі, што раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі разам з прадпрыемствам «Водаканал» правялі маніторынг, які паказаў: у 12 з 13 калодзежаў вада была. «Якасьць вады адпавядае нарматыўным патрабаваньням па ўсіх паказчыках, за выключэньнем утрыманьня нітратаў», — гаварылася ў адказе з Магілёўскага аблвыканкаму.

Паміж Каменкай і Міхеевічамі — карʼер новага цэмзаводу
Паміж Каменкай і Міхеевічамі — карʼер новага цэмзаводу

У тым, што ў Міхеевічах не наладжана водазабесьпячэньне, чыноўнікі вінавацілі цэмзавод. Прадпрыемства «ня выканала рэкамэндацыяў часовай камісіі» па правядзеньні маніторынгу стану грунтовых вод, пісалі людзям з аблвыканкаму. А раз няма дадзеных гэтага маніторынгу, даводзілі чыноўнікі, то і прыняць «канкрэтнае рашэньне па нармалізацыі сытуацыі з водазабесьпячэньнем» Міхеевічаў і суседняй Каменкі яны ня могуць.

У лісьце вяскоўцаў супакоілі, што пітной вадой іх забясьпечвае «Водаканал», падвозячы яе тры разы на тыдзень.

У суседнюю Каменку ваду возяць з цэмзаводу. Паводле тамтэйшых вяскоўцаў, вады ім хапае, але ніхто ім ня кажа пра яе якасьць. Яны спрабавалі даведацца пра гэта на заводзе, але там адказалі, што спэцыялістаў такіх у іх няма.

Сам цэмзавод, які, кажуць вяскоўцы, стаў прычынай сыходу вады з калодзежаў
Сам цэмзавод, які, кажуць вяскоўцы, стаў прычынай сыходу вады з калодзежаў

У Каменцы жыве меней за дзесяць чалавек. У адным з двух тутэйшых калодзежаў вада нібыта і ёсьць, але ніхто яе не бярэ. Яшчэ адзін калодзеж зарастае.

Цэмзавод зусім побач. Старажылы Міхеевічаў і Каменкі кажуць, што на пачатку 1990-х гадоў ініцыятыву ўзьвесьці новы цэмзавод у Крычаве ўрад не ўхваліў, прыслухаўшыся да меркаваньня эколягаў. Тыя даводзілі, што цэмэнтная вытворчасьць нэгатыўна адабʼецца на навакольным асяродзьдзі. «Як узяліся будаваць завод у наш час, дык ніхто асабліва і не пратэставаў», — казалі вяскоўцы.

Паводле іх, кітайцы, якія ўзводзілі завод, бралі ваду толькі са студняў Міхеевічаў. «Ім яна дужа падабалася. Цяпер жа вады вобмаль у нас, і тая можа зьнікнуць», — кажуць вяскоўцы.

Высьветліць, ці насамрэч цэмзавод настолькі ўзьдзейнічае на навакольнае асяродзьдзе, што вада сыходзіць з калодзежаў, не ўдалося. У аддзеле кіраваньня навакольным асяродзьдзем на заводзе патлумачыць гэта не захацелі. Параілі патэлефанаваць генэральнаму дырэктару. Той на званкі не адказваў.

Згорнуты верхні пласт зямлі, пад якім паклады сыравіны для цэмзаводу
Згорнуты верхні пласт зямлі, пад якім паклады сыравіны для цэмзаводу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG