Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэрка з Польшчы зрабіла сайт пра ўспаміны аб Горадні


Вольга Галецкая
Вольга Галецкая

Вольга Галецкая прыехала з Польшчы ў Горадню ў межах праграмы Эўразьвязу «Эўрапейская валянтэрская служба» і працуе ва «Ўнівэрсытэце залатога веку», што створаны пры грамадзкім аб’яднаньні «Трэці сэктар». Выкладае польскую мову і адпачатку марыла стварыць уласны праект для сваіх студэнтаў.

— Вольга, як прыйшла вам ідэя стварыць сайт успамінаў пра Горадню?

— Ад пачатку маёй працы ва «Ўнівэрсытэце залатога веку», а тут займаюцца людзі сталага веку, хацелася прыдумаць і ажыцьцявіць нейкі свой праект, які быў бы цікавы для нашых студэнтаў і дапамагаў бы разьвівацца таксама і мне. Ідэя ўзьнікла з таго, што мяне наагул цікавіць горад як прадмет сацыялёгіі. Раней я дасьледавала Вільню празь літаратуру, цяпер прыехала ў Горадню і пачала шукаць спосаб, каб даведацца пра горад нешта цікавае, такое, чаго не змагу знайсьці ў кнігах. Яшчэ мне здавалася, што гэта зацікавіць маіх студэнтаў, а магчыма, пашырыцца і на ўсю Горадню. Вельмі хацелася зрабіць нешта і для жыхароў Горадні, нешта тут ім пакінуць.

— Калі ў некалькіх словах — што сабой уяўляе ваш сайт і чым ён цікавы чытачу?

— «Гэта інтэрактыўная мапа, якую можна знайсьці на сайце hrodnamemories.wordpress.com. На мапе — падзеленыя па тэмах успаміны жыхароў Горадні. Пакуль гэта толькі ўспаміны нашых студэнтаў, зь якімі я займалася ў межах клюбу «Гарадзенскія ўспаміны». Я сама запісвала гэтыя ўспаміны, апрацоўвала і выклала на сайт. Дастаткова клікнуць на любы ўспамін, і можна пачытаць пра нейкае канкрэтнае месца, чалавека, падзею, зьвязаную ці проста з жыцьцём чалавека, ці нават нейкую маштабную. Ёсьць таксама месца на сайце, каб пакінуць свой успамін, свае відэа- і аўдыёматэрыялы.

— Значыцца, гэта толькі ўласныя перажываньні чалавека, зьвязаныя з нашым горадам, а ня нейкія гістарычныя падзеі ці нешта кшталту гэтага?

— Так, тут заўсёды чалавек і тое, што яго зьвязала з Горадняй. Паколькі чалавек — гэта тое асноўнае, што стварае горад як у архітэктурным пляне, так і ў жыцьцёвым, паколькі менавіта ён разьвівае гэты горад. Мае студэнты, да прыкладу, вельмі шмат распавядалі пра разбурэньне Фары Вітаўта, пра тое, што потым адбывалася на гэтым месцы.

— А што вам найбольш падабаецца ў гэтых успамінах гарадзенцаў?

— Мне, да прыкладу вельмі спадабаліся ўспаміны пра тое, як раней моладзь зьбіралася на вуліцах Ажэшкі і Савецкай, сустракаліся, размаўлялі і толькі шпацыравалі з аднаго канца вуліцы ў другі. Гэта было месца, дзе можна было сустрэць усіх знаёмых. І тады на вуліцы было нашмат больш людзей, чым можна сустрэць цяпер на гэтых вуліцах. Праўда, я б хацела, каб свае ўспаміны на сайце пакідалі ня толькі сталыя людзі, а і маладыя, самага рознага ўзросту.

— Чаму вас так зацікавілі ўспаміны пра горад?

Заўсёды больш цікава пачуць гісторыю, чым чытаць у кніжках

— Для мяне, прыежджага чалавека, гэта вельмі цікава. Думаю, што і гарадзенцам гэта будзе ня менш цікава. Цяпер наагул паўсюль існуе мода на дасьледаваньне родных мясьцін, і гарадзкі напрамак вельмі хутка разьвіваецца — я за гэтым даўно назіраю і бачу, што людзі больш зацікаўленыя сваім горадам, чым раней. А па-другое, гэта як бы такая жывая гісторыя, і заўсёды больш цікава пачуць гісторыю, чым чытаць у кніжках.

— Вы адна рабілі ўсю працу па стварэньні сайта?

— Так, гэта мой уласны праект, зьвязаны з валянтэрствам тут. І, дарэчы, я шмат чаму навучылася.

— Ці сайт ужо наведваюць чытачы? Ці пакідаюць свае успаміны?

— Сайт дзейнічае толькі чатыры дні. Я бачыла наведнікаў з Польшчы, Літвы, Нямеччыны, іншых краінаў, але пакуль новых допісаў ніхто не пакінуў.

— А вы самі ўжо запісалі нешта з сваіх уласных успамінаў?

— Пакуль не. Я тут з кастрычніка, і, ведаеце, памятаю свой першы дзень у Горадні, і мне тут вельмі не спадабалася. Мы прыехалі ў Кастрычніцкі раён, дзе новыя дамы, і я не магла зразумець мясцовых кантрастаў, нават напалохалася. Але вельмі хутка здолела закахацца ў Горадню, пачала шукаць свае любімыя месцы. Я наагул такі чалавек, што калі прыяжджаю ў новае месца, адразу пачынаю шукаць. І знайшла тут Новы сьвет, і месца каля сынагогі, дзе мы любім стаяць зь сябрамі, глядзець на месяц і на парк. Нават Нёман мне спачатку не спадабаўся, а цяпер я тут так часта гуляю, дый па сваім мікрараёне цяпер з задавальненьнем люблю катацца на ровары.

— У вас цудоўная беларуская мова, дзе вы яе вывучалі?

— Я сама зь Любліна, там вучылася ва ўнівэрсытэце на аддзяленьні славянскай філялёгіі, потым 2 гады вучылася ў магістратуры на аддзяленьні беларускай філялёгіі ў Варшаўскім унівэрсытэце і яшчэ 2 гады ў магістратуры ў Цэнтры ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту. Потым мне захацелася дадаць практычных ведаў, і вось я прыехала ў Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG