Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятое возера ў Магілёве — зона экалягічнага бедзтва


Сьвятое возера — помнік прыроды. За даляглядзе востраў, які аблюбавалі чайкі. Іх вінавацяць у «хваробе» вадаёму.
Сьвятое возера — помнік прыроды. За даляглядзе востраў, які аблюбавалі чайкі. Іх вінавацяць у «хваробе» вадаёму.

У Магілёве Сьвятое возера працягвае пакрывацца брудам. Трэці сэзон у ім забаронена купацца. Па берагах самага глыбокага вадаёму Магілёўшчыны ляжаць шкілеты чаек. На ачыстку возера ўлады ня маюць грошы.

Улюблёная мясьціна адпачынку гараджан выглядае бязьлюднай. У сьпёку ахвотных пазагараць на возеры няшмат. Тыя хто наведваецца, да вады не падыходзяць. Ля берагу, як і летась, на хвалях гойдаецца плёнка з арганічнага рэчыва.

Ля берага плёнка арганічнага рэчыва
Ля берага плёнка арганічнага рэчыва

«Мы жывём недалёка, але сёлета выбраліся на возера ўпершыню. Думалі, што сытуацыя на ім зьмянілася да лепшага. Але як і раней: усё жахліва, — з роспаччу зазначыла адна зь першых суразмоўніц. Жанчына прывяла сына паказаць, як яна выказалася, яшчэ жывых птушак.

«Вядома ж, карціна сумная. Улады нічога ня робяць, каб уратаваць вадаём. Яго ачысьціць можна, але ж незаўважна, каб нешта рабілася ў гэтым напрамку, — з абурэньнем камэнтуе сытуацыю суразмоўніца. — Брудам усё зацягваецца. Птушак здохлых многа. Шкілеты ляжаць і ніхто іх не прыбірае, а гэта ж таксама небясьпека. Сын нагледзеўся, і я пашкадавала, што яго прывяла».

Птушка ў палоне арганікі
Птушка ў палоне арганікі

На беразе сапраўды нямала птушыных шкілетаў. Некаторыя цельцы працягваюць разлагацца ля самай вады. Тыя нябогі, якія патрапілі ў палон топкай багны, вызваліцца зь яе ня могуць і гінуць.

«Возера гэта настолькі забруджана, што знаходзіцца ля яго, відаць, небясьпечна», — заяўляе яшчэ адзін суразмоўца. Па яго словах ён раней часта наведваўся на гэты вадаём, каб адпачыць.

«Возера было цудоўнае, а цяпер яно паволі ператвараецца ў балота. Забруджвалася яно не адзін год. Пакуль быў у возера патэнцыял самаачышчэньня, то яно ратавала само сябе. Цяпер жа сілаў прыроды нестае і яно заплывае брудам», — заключыў суразмоўца.

На інфармацыйных стэндах, разьмешчаных па пляжы, абвесткі санэпідэмстанцыі «Купацца забаронена».

«Адзінае, што я вам магу сказаць, што дзеіць прадпісаньне аб забароне купаньня з 2014 году. Вада не адпавядае стандартам па мікрабіялягічных паказчыках», — паведаміла супрацоўніца санэпідэмстанцыі пра стан Сьвятога возера.

Купацца нельга. Загараюць адзінкі
Купацца нельга. Загараюць адзінкі

У 2014 годзе заяўлялася: каб возера выратаваць неабходна пачысьціць ягонае дно ад арганічных злучэньняў.

У прыватных гутарках некаторыя спэцыялісты зазначалі, што на дне возера за шмат год пласт арганічных адкладаў назапасіўся да двух мэтраў. Цяпер адбываецца працэс разлажэньня. На просьбу вызначыць стан, у якім апынулася возера, суразмоўцы адказалі: адбываецца экалягічнае бедзтва.

Вядома, што ў 2010 годзе быў распрацаваны праект па ачыстцы донных адкладаў. У той час ён каштаваў 30 мільярдаў рублёў. Цяпер жа гэта сума значна вышэйшая.

Санэпідэмстанцыя папярэджвае
Санэпідэмстанцыя папярэджвае

Што сталася прычынай забруджваньня возера, высьветліць не ўдалося. Як і летась, спэцыялісты з розных арганізацыяў вінавацілі ў забруджваньні чаек, чалавечую нядбайнасьць. Але пэўнага адказу гэтак і не далі.

У гарадзкой інспэкцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя запэўнілі, што сытуацыя зь Сьвятым возерам не забытая і прапрацоўваюцца захады, каб «вярнуць яго да жыцьця».

Рыба ў возеры пакуль не зьвялася
Рыба ў возеры пакуль не зьвялася

«Узятыя аналізы вады і грунтовых адкладаў. Шукаем сродкі для ачысткі возера. Спадзяемся на дапамогу па лініі грамадзкіх арганізацыяў. Грошы патрэбныя вялізныя, але ўсё будзе залежыць ад вынікаў узятых аналізаў», — пракамэнтаваў сытуацыю супрацоўнік інспэкцыі.

У прадпрыемстве «Магілёўзеленбуд», якое займаецца ўпарадкаваньнем возера, на пытаньне пра яго цяперашні стан адказалі каротка: «Бязь зьменаў».

Спэцыялісты навукова-дасьледчага інстытуту комплекснага выкарыстаньня водных рэсурсаў пасьля вывучэньня сытуацыі на возеры рэкамэндавалі ліквідаваць востраў, які засяліла калёнія чаек. Птушкі, на думку спэцыялістаў, і разносяць бактэрыі. Была дадзеная рэкамэндацыя пачысьціць дно возера ад адкладаў.

Цельца птушкі разлагаецца ля вады
Цельца птушкі разлагаецца ля вады

Сёлета на адной з нарадаў у гарвыканкаме яго старшыня Ўладзімер Цумараў, прызнаў: на ачыстку возера ў гарадзкім бюджэце грошай няма.

Актывісты-эколягі тым часам прычынай забруджваньня возера называюць прыбіральні, прылеглых прыватных сядзібаў пасёлка Грабянёва. На іхную думку, праз грунт гадамі прасочваліся элемэнты азоту і фосфару, якія і прывялі да разрастаньня шкодных мікраарганізмаў. Акрамя таго, заяўляюць эколягі, возера цярпіць ад сьцёкаў паверхневых вод.

На возера лепей дзівіцца, чым купацца
На возера лепей дзівіцца, чым купацца

Жыхары Грабянёва вінавацяць улады, што тыя не парупіліся ў час пра возера. У сваіх довадах людзі ня стрымліваліся ў выразах.

«Адзінае такое ў Магілёве возера і, высьвятляецца, што яно нікому не патрэбнае. Гэтак дапусьціць, каб яно брудам заплыло! А цяпер людзі вінаватыя ўва ўсім? Дык мы вінаватыя і ў тым, што чайкі пачалі дохнуць? Уперад вінавацілі іх, што яны за...лі вадаём. Але птушак тут заўжды было мноства і чыстае возера было. Размоваў шмат пра прычыны, але канкрэтнай ніхто не называе», — казалі журналісту жыхары вуліцы Лізы Чайкінай. Гэтая вуліца ля самага возера.

Птушыні шкілет. Іх не прыбіраюць
Птушыні шкілет. Іх не прыбіраюць

Сьвятое возера — помнік прыроды. Яно самае глыбокае на Магілёўшчыне. Углыб сягае 19 мэтраў. Упершыню ў гістарычных хроніках згадваецца ў 1643 годзе. Чатыры дзясяткі гадоў таму Сьвятое возера было невялікім. Калі пачалася індустрыялізацыя тутэйшых мясьцін з масавым узьвядзеньнем жыльля, з вадаёму бралі пясок. Возера значна павялічылася як памерамі, гэтак і глыбінёю. Вадаём замкнёны. Зь яго не выцякае ніводнай рэчкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG