У Магілёве на невялікай рацэ Дзебры адбываецца экалягічнае бедзтва, заяўляюць мясцовыя краязнаўцы. На вытоку рачулкі ўтварылася сажалка, запоўненая нечыстотамі. Імі забруджана рэчышча.
Дзябранскі выток — за некалькі сот мэтраў ад аблвыканкаму. Схаваны ён у глыбокім яры, які шчыльна зарос дрэвамі. У залеву сюды з прылеглых вуліц сьцякаюць павярховыя воды. Сажалка ж зь нечыстотамі, дапускае краязнаўца Леанід Платоненка, магла ўтварыцца, калі прарвала каналізацыю. Выявіць пашкоджаньне мажліва, толькі выпампаваўшы забруджаную ваду, кажа ён.
«Парыў каналізацыі адбыўся, хутчэй за ўсё, ня так даўно. Праблема тут інжынэрна-тэхнічная», — кажа Леанід Платоненка.
Паводле яго, у 1970-х гадах па рэчышчы Дзебры праклалі гарадзкі і прамысловы каналізацыйны калектар, пры гэтым парушылі водаадпорны пласт. У сьпёку вада сыходзіць у глебу. Акрамя таго, кажа Платоненка, у Магілёве ня вывучаныя як сьлед малыя рэкі і іхныя вытокі. «Некаторыя, — кажа ён, — засыпаныя, і на іх узьведзеныя прамысловыя комплексы».
Краязнаўцы паведамілі пра сытуацыю на Дзебры ў санэпідэмстанцыю, у камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, у камунальныя службы. Паводле Платоненкі, найбольш сур’ёзна паставіліся да праблемы супрацоўнікі камітэту прыродных рэсурсаў. Яны шукаюць вінаватых.
Яшчэ адзін актывіст, сябра суполкі «Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў» Кірыл Дарашэнка кажа: праблема на Дзебры ў тым, што цяжка вызначыць зоны адказнасьці гарадзкіх службаў. «Кожная служба, — кажа ён, — вінаваціць у праблеме іншую».
«Між тым, — кажа ён, — гэтая праблема вымагае ўвагі з боку ўсіх гарадзкіх службаў».
Кожная з трох невялікіх рэк гораду, заяўляюць актывісты, мае экалягічныя праблемы і вымагае павышанай увагі з боку ўлады.
«Мы прапаноўваем сфармаваць экалягічнае кола вакол малых рэк гораду. Гэта будуць зялёныя зоны адпачынку. Калі ж не зьвяртаць на іх увагі, то поймы рэчак ператворацца ў сьметнікі», — кажа Леанід Платоненка.