Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпартаж з цэмэнтнага заводу ў Крычаве, дзе адбываюцца масавыя звальненьні


Стары цэмзавод летась ужо не працаваў
Стары цэмзавод летась ужо не працаваў

У акцыянэрным таварыстве «Крычаўцамэнтнашыфэр» — масавыя звальненьні. Ад пачатку году колькасьць працоўных зьменшылася больш як на 450 чалавек. Абяцаньне ўладаў знайсьці занятак кожнаму звольненаму не выконваецца.

Кіраўніцтва Беларускай цэмэнтнай кампаніі масавыя скарачэньні называе «аптымізацыяй колькасьці працоўных на прадпрыемстве». Паводле дырэктара кампаніі Ўладзімера Кісялёва, сёлета прагназуецца падзеньне спажываньня цэмэнту на пятнаццаць працэнтаў, і звальненьні — вымушаная мера.

Звальняюць пераважна працаўнікоў са старога цэмзаводу. Вытворчасьць на ім спыненая празь неэфэктыўнасьць. Паводле былога цэмзаводаўца і сябра незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Пятра (імя па просьбе суразмоўцы зьмененае) абсталяваньне прадпрыемства рыхтуюць да дэмантажу альбо разьбіраюць на мэталалом.

«Звольненыя працаўнікі ідуць на біржу. Я таксама хадзіў туды і бачыў многіх з заводу. Проста цэхамі прыходзілі. Многія маюць намер выехаць з раёну, бо знайсьці сабе тут працу надта цяжка. У Крычаве гуляе лічба, што ўжо зьехала блізу тысячы чалавек. Для нашага раёну тысяча чалавек — дужа важкая колькасьць. Прадпрымальнікі зачыняюцца. Крамы прадаюцца. У каго ёсьць грошы пачынаць бізнэс, едуць у суседнюю Расею», — апавядае Пётар.

Лукашэнка не дапамог

«У Крычаве нават у атмасфэры адчуваецца дэпрэсія ды напружанасьць, — працягвае суразмоўца. — Вось у Магілёве на тварах людзей бачу ўсьмешкі. Студэнтаў многа. А ў нас, у Крычаве, дэпрэсія. Гэта добра відаць на вуліцах, на рынках»….

Каб высьветліць лёс прадпрыемства, яго працаўнікі зьвярталіся да Аляксандра Лукашэнкі. Зварот да кіраўніка дзяржавы падпісалі больш за сто чалавек. Ліст Лукашэнку, зазначае Пётар, не ўратаваў падпісантаў ад звальненьня. Нямногія зь іх затрымаліся на заводзе, уладкаваўшыся ахоўнікамі. Працоўныя кантракты зь імі працягнулі на год.

На заводзкай тэрыторыі ні душы
На заводзкай тэрыторыі ні душы

«Магчыма, што ўсіх падпісантаў трымаюць пад асаблівым кантролем, — мяркуе былы працаўнік. — Гэтыя людзі ў любым разе праблемныя. А каму патрэбныя праблемныя людзі на іншым прадпрыемстве? Яны ж ужо могуць пісаць і скардзіцца».

Паводле Пятра, падпісваючы ліст Лукашэнку, працоўныя спадзяваліся на ягоную дапамогу.

«Людзі верылі, і гэта іх кансалідавала. Але звальненьнем іх раздрабнілі. І цяпер наўрад ці яны здольныя на абʼяднаньне дзеля пратэсту. У прынцыпе, улада свайго дамаглася — працоўных раздрабнілі».

Выплачвалі шматмільённыя кампэнсацыі, абы закрыць пытаньне з заводам

Пётар таксама трапіў пад скарачэньне. На заводзе адпрацаваў тры гады. Паколькі ініцыятарам дачаснага спыненьня кантракту выступіла адміністрацыя, то яму выплацілі кампэнсацыю. Паводле яго, шматмільённыя выплаты атрымалі і звольненыя калегі. «Ад дваццаці пяці мільёнаў да пяцідзесяці пяці мільёнаў — гэткія сумы выплачваліся тым, хто не хацеў затрымлівацца на заводзе тры месяцы», — заўважае ён.

Тры гады таму коміны яшчэ «чадзілі» цэмэнтным пылам
Тры гады таму коміны яшчэ «чадзілі» цэмэнтным пылам

«Тых, каго звольнілі, накіроўваюць на прыём да старшыні райвыканкаму, і той бярэ на сябе абавязак працаўладкаваць іх. Пакуль жа гэта абяцаньні і нічога больш. Столькі вакантных месцаў, каб уладкаваць звольненых з заводу, у раёне няма», — сьцьвярджае Пётар.

Паводле суразмоўцы, новы цэмзавод, што пад Крычавам, пакуль працуе, але скарачэньні закранулі і яго.

«Гэты завод будуць выцягваць, бо вялікія стаўкі на яго. Вялікія сродкі ўкладзеныя».

Новы цэмэнтны завод на чыгуначнай станцыі Каменка 16 жніўня 2013 году ўрачыста запусьціў Аляксандар Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы застаўся задаволены прадпрыемствам, якое ўзьвялі на кітайскія грошы. Праз два месяцы арыштавалі генэральнага дырэктара Леаніда Скоцкага, які суправаджаў Лукашэнку па заводзе. Крычаўскі раённы суд пакараў Скоцкага дзесяцьцю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за злоўжываньне ўладай і хабарніцтва.

Цэмэнтавозы
Цэмэнтавозы

Што да старога заводу, дык ягоная праца была неэфэктыўная даўно. Тое, што яго зьбіраюцца зачыняць, не было таямніцай для жыхароў райцэнтру. Аднак кіраўніцтва прадпрыемства і чыноўнікі не наважваліся заяўляць пра гэта адкрыта.

Лепей ня будзе. Сёлета спажываньне цэмэнту скароціцца на 15%

Летась у верасьні старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі згадаў, што на старым Крычаўскім цэмзаводзе людзі незадаволеныя. Кіраўнік абласной вэртыкалі запэўніваў крычаўцаў, што сытуацыю нармалізуюць.

«Да мяне даходзяць чуткі, што людзі пасьля выбараў (прэзыдэнцкіх, 2015 году. — РС) застануцца бяз працы, — казаў Даманеўскі. — Сытуацыя на „Цэмэнтнашыфэры“, а менавіта на ўчастку, які вырабляе цэмэнт мокрым спосабам, вядомая ўраду, аблвыканкаму, і мы ні ў якім разе не пакінем гэтых людзей без заробку і працы».

Як кажа Пётар, калі раней цэмзавод прыцягваў людзей заробкамі, то апошнім часам тут запанавала «ўраўнілаўка». «Колькі б ты ні працаваў, усё адно заробіш, як усе. Стымулаў да працы ў людзей не было».

Са спыненьнем цэмзаводу паветра ў Крычаве пачысьцее, але працоўных месцаў паменее
Са спыненьнем цэмзаводу паветра ў Крычаве пачысьцее, але працоўных месцаў паменее

Дырэктар Беларускай цэмэнтнай кампаніі Ўладзімер Кісялёў у інтэрвію крычаўскай раёнцы адзначае зьніжэньне попыту на цэмэнт. Калі ў 2013 годзе Беларусь спажывала 5 мільёнаў 100 тысяч тон цэмэнту, то летась — 3 мільёны 700 тысяч тон. Паводле Кісялёва, сёлета падзеньне абʼёмаў спажываньня цэмэнту прагназуецца на 15 працэнтаў.

Што тычыцца самога «Крычаўцэмэнтнашыфэру», летась прадпрыемства мела страты ў 380 мільярдаў рублёў. За два сёлетнія месяцы вытворчасьць цэмэнту ўпала на 20 працэнтаў. А Кісялёў заяўляе, што колькасьць працаўнікоў на прадпрыемстве завышаная ў параўнаньні з падобнымі вытворчасьцямі ў Расеі і Польшчы. Летась з «Крычаўцэмэнтнашыфэру» звольнілі 468 чалавек.

Сытуацыя ў Крычаве характэрная для райцэнтраў

Лідэр незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч ведае пра сытуацыю на «Крычаўцэмэнтнашыфэры». Ён кажа, што пры звальненьні працоўных з прадпрыемства парушэньняў не зафіксавана. Сытуацыю ў Крычаве кіраўнік незалежнага прафсаюзу называе характэрнай для райцэнтраў.

Бяз працы застаецца толькі любіць Крычаў
Бяз працы застаецца толькі любіць Крычаў

«Дзе ўладкавацца людзям на працу — вось якое пытаньне стаіць. І тое, што Кабякоў кажа пра 50 тысяч новых працоўных месцаў, дык варта ствараць працоўныя месцы ў такіх гарадах, як Крычаў, а не на паперы іх ствараць у Менску. У сталіцы яшчэ сытуацыя з працай крыху прасьцейшая, а вось у райцэнтрах вельмі цяжка з працай».

«Сацыяльнае напружаньне ў Беларусі будзе расьці, — прагназуе Генадзь Фядыніч. — Улады не вырашаюць праблемаў занятасьці і заробкаў. Яны ж сваё атрымліваюць. Трэба мяняць падыходы і саму сыстэму перанавучаньня. Калі ўлада ня возьмецца гэтага рабіць, а яна і не наважыцца, то працоўным давядзецца выстаўляць чыноўнікам ультыматумы. Такая ўлада павінна сысьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG