Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белыя плямы беларушчыны


Бываюць стравы перасоленыя і недасоленыя. Так здараецца і з кнігамі.

Напрыклад, новы том пра Горадню, які выклікае пэўнае расчараваньне. Паколькі большая частка яго зробленая, трэба прызнаць, як мае быць, дасьведчана, мы маем клясычную лыжку дзёгцю ў бочцы зь мёдам.

Першая падобная кніжка «Ад Фартоў да Каложы» (Фартамі называецца жылы раён) расказвала пра дамы і вуліцы Горадні. Аб некаторых была цікавая архіўная інфармацыя, аб іншых – нічога. Кніжка была тонкай. Памятаю, мы з Міколам Маркевічам, сутыкнуўшыся на вуліцы, падзяліліся: чаму няма зьвестак пра 1990-я, нават газэту «Пагоню» не ўзгадалі.

Я ведаў усіх, хто рабіў кніжку, ставіўся да іх нармальна і проста папрасіў ўлічыць мае заўвагі. І яшчэ сказаў: у горадзе жывуць журналісты, якія «трымаюць час у руках», трэба зьвяртацца да іх па параду, даваць на рэцэнзію, раз краязнаўцы і гісторыкі самі не валодаюць падзеямі ў горадзе за апошнія дваццаць-трыццаць гадоў.

Прайшло нямала часу, і паявіўся вялікі том з мноствам малюнкаў: «Ад Фартоў да Каложы» перанесьлі ў падзагаловак, назваўшы кнігу салідна «Біяграфія гарадзенскіх вуліц». Праца была зроблена месцамі грунтоўная, цяпер нам вядома з падрабязнасьцямі – дзе які дом у гістарычнай забудове меў ці мае дагэтуль філёнгі, ліштвы і гэтак далей. Але ўздым апошняга адраджэньня замоўчаны.

Праўда, у двух месцах паявіўся радок аб тым, што па гэтым адрасе была рэдакцыя «Пагоні». Напрыклад: на вул. Савецкай, 25, пішуць аўтары, у розны час была швейная майстэрня «Горпромкомбината», «салён мод швейнай фабрыкі індывідуальнага пашыву адзеньня», разьмяшчалася крама «Тканіны» і «на пачатку 1990-х гг. працавала рэдакцыя газэты «Пагоня». Пра індывідуальны пашыў адзеньня, як бачым, напісана больш грунтоўна, гэта важней. А, між іншым, ужо стала легендай, як у рэдакцыі, не жадаючы ставіць у газэце адрас на Савецкай вуліцы, запісалі – вуліца Дамініканская, 1, на якой рэальна і знаходзілася газэта – і пошту прыносілі менавіта туды. Брама і дзьверы рэдакцыі былі якраз на Дамініканскай. І толькі пазьней выявілася, што ўлады надалі першы нумар (не павесіўшы яго) іншаму дому, а «Пагоня» была ў наступным – N3. І падобныя гісторыі ў кнізе, між іншым, ёсьць, але яны датычаць царскіх часоў. Пра часы цяперашнія аўтары нічога ня ведалі і не пажадалі зьвярнуцца да тых, хто ведае.

Зь «Біяграфіі гарадзенскіх вуліц» чытач даведаецца, колькі і дзе было габрэйскіх малітоўных школ, таварыстваў, дзе была мясная ці гарэлачная крама, абавязкова – прозьвішчы ўладальнікаў, а таксама гаспадароў кожнай камяніцы, кабінэты дактароў-гінэколягаў царскага і польскага часу. Даведаецца ён і аб тым, колькі было і дзе стаялі помнікі Сталіну, зь якога да якога году кіравалі ўсе першыя сакратары «абкаму партыі», дзе ў гістарычнай забудове былі парткабінэты, у якім падвале аднойчы паставілі аўтаматы з газіроўкай.

З абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі горад упаў у летаргію, у ім нічога не адбывалася, лічаць аўтары. Ніякіх прыкметаў беларускага жыцьця ў кнізе няма. Не было ўсплёску нацыянальнага жыцьця, беларускіх школ, не было прыкметаў дэмакратызацыі.

Ну давайце «пройдземся па адрасах». Па-першае: на Савецкай, 25 быў упершыню ў Горадні афіцыйна вывешаны дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг. У будынку таксама знаходзіўся фонд «Бацькаўшчына», які выдаваў газэту «Пагоня». Далей: на вуліцы К.Маркса ня толькі рэдакцыя была, але таксама ТБМ, БАЖ, а галоўнае – мясцовая ўправа БНФ і бел-чырвона-белы сьцяг вісеў яшчэ напачатку 2000-х! А па гэтай вуліцы ўвесь транспарт ідзе, усе бачылі гэты сьцяг. Дык напішыце! І пералічыце прозьвішчы ўсіх кіраўнікоў БНФ, як гэта зроблена з сакратарамі абкаму і арганізацый польскага і царскага часу.

А вось згадка пра народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава. Чытаем, што на вуліцы Сьвярдлова «жыў у чатырохпакаёвай, але невялікай кватэры Васіль Быкаў. Гэтую кватэру пісьменьнік атрымаў на хвалі папулярнасьці, якая прыйшла да яго ў 1960-х гг.». Але хутчэй за ўсё, ён атрымаў яе таму, што яму павінны былі пашырыць жылую плошчу, паколькі ў яго было двое дзяцей, ён быў сябрам Саюзу пісьменьнікаў і да таго ж – вэтэранам вайны. Аднак чамусьці нічога не гаворыцца, што ён працаваў у рэдакцыі абласной газэты на Савецкай, 8, што жыў побач – у доме на Вялікай Траецкай, 22. Наступнай рэдакцыі, дзе працаваў Быкаў, у кнізе наогул няма. А пра філію СПБ у Доме Элізы Ажэшкі сказана, што яна там была «ў 1960-я гады» і ёю кіраваў А.Карпюк. Па-першае, яна знаходзілася ў доме да канца 1990-х, па-другое, філіяй некалькі гадоў кіраваў таксама Быкаў. У кнізе аб гэтым – нічога. Пра грамадзкі музэй Быкава на Савецкай, 31 – ні слова! А тут жа была (з 2000-га) рэдакцыя новай гарадзкой газэты «Вечерний Гродно», урэшце знаходзіцца філія чаргінцоўскага саюзу пісьменьнікаў, шыльда ёсьць. Замест гэтага чытач мае інфармацыю пра «вялікую спажывецкую краму» ў падвале, аўтаматы газаванай вады і «совет общества изобретателей и рационализаторов».

Чаму няма ў кнізе адрасоў, дзе працавалі ў 1990-х рэдакцыі дэмакратычных газэт: «Перспектива», «Гродненские новости», «Инфобиржа», «Биржа информации»? Усё гэта ў гістарычным цэнтры. І чаму не напісаць, дзе быў падрыхтаваны да друку першы нумар «Пагоні», што было вялікай падзеяй для Горадні?! Гэта адбылося на вуліцы Антонава, аб якой толькі прачытаеш, што там «па некаторых зьвестках мясьціўся публічны дом».

Вы ня знойдзеце ў кнізе зьвестак аб тым, што ў доме культуры з 1986 году зьбіраўся вядомы на ўсю краіну клюб «Паходня», што там выступіў пры поўнай залі Зянон Пазьняк, незадоўга да эміграцыі. Няма зьвестак, што ў суседнім тэатры паставілі, напрыклад, «Тутэйшых», што там адбыўся вялікі сход грамадзкасьці з нагоды 25 сакавіка, а на сцэне вісеў гіганцкіх памераў бел-чырвона-белы сьцяг. Не знайшоў я і згадкі пра славуты асяродак беларускага жыцьця – «Ратушу», створаную Аляксандрам Мілінкевічам.

Мы даведваемся з кнігі пра «злачные заведения» царскіх часоў, польскіх, савецкіх. Але чаму няма ўзгадкі пра славутую ў нацыянальнай публікі «Батлейку» Міколы Таранды ў тэатральнай камяніцы? Альбо пра «Куфэрак» Хвашчынскіх на Віленскай, дзе зьбіраліся творчыя людзі, моладзь?

Мы чытаем, што ўлады разбурылі стары будынак чыгуначнага вакзалу, «нягледзячы на пратэсты з боку некаторых мясцовых інтэлігентаў». Якая была нагода назваць іх! Вядомага гісторыка Міхася Ткачова, прафэсара, заснавальніка «Грамады», а таксама – удзельнікаў «Паходні». Няма іх у кнізе. Як і згадкі, што пры новым вакзале знаходзіцца пастаўлены ў 1995-м адметны (праца каваля і скульптара) памятны знак паўстанцам Каліноўскага.

Пра дошку камсамольцам-падпольшчыкам на ПТВ у мікрараёне напісана, пра выдатна зробленую памятную шыльду на гістарычнай камяніцы, дзе працаваў кампазытар Аляксандар Шыдлоўскі, колішні вучань віленскай беларускай гіназіі, нічога няма. Пра ахоўную шыльду «Дом караля Стэфана Баторыя» паведамляецца з памылкай: улады напэўна забаяліся і слова «караля» у ёй якраз адсутнічае, няма яго!

А што мы чытаем наконт памятнай шыльды паэту Міхасю Васільку! Што яна была на адміністрацыйным будынку, «пазьней перанесеная па незразумелых прычынах» у іншае месца. Між тым, людзям, якія чытаюць газэты, пагатоў журналістам, добра вядома, што хуліганы разьбілі шыльду (выпадак трапіў у крымінальную хроніку). Прайшло гадоў пятнаццаць, пакуль не зрабілі зусім іншую. А павесілі яе на выдатнай гістарычнай камяніцы, якой пачынаецца вуліца Васілька, магчыма таму, што ў будынку, на якім была ранейшая шыльда, апынуўся дзяржкантроль і ўпраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў. Адным словам, сакрэт палішынэля.

Падзеі і зьявы нацыянальнага жыцьця новага часу ў «біяграфіі гарадзенскіх вуліц» цалкам адсутнічаюць. Як і прозьвішчы шчырых патрыётаў. Таму рытарычнае пытаньне застаецца: калі іх цяпер выкінулі з сучаснай гісторыі Горадні, то хто і калі зноў верне?

Аднак дзеля справядлівасьці трэба сказаць: у большасьці выпадкаў аўтары падышлі да сваёй працы вельмі грунтоўна, дзякуючы ім кнігай можна карыстацца як энцыкляпэдычным даведнікам. Ну, а ў іншых выпадках — белыя плямы. Прычым відавочна: каб яе далі на рэцэнзію, каб быў рэдактар, мінусаў можна было б пазьбегчы. Бо тады адразу кінулася б у вочы, што ў кнізе не хапае інфармацыі, аб якой напісана вышэй, і што неістотныя зьвесткі пра парткабінэты і падобнае варта выкасаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG