Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мабыць, для беларускага КДБ гэта быў форс-мажор», — украінскі журналіст трапіў у Беларусь, нягледзячы на забарону


Віталь Мароз
Віталь Мароз

Віталь Мароз — украінскі мэдыя-экспэрт, які імкнецца актыўна супрацоўнічаць з калегамі ў Беларусі, але ўжо некалькі гадоў мае праблемы з уездам у краіну.

13 кастрычніка ён, нягледзячы на перашкоды, змог трапіць у Беларусь дзякуючы мэдыйнаму рэзанансу. Аднак на выезьдзе з краіны яму ў пашпарт зноў паставілі забарону на ўезд.

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь Віталем Марозам.

— Віталь, раскажыце, як вы зацікавіліся Беларусьсю і як зарабілі першую забарону?

— Мая зацікаўленасьць Беларусьсю — з самага дзяцінства, бо ў мяне ў Беларусі жывуць блізкія сваякі. Адпаведна, з двух-трох гадоў я праводзіў час у Беларусі, пастаянна наведваў гэтую краіну і добра яе ведаю... Родная краіна.

Першая забарона — гэта студзень 2013 году, калі ехаў цягніком Кіеў — Менск. Ноччу мяне зьнялі памежнікі, нічога не патлумачылі, паставілі штамп і адправілі ў Чарнігаў дызэлем. З чым гэта было зьвязана — магчыма, з папярэднімі візытамі ў Беларусь, дзе мы вучылі журналістаў ужываць найноўшыя інфармацыйныя тэхналёгіі ў сваёй працы.

— Гэта былі праекты, зьвязаныя зь нейкімі беларускімі арганізацыямі?

— Не, канкрэтных арганізацыяў не было — анонсы былі публічныя, падаваліся ўсе ахвотныя.

— І пасьля гэтага вы атрымалі забарону ўезду. На колькі гадоў?

— Мяне не праінфармавалі, на колькі гадоў — ні памежнікі, ні ў амбасадзе Беларусі ва Ўкраіне — ніхто ніколі не казаў, да гэтага часу ня ведаю. Чатыры разы я спрабаваў уехаць, і кожны раз атрымліваў яшчэ адзін штамп «Уезд забаронены».

— Якая была мэта вашага апошняга візыту ў Менск?

— Правесьці навучаньне на тэму вэрыфікацыі — праверкі інфармацыі ў інтэрнэце — для беларускіх журналістаў. Ну, і наведаць сваякоў. У нас у Беларусі былі сябры-журналісты, якія дапамагалі дамовіцца аб памяшканьні і распаўсюдзіць анонс.

— Вы неяк падрыхтаваліся да магчымай чарговай адмовы?

— Не рыхтаваўся. Сябры зь Беларусі пераконвалі, што цяпер пускаюць усіх, каго раней не пускалі, улічваючы пацяпленьне паміж ЭЗ і Беларусьсю. 13 кастрычніка ўвечары я набыў квіткі, прайшоў рэгістрацыю, сеў на самалёт. Пакуль мы чакалі вылету, да мяне падышла стуардэса і сказала, што мяне чакае прадстаўнік «Белавія» на выхадзе.

Там была працаўніца кампаніі, якая паведаміла, што прыйшла тэлеграма зь Менску, што мне забаронены ўезд, папрасіла забраць багаж і пакінуць самалёт. Я адмовіўся, пачаў высьвятляць, што гэта за тэлеграма, хто яна такая. За тое працаўніца пачала пагражаць, што выкліча паліцыю, што здыме багаж — словам, паводзіла сябе даволі нахабна.

Я адмовіўся пакідаць самалёт, сказаў, што палячу ў Беларусь, а калі мяне дэпартуюць — то дэпартуюць. Мой багаж быў зьняты ў Кіеве з ініцыятывы прадстаўніцы «Белавія», я паляцеў без багажу. Гэта было даволі стрэсава, таму што я ня ведаў, што мяне чакае, як мяне будуць сустракаць. Але ў выніку ў Менску ўсё было ў парадку.

— Што паўплывала на такую перамену стаўленьня да вас?

— Спачатку, калі я зразумеў, што мяне павінны дэпартаваць, яшчэ ва Ўкраіне, я максымальны зрабіў акцэнт на агалосцы. Я пісаў пасты ў Фэйсбук, рабіў анлайн-трансьляцыю. Гэта значыць, калі я ляцеў — агалоска ўжо ішла. Яны прымалі рашэньне аб адмене забароны, ужо калі я прыляцеў. Увесь працэс доўжыўся 2 гадзіны максымум. Рашэньне прынялі даволі хутка.

Я магу толькі здагадвацца, як усё адбылося, але я не магу сьцьвярджаць. Яны пачулі агалоску, яны ўбачылі, што беларускія журналісты пра гэта пішуць. Яны пачалі глядзець: хто ляціць, чаму ляціць. Але рашэньне аб дэпартацыі было гатовае да майго адлёту яшчэ. Яны чамусьці перагледзелі гэта — мабыць, для беларускага КДБ гэта быў форс-мажор.

— Ці дапаможа агалоска цяпер, у сытуацыі, калі вам незаўважна паставілі «забарону ўезду» на выезьдзе зь Беларусі?

— Я падам запыт яшчэ раз праз сайт КДБ — паводле закону яны павінны адказаць. Адказваць на публікацыі ў Фэйсбуку ня будуць, але яны іх бачаць, перакананы.

— Ці плянуеце вы далей праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы ў Беларусі?

— Адмаўляцца ад супрацоўніцтва зь беларускімі калегамі не пляную, кірункі працы — паляпшэньне стандартаў журналістыкі, інавацыі для журналістаў у эпоху інтэрнэту, вэрыфікацыя кантэнту, магчымасьці інтэрнэту для рэдакцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG