Першы этап вайсковых вучэньняў «Захад-2017» завяршаецца 16 верасьня. За першыя дні вучэньняў войскі Беларусі і Расеі адпрацоўвалі кіраваньне аб’яднанымі войскамі і апэрацыі па стабілізацыі абстаноўкі. А таксама «пазнаёміліся» з умоўнымі ворагамі — «Вяйшнорыяй» (захад Беларусі), «Вэсбарыяй» і «Лубэніяй» (усходнія часткі Літвы і Польшчы).
«Вяйшнорыя» кантралюе мяжу, захапіла мястэчка на поўначы Беларусі, падбіла 7 танкаў і 10 БТР, спрабуе падарваць газапровад
Паводле зьвестак Міністэрства абароны Беларусі, на палігонах «Асіповіцкі», «Барысаўскі» і «Лепельскі» вайскоўцы займалі абарончыя пазыцыі. Расейскія мотастралковыя, танкавыя і артылерыйскія падразьдзяленьні і сродкі проціпаветранай абароны 1 танкавай арміі Расеі рыхтуюцца да баявых дзеяньняў. Таксама вайскоўцы адпрацоўваюць пошук і зьнішчэньне дывэрсійных груповак праціўніка і «незаконных узброеных фармаваньняў», рыхтуюць артылерыю, вядуць выведку на «напрамках пагрозы» і трэніруюцца ў «ізаляцыйна-абмежавальных дзеяньнях».
Тым часам самалёты Расеі і Беларусі вядуць «зьнішчальнае авіяцыйнае прыкрыцьцё» войскаў, што аднаўляюць кантроль на паўночна-заходнім участку мяжы Беларусі, самалёты Су-25 і Су-34 бамбяць дывэрсантаў ворага «з палажэньня штурмавога кола», абстрэльваюць іх некіраванымі ракетамі і гарматамі. На палігоне «Даманаўскім», як паведамляе дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1», зэнітныя падразьдзяленьні спынілі спробу парушэньня дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы. На мяжы з боку Пскоўскай вобласьці расейскія войскі зьнішчылі 40 бесьпілётнікаў ворага. На «Барысаўскім» па ўмоўным ворагу страляла рэактыўная батарэя.
На ўчастку «Дрэтунь» умоўны вораг захапіў населены пункт, беларуска-расейскія войскі выбіваюць ворага з удзелам пошукава-штурмавой групы дэсантнікаў пры падтрымцы вэрталётаў Мі-8 і Мі-24. Дывэрсантаў збольшага зьнішчылі (з удзелам памежнікаў і нават Сьледчага камітэту), але асобныя групы пачалі пранікаць углыбіню краіны — за імі пачалі пагоню.
А на паліоне «Лосвіда» дэсантна-штурмавая рота адбівае напад дывэрсантаў на ўчастак газапроваду (мяркуючы па разьмяшчэньні, толькі адгалінаваньне ад газапроваду «Ямал-Эўропа», а ня сам газапровад). У Лепельскім і Асіповіцкім раёнах плянуюць адбіць напад на блёк-пост, пад Ружанамі — зьнішчаць у тым ліку авіяцыю дывэрсантаў. Сілы тэрытарыяльнай абароны таксама адпрацоўваюць ахову і абарону іншых важных дзяржаўных і ваенных аб’ектаў.
Паводле зьвестак расейскага Міністэрства абароны, на палігоне «Лускі», што недалёка ад Эстоніі, зьдзейсьнілі эвакуацыю і рамонт 7 танкаў Т-72Б3, 10 бронетранспартораў БТР-82А і баявых машынаў пяхоты БМП-2, 16 аўтамабіляў. Днём раней першай «ахвярай» вучэньняў стаў расейскі самалёт Ту-22М3, які празь няспраўнасьць выкаціўся з узьлётна-пасажачнай паласы. 16 верасьня ў Валгаградзкай вобласьці Расеі разьбіўся вайскова-навучальны самалёт Як-130, але ці зьвязаная гэтая аварыя з вучэньнямі, не паведамляецца.
На моры таксама вайна
Хоць «Вяйшнорыя» ня мае выхаду да мора, расейскія вайскоўцы адпрацоўваюць і марскія апэрацыі. Як піша РИА Новости, амаль два дзясяткі караблёў Балтыйскага флёту аб’ядналіся ў тактычныя групоўкі і гатовыя выконваць задачы процілодачнай і проціпаветранай абароны, разьмініраваць мясцовасьць і весьці ракетна-артылерыйскія стрэльбы па марскіх і паветраных цэлях. У складзе груповак карвэты, малыя ракетныя і процілодачныя караблі, тральшчыкі, ракетныя катары і іншыя дапаможныя караблі.
Інфармацыйная вайна «ў адны вароты»
Ні беларускі, ні расейскі бок прынамсі пакуль не трэніруюцца весьці інфармацыйную вайну. Пасьля «абвяшчэньня» межаў «Вяйшнорыі» беларускія карыстальнікі сацсетак выступілі за «ворага», атрымліваюць «пашпарты вяйшнорца» і пяюць «Вяйшнорыі» гімны.
Чаму столькі беларусаў за «Вяйшнорыю»? Тлумачаць Быкоўскі, Класкоўскі і Шрайбман
Але на гэта сапраўдныя дзяржавы не адказваюць ніякай контарпрапагандай. Затое расейская прапаганда па-ранейшаму палохае гісторыямі пра заходнія краіны.
Расейцы асобна, са сваім хлебам, тэлевізарам і цырульняй
Вайскоўцы з Расеі абсталявалі ў Беларусі свае намётавыя мястэчкі з уласнымі жылымі і побытавымі пакоямі, душавымі і цырульнямі. У пунктах адпачынку расейскім вайскоўцам паказваюць расейскія, а не беларускія тэлеканалы. Для вайскоўцаў разгарнулі палявыя кухні і нават хлебазаводы.
Тым часам Аляксандар Лукашэнка, верагодна, будзе назіраць за вучэньнямі асобна ад Уладзімера Пуціна: на вучэньні ў Расею Лукашэнку не запрасілі; Пуціна запрашалі ў Беларусь, але ён не адказаў.