Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмовіла ў візе чэскаму журналісту Соўкупу


Ондржэй Соўкуп на беразе Волгі падчас адной з паездак у Расею.
Ондржэй Соўкуп на беразе Волгі падчас адной з паездак у Расею.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэта «мера ў адказ».

Пасольства Расеі ў Чэхіі адмовіла ў візе чэскаму журналісту Ондржэю Соўкупу. Пра гэта ў чацьвер паведаміла газэта Hospodářské noviny, у якой працуе Соўкуп.

Пасольства Расеі афіцыйна адмовілася камэнтаваць прычыны нявыдачы візы. Аднак, як паведаміў Ондржэй Соўкуп Радыё Свабода, паводле неафіцыйнай інфармацыі, якой ён валодае, гаворка ідзе пра «меры ў адказ» за нядаўнюю адмову чэскага міністэрства замежных спраў падоўжыць акрэдытацыю двух расейскіх журналістаў — Уладзіміра Сьнегірова і Аляксандра Куранава.

Прадстаўнік МЗС Чэхіі раней у інтэрвію Радыё Свабода абгрунтаваў адмову ў акрэдытацыі расейскім журналістам рэкамэндацыяй чэскіх спэцслужбаў, аднак адмовіўся раскрыць падрабязнасьці. Пры гэтым адмова ў акрэдытацыі не азначае забароны на ўезд або пражываньне расейскіх журналістаў у Чэхіі. Ондржэй Соўкуп — адзін з вядучых чэскіх экспэртаў па Расеі і постсавецкіх краінах — тады заклікаў чэскі МЗС перагледзець сваё рашэньне.

Я выступаў супраць таго, каб у іх адабралі акрэдытацыю... і стаў першым, хто пацярпеў ад мер у адказ.

«Атрымліваецца дакладна паводле законаў Мэрфі: я выступаў супраць таго, каб у іх адабралі акрэдытацыю, дапамагаў ім, а ў фінале так атрымалася, што я стаў першым, хто пацярпеў ад мер у адказ», — сказаў Соўкуп у камэнтары для Радыё Свабода.

Уладзімір Сьнегіроў у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што паведамленьне аб адмове Соукупу ў візе засмуціла яго: «Менавіта ён адным зь першых прыйшоў мне на дапамогу, калі ў красавіку чэскі МЗС не працягнуў мне акрэдытацыю. Ва ўсім гэтым ёсьць нейкая лёгіка вар’яцтва: з аднаго боку, па незразумелых прычынах адмовілі ў акрэдытацыі мне, а цяпер пазбавілі магчымасьці прыехаць у Расею чалавека, які абсалютна ляяльны да Расеі і шмат добрага пра яе пісаў. Нашы ўлады неадэкватна павялі сябе ў гэтай сытуацыі».

Ондржэй Соўкуп (Ondřej Soukup) — чэскі журналіст, міжнародны аглядальнік газэты Hospodařské noviny. Адзін год працаваў карэспандэнтам гэтай газэты ў Маскве; раней чатыры гады быў мэнэджэрам праектаў недзяржаўнай арганізацыі «Чалавек у бядзе» («Člověk v tísni»); яшчэ раней, два гады адпрацаваў архіварыюсам Open Media Research Institute, які да 1998 году дзейнічаў пры Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG