Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі на вас ставяць экспэрымэнт, то вам не пашэнціла...» — былы работнік Ігналінскай АЭС


Так выглядае частка Ігналінскай АЭС
Так выглядае частка Ігналінскай АЭС

За шэсьцьдзесят кілямэтраў ад Астраўца, дзе будуецца беларуская атамная станцыя, па другі бок мяжы — у Літве, зачыняецца Ігналінская атамная станцыя. Карэспандэнт Свабоды наведаў літоўскі горад энэргетыкаў — Вісагінас, дзе людзі працуюць над тым, каб спыніць эксплюатацыю АЭС.

Ігналінская атамная станцыя — за некалькі кілямэтраў ад гораду Вісагінаса, на беразе прыгожага возера ў куточку Літвы, зусім побач з Латвіяй і Беларусьсю. Ляндшафты тут падобныя да браслаўскіх — малакранутая прырода з прыгожымі азёрамі, балотамі і лясамі. Амаль нідзе не відаць вёсак і хутароў.

Станцыя яўна ня ўпісваецца ў гэтыя пэйзажы сваёй шэрасьцю, высокімі трубамі. Яна больш не прадукуе энэргіі ні для Літвы, ні на экспарт. У інфармацыйным цэнтры атамнай станцыі мне распавядаюць, што першы блёк, які запрацаваў у 1983 годзе, закрылі ў 2004 годзе. Другі закрылі ў 2009, а з 2010 году станцыю пачалі здымаць з эксплюатацыі.

Ігналінская АЭС на фота ў інфармацыйным цэнтры
Ігналінская АЭС на фота ў інфармацыйным цэнтры

Плянуецца, што гэтыя працы працягнуцца да 2038 году. Падлічана, што затраты на дэмантаж складуць каля трох мільярдаў эўра. Дае іх Эўразьвяз.

Цяпер на станцыі працуе блізу дзьвюх тысяч чалавек, а падчас эксплюатацыі было каля пяці тысяч. Станцыя адпрацавала 22 гады, хоць разьлічвалася на 30 год. Рашэньне аб закрыцьці тут называюць палітычным: гэта было адной з умоваў уступленьня Літвы ў Эўразьвяз.

Пры гэтым у інфармацыйным цэнтры мне кажуць, што ўвесь пэрыяд эксплюатацыі станцыя адпрацавала бясьпечна, дагэтуль дзейнічае строгі кантроль на самым высокім узроўні. Амаль цалкам ужо разабраны першы рэактар. Радыеактыўныя рэчывы зь яго (ваду, пясок, мэтал, а таксама адпрацаванае ядзернае паліва ў касэтах) зьмяшчаюць пакуль у часовыя басэйны-сховішчы.

Вісагінас
Вісагінас

— Жыхары Вісагінаса могуць зьвяртацца зь любымі пытаньнямі адносна дзейнасьці станцыі, і мы рыхтуем для іх адказы праз сваіх адмыслоўцаў. Публікуем гэта потым у газэтах і на сайце. Робім усё дзеля таго, каб не было чутак, каб людзі атрымлівалі кампэтэнтную інфармацыю.

Тут я правёў для сябе першае параўнаньне з сытуацыяй на Астравецкай станцыі, дзе любую інфармацыю, здарэньне спрабуюць замоўчваць, хаваюць. Так, няштатная сытуацыя здарылася на будоўлі АЭС у Астраўцы 10 ліпеня. А стала вядома пра яе толькі 25 ліпеня зь незалежных СМІ. Падчас тэставага ўсталяваньня корпусу рэактара 330-тонны агрэгат упаў з вышыні ад двух да чатырох мэтраў.

8 красавіка разваліўся адзін з будынкаў на пляцоўцы. Мінэнэрга назвала гэта «дэфэктам пры падрыхтоўчых работах». І толькі 31 жніўня Мінэнэрга пацьвердзіла гібель чалавека на будоўлі. Трагічнае здарэньне адбылося яшчэ 26 жніўня.

У інфармацыйным цэнтры Ігналінскай АЭС
У інфармацыйным цэнтры Ігналінскай АЭС

Паводле супрацоўніцы інфармацыйнага цэнтру ў Вісагінасе, экалягічная праблема ніколі не стаяла тут востра. Тэмпэратура вады ў возеры паднялася на тры градусы, некаторыя віды рыбаў зьніклі, але зьявіліся новыя. Рыбакі вудзяць рыбу, у лес за грыбамі і ягадамі ходзяць, і ніхто нічога не баіцца, бо ўвесь час самыя розныя экалягічныя арганізацыі бяруць пробы і праводзяць аналізы.

— У ходзе эксплюатацыі станцыі ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе адсутнічае. Мы пацьвердзілі, што гэта самы чысты спосаб атрыманьня электраэнэргіі, толькі пры ўмове, калі няма аварыяў.

Канечне, тут ведаюць пра будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы. Але на гэтую тэму гаварыць жаданьня не ўзьнікае. Не падтрымліваецца і размова пра тое, ці едуць працаваць адмыслоўцы з Ігналінскай станцыі ў Астравец.

Каб сфатаграфаваць станцыю, супрацоўніца інфармацыйнага цэнтру прапануе пайсьці разам і здымаць толькі здалёк, бо ахова на цікавасьць да станцыі рэагуе даволі нэрвова.

Горад энэргетыкаў Вісагінас збудаваны проста ў лесе, сярод соснаў. Ён кампактны, з выдатнай інфраструктурай. Прыгожае возера, стадыёны, паўсюль роварныя дарожкі... Але мала моладзі, і гэта кідаецца ў вочы.

У цэнтры Вісагінаса
У цэнтры Вісагінаса

Горад пачалі будаваць у сярэдзіне 70-х, як і саму станцыю. На будоўлю прыехалі людзі з усяго Савецкага Саюзу. І ён застаецца шматнацыянальным. На вуліцах і ў крамах тут гучыць збольшага расейская мова, што зусім не характэрна для невялічкіх літоўскіх гарадоў. Дакумэнтацыя на станцыі вядзецца па-расейску, і сярод пэрсаналу, які прапрацаваў тут звыш 20 год, нават дагэтуль бальшыня не валодае літоўскай мовай.

Цэнтральны гатэль Вісагінаса
Цэнтральны гатэль Вісагінаса

Паводле статыстыкі, да закрыцьця станцыі ў Вісагінасе жыло каля 30 тысяч чалавек, а цяпер — каля 20 тысяч. Адчуваецца добразычлівасьць мясцовых людзей да прыежджых, яны лёгка ідуць на кантакт. Праўда, тыя, хто цяпер працуе на станцыі, ня вельмі хочуць гаварыць пра яе.

Адзін з маіх суразмоўцаў, спадар Аляксандар, адпрацаваў на станцыі 20 гадоў. Па сакрэту кажа мне, што работнікі станцыі даюць падпіску аб неразгалошваньні таго, што адбываецца на АЭС. Таму на гэтыя тэмы ніхто зь дзейных работнікаў са мной гаварыць ня стане, бо людзі баяцца страціць працу. Пра закрыцьцё Ігналінскай АЭС ён кажа гэтаксама, як і большасьць мясцовых жыхароў:

— Станцыя была бясьпечная і магла працаваць. Гэта было адзінае месца, дзе працаваў амаль увесь наш горад. А потым ня стала працы, і палова гораду вымушаная была разьехацца па ўсёй Эўропе ў пошуках працы, хоць электраэнэргія прадавалася, аварыяў не было. Гэта была стабільная праца і добры заробак.

Гарадзкі шпіталь Вісагінаса
Гарадзкі шпіталь Вісагінаса

Хоць станцыя ўжо не прадукуе і не прадае энэргіі, у горадзе зьявіліся новыя стадыёны, роварныя дарожкі, турыстычная інфраструктура — усё дзякуючы праграмам і сродкам Эўразьвязу. Так ці інакш, паводле майго суразмоўцы, горад апошнім часам толькі папрыгажэў. Спадар Аляксандар кажа, што і працоўных на станцыі скарачалі паступова, гэта не было нечаканым:

Спартыўная інфраструктура Вісагінаса
Спартыўная інфраструктура Вісагінаса

— Нас папярэджвалі за 9 месяцаў, выплачвалі гадавы заробак, і з уваходам у Эўразьвяз у людзей адкрыліся пэрспэктывы выяжджаць працаваць у заходнія краіны, што людзі пераважна і зрабілі.

Ён зусім ня супраць, што ў Астраўцы будуюць станцыю. Але як чалавек, які адпрацаваў на АЭС звыш 20 год, хоча быць упэўненым, што там усё робіцца бясьпечна і паводле тэхнічных нормаў.

— У нас тут пісалі пра інцыдэнты на будоўлі вашай станцыі — гэта недапушчальна. Паверце, адпрацаваўшы 25 год на станцыі, разумею, што кантроль павінен быць на самым высокім узроўні. На атамнай станцыі павінны працаваць прафэсіяналы высокага ўзроўню, і думаю, што для вас гэта цяпер вельмі важнае пытаньне. Я б, каб ня меў тут кавалка хлеба, то паехаў бы да вас працаваць. Я сам з Краснадарскага краю, тут пражыў 25 год, мовы літоўскай ня ведаю, бо не было такой патрэбы, і ў мяне адчуваньне надалей, што я жыву за мяжой.

А вось спадар Валеры кажа, што некаторыя адмыслоўцы зь іхнай станцыі, страціўшы працу, мелі намер ехаць у Астравец, але іх не ўзялі — з той прычыны, што яны маюць грамадзянства Эўразьвязу.

— Нават самі беларусы, якія хацелі паехаць працаваць у Астравец, не змаглі гэтага зрабіць — ім адмаўлялі. Магчыма, таму што гэта былі людзі пераважна старэйшага веку, ва ўзросьце каля 50 гадоў. Праўда, асабіста я ведаю аднаго адмыслоўца, які зьехаў туды працаваць. Але ён меў расейскае грамадзянства. А нашы маладыя адмыслоўцы самі не выказвалі жаданьня туды ехаць, бо ў нас усё ж даволі розьняцца ўзроўні жыцьця. Таму моладзь выбірала нават працу не па спэцыяльнасьці, але на Захадзе, таму што беларускія заробкі нікога тут не задаволяць.

Спадар Вячаслаў, пэнсійнага веку, распавядае, што працаваў спачатку на будоўлі Ігналінскай станцыі, а потым перайшоў на працу па эксплюатацыі. Вельмі шкадуе, што станцыю вырашылі зачыніць. Ягоныя дзеці зьехалі працаваць у Англію і цяпер ня хочуць вяртацца назад. Ён чытае, што пішуць пра будоўлю АЭС у Астраўцы, і ўдакладняе — ці сапраўды падчас мантажу падаў корпус рэактара?

— У нас ніхто зь людзей не баяўся працаваць на станцыі, і наагул гэтай блізасьці мы не баяліся, бо самі мантавалі, надзейна, адмыслоўцы заўсёды ставілі самыя вялікія патрабаваньні. І гэта вельмі важна, бо калі падае корпус рэактара — гэта для чалавека ўжо псыхалягічна цяжка перажыць. Я, вядома, ня ведаю падрабязнасьцяў, але тут павінна быць усё звышнадзейна, бо менавіта на гэтым усё і будуецца. У нас у горадзе поўны давер, бо паўсюль стаяць вышкі, пастаянна бяруць пробы, мы пастаянна маем інфармацыю, і ў нас ёсьць да гэтага давер.

Сустрэць беларусаў у Вісагінасе таксама не праблема. Разгаварыўся з спадарыняй Галінай. Яна сама зь Віцебшчыны, але пра атамную станцыю гаварыць ёй ня вельмі хочацца. У Вісагінасе спадарыня Галіна з 1979 году, тут выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. І цяпер кажа, што з сумам глядзіць на тое, што станцыя зачыняецца.

— Пабудавалі такі прыгожы горад, а цяпер усе разьяжджаюцца, бо працы няма, далей скарачаюць людзей. Мае дзьве дачкі таксама адʼехалі, адна жыве ў Англіі, а другая ў Менску, а мы тут з мужам засталіся. Вельмі шкада, што моладзь адʼяжджае. На маю думку, станцыя яшчэ магла працаваць і працаваць, але палітыкі вырашылі інакш.

Спадарыня Галіна кажа, што пэнсію літоўская дзяржава плаціць, на яе можна пражыць. А вось вярнуцца назад у Беларусь ня выйдзе: трохпакаёвая кватэра ў Вісагінасе каштуе 8 тысяч эўра, а ў Менску ці Віцебску — у разы даражэй... Хаця на радзіму цягне.

Астравецкая станцыя яе не палохае. Праўда, яна кажа, што ў літоўскіх СМІ пішуць шмат адмоўнага пра будоўлю Астравецкай АЭС.

— Я ва ўсім не давяраю літоўскім СМІ, але разумею, што калі беларусы хочуць пачувацца бясьпечна, то там павінна быць усё пастаўлена вельмі сурʼёзна. Ад тэхналёгіі адступаць нельга, эканоміць на матэрыялах таксама нельга — усё павінна адпавядаць тэхнічным нормам, і паскоранай будоўлі таксама не павінна быць. Атамная станцыя — ня жартачкі, мы тут гэтаму даўно навучыліся.

А вось наступны мой суразмоўца, калі я яму прадставіўся, называць сябе ня стаў, нягледзячы нават на тое, што пэнсіянэр — маўляў, «мяне вельмі многія ведаюць». Але думку адносна закрыцьця Ігналінскай АЭС выказаў зусім супрацьлеглую.

— Вельмі добра, што зачыняюць Ігналінскую станцыю, бо там ужо ўсё пачынае трашчаць. Я працаваў рэнтгенолягам, прасьвечваў швы ў трубаправодах і таму бачыў, што мэтал ужо аджывае. І радыяцыю мы ўсе там атрымлівалі, праўда, малыя дозы, і таму, дзякуй Богу, яшчэ жывём, і на здароўе я ня скарджуся. За столькі гадоў эксплюатацыі Ігналінскай станцыі тут па-сапраўднаму не было капітальных рамонтаў, бо дзяржава ня мела на гэта сродкаў. Вось, да прыкладу, Ленінградзкую АЭС на капітальны рамонт закрывалі на тры гады, і так павінна быць, бо з атамам гэта ня жартачкі.

Наконт Астравецкай АЭС спадар кажа, што яна іншага пакаленьня і зь іншым тыпам рэактара, так што яму цяжка пра гэта казаць. Але ёсьць шмат пытаньняў:

— Я наагул не магу зразумець — навошта беларусы будуюць АЭС? Хто гэта абгрунтаваў, няўжо насамрэч ёсьць такая патрэба? Вось нідзе не знайшоў адказу на гэтае пытаньне, хоць сам добра разумею, што яна ў вас наўрад ці акупіцца. І яшчэ вельмі важна: у вас ставяць рэактар новага пакаленьня, які яшчэ нідзе не працаваў. Кажуць, што ён удасканалены з павышанай бясьпечнасьцю. Але ў той самы час гэта значыць, што на вас практычна ставяць экспэрымэнт. Думаю, што гэта ня вельмі добра для вас.

Сам спадар прыехаў у Вісагінас на пачатку 80-х з Чалябінску. Цяпер мае пэнсію ў 470 эўра. Кажа, што на жыцьцё хапае, і ў Чалябінск назад ня хоча.

— Тут жыцьцё ўладкаванае і пачуваюся бясьпечна. Дый потым, я хоць і расеец, але грамадзянін Літвы. А ў Чалябінску ў горадзе два мэталюргічныя камбінаты, у самым цэнтры гораду ТЭЦ стаіць. Там наагул няма як жыць, а таму туды нават ня думаю вяртацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG