Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітольд Ашурак: «Беларусізацыю можна ладзіць нават за кратамі»


Вітольд Ашурак. Фота Сяргея Пантуса
Вітольд Ашурак. Фота Сяргея Пантуса

Грамадзкі актывіст з пасёлку Бярозаўка Лідзкага раёну Гарадзенскай вобласьці Вітольд Ашурак быў асуджаны за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 17 лютага ў Менску. Затрымалі яго 22 сакавіка ў Лідзе. Далі 12 сутак адміністратыўнага арышту за " парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах«. 3 красавіка Вітольд Ашурак выйшаў на волю.

— Я яшчэ 21 сакавіка схаваўся, каб ня быць затрыманым. Мы з паплечнікамі плянавалі акцыю да Дня Волі ў Лідзе на 26 сакавіка. Але 22 сакавіка я падумаў, што падчас перазьменкі ў лідзкіх міліцыянтаў змагу незаўважна заскочыць на свой аб’ект у Лідзе. Я працую будаўніком. І акурат у гэты момант міма выпадкова ехаў наш — бярозаўскі — міліцыянт, які мяне пазнаў. Ён «настойліва папрасіў прасьледаваць зь ім». Так я трапіў за краты.

Адразу па вызваленьні ў мяне хлапцы (сябры. — РС) пыталіся, ці ёсьць адрозьненьне лідзкай турмы ад менскай. Прынцыпова я б не сказаў: вязьніца ёсьць вязьніца. Але, у прынцыпе, у мяне няма прэтэнзій да міліцыянтаў, якія там працуюць (у ізалятары часовага ўтрыманьня ў Лідзе. — РС).

Міліцыянты нават спрабавалі адказваць па-беларуску

Агульнае стаўленьне да нас (палітычных. — РС) было лепшае, чым да п’янтосаў, якіх міліцыянты звыклі там прымаць. Мы напачатку з Валерам Мінцом (грамадзкі актывіст зь Ліды. — РС) там былі, дык нас нават разам зь імі і не садзілі. Валера было пасадзілі разам з зусім кепскага выгляду чалавекам. Але Валер напісаў заяву, і ўсё вырашылася.

Коўдра, прасьціна, матрац, ежа, санітарыя — усё было на прымальным узроўні. Прыемна зьдзівіўся, што суп быў падобны да супу, што ў кашы былі і рыба, і мяса. Дый ежу нам перадавалі з волі.

Сябры сустракаюць Вітольда Ашурка
Сябры сустракаюць Вітольда Ашурка

На шпацыр нас не выводзілі, але ў лазьню адзін раз мы схадзілі

Першыя два дні я проста адсыпаўся. Падрыхтоўка да Дня Волі адбывалася звычайна ў позьні час сутак. Бо ёсьць жа і праца, трэба ж яшчэ і сям’ю карміць.

А яшчэ ў камэры былі дыскусіі. Бо з Валерам Мінцом першыя два дні мы сядзелі акурат у адной камэры. Мы атрымалі магчымасьць зрабіць работу над памылкамі — чаму нас узялі раней, чым мы плянавалі (раней за акцыю да Дня Волі. — РС). Што не пасьпелі зрабіць, што трэба будзе зрабіць, калі мы выйдзем на волю. І больш-менш накідаць сцэнар на наступны год.

Дзевяностадзевяцігодзьдзе атрымалася няўдалым

Будзем спадзявацца, што стагодзьдзе будзе па нашым сцэнары.

А яшчэ час займалі кніжкі. Я ўзяў з сабою Толкіена ў беларускім перакладзе — «Валадар пярсьцёнкаў». І перадавалі яшчэ Караткевіча. Перачытваў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Ладзьдзю роспачы».

Я раззлаваў судзьдзю, таму атрымаў болей, чым Валер Мінец. Таго затрымалі днём раней і далі 10 сутак. А мне на двое сутак болей. І пяць базавых велічынь штрафу (115 рублёў) за тое, што не прыйшоў па позьве ў міліцыю (за акцыю 17 лютага ў Менску). А раззлаваў тым, што на пытаньне, ці ня супраць я, што ён будзе весьці працэс, я адмовіў і патлумачыў, што яго твар мне непрыемна бачыць.

Судзьдзя Сяргей Піпко — мой пэрсанальны дэман-ахоўнік

За мінулы год надаваў мне штрафаў амаль на тысячу рублёў. Была экалягічная акцыя, была да ўгодкаў паўстаньня Каліноўскага ды іншыя.

А яшчэ сядзеў я з адным хлопцам. Які нядрэнны, пакуль цьвярозы (сьмяецца). Дык калі мы разыходзіліся, ён ужо гаварыў амаль чысьцюткай беларускай мовай. То бок беларусізацыя ідзе і такім чынам таксама.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG