Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маючы пад бокам Беларускую АЭС, літоўцы ня змогуць спаць спакойна


Беларуская АЭС, якая будуецца каля Астраўца
Беларуская АЭС, якая будуецца каля Астраўца

Карэспандэнт Свабоды выслухаў аргумэнты літоўскіх чыноўнікаў, палітыкаў і актывістаў супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы, за 40 кілямэтраў ад Вільні.

Віталюс Аўгліс зь літоўскага Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя перакананы, што «Беларусь пачала будаваць АЭС раней, чым афіцыйна паведаміла пра гэта Літве».

Вельмі важная ў гэтым выпадку ацэнка будоўлі экспэртамі МАГАТЭ, але няясна — калі яна будзе, калі іх запросяць, бо станцыю плянуюць запусьціць у бліжэйшай будучыні, кажа спадар Аўгліс.

«Літва вельмі моцна заклапочаная будучым уплывам на экалёгію і насельніцтва краіны. Шмат нявысьветленых пытаньняў, многа недакладнасьцяў у прадстаўленых беларускім бокам дакумэнтах», — зазначыў спадар Аўгліс.

Прадстаўнік Партыі зялёных, дэпутат Сэйму Лінас Балсіс кажа, што атамная энэргетыка ў стратэгіі Літвы разглядаецца цяпер толькі як адзін зь дзевяці варыянтаў. АЭС сёньня літоўцы ня лічаць для сябе ні эканамічна выгадным праектам, ні жыцьцёва патрэбным.

Лінас Балсіс удзельнічаў днямі ў вялікай канфэрэнцыі ў Гаазе. Там былі палітыкі ўсіх краінаў Эўразьвязу, і яны казалі: атамная энэргетыка, нават калі яшчэ працуюць станцыі, стала ўчорашнім днём. У апошнія год-два дзевяноста адсоткаў інвэстыцыяў у энэргетыку тычыліся крыніц, якія аднаўляюцца. Гэта азначае, што будучыня менавіта за гэтым, сказаў спадар Балсіс.

Лінас Балсіс
Лінас Балсіс

«Чаму тады наш сусед Беларусь будуе? І чаму Расея дала Беларусі дзесяць мільярдаў даляраў на гэта? — пытаецца Лінас Балсіс. — Адказаў, якія б маглі задаволіць, ад беларускіх уладаў пакуль не атрымана. Поўнай інфармацыі пра будоўлю прадстаўлена не было. З гэтай прычыны Беларусь прызналі парушальнікам канвэнцыі Espoo (аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў транспамежным кантэксьце). Хоць канвэнцыя не прадугледжвае ніякага пакараньня».

Будоўлю Беларускай АЭС спыніць цяжка, але Лінас Балсіс спадзяецца, што яшчэ магчыма. І паколькі «зь беларускага рэжыму зьнятыя санкцыі, сёньня больш магчымасьцяў для размовы, для абмеркаваньня пытаньняў энэргетыкі».

Паводле ягоных словаў, Літва, у прыватнасьці, можа прапанаваць Беларусі супрацоўніцтва ў галіне атрыманьня энэргіі зь біямасы:

«Можа, гэта гучыць фантастычна. Але на месцы Астравецкай АЭС можна пабудаваць станцыі па спальваньні біямасы такой жа магутнасьці. Але без пагрозы сталіцы Літвы Вільні, якую давядзецца эвакуяваць, калі ў Астраўцы нешта здарыцца, нейкі выкід радыеактыўных рэчываў. А гэта можа здарыцца, бо гісторыя паказвае, што гэта здараецца, і даволі часта. Калі браць усю гісторыю атамнай энэргетыкі, то за шэсьцьдзесят год было вельмі многа вельмі небясьпечных інцыдэнтаў. Нам вядомыя толькі самыя буйныя. Так што, маючы ў сябе пад вокнамі Астравецкую АЭС, мы ня можам быць упэўненыя, што там нічога не адбудзецца».

Лінас Балсіс мяркуе, што і Беларусі гэтая АЭС нявыгадная і непатрэбная:

«Як бы прыгожа цяпер ні выглядала будоўля станцыі ў Астраўцы на ютубе або на Беларускім тэлебачаньні, як бы рашуча і добра ні выглядалі людзі на экране і ні гаварылі, зь якім энтузіязмам яны гэта робяць, як апярэджваюць графік, — усё-ткі гэты праект, па-мойму, будзе нявыгадны для Беларусі».

Калі нейкая кампанія ў Літве захоча закупляць беларускую энэргію, забараніць гэта ніхто ня зможа, кажа Лінас Балсіс:

«Я ня бачыў ніякіх падлікаў — колькі можа каштаваць кіляват. Сёньня энэргія любой новай станцыі мае вельмі высокі сабекошт, у два-тры разы вышэйшы, чым ёсьць цяпер на Скандынаўскай электрычнай біржы, да якой далучылася Літва. У сярэднім цана кіляват-гадзіны на ёй — тры эўрацэнты. А на атамнай менш за трынаццаць цэнтаў яна ня будзе. Гэта якая літоўская кампанія будзе купляць, напрыклад, хай сабе за дзесяць эўрацэнтаў, каб прадаваць за тры? Хто будзе кампэнсаваць астатняе? Спадар Пуцін? Спадар Лукашэнка? Ня ведаю. Я не разумею, навошта трэба будаваць у Беларусі гэтую станцыю».

Пра тэарэтычную небясьпеку для Вільні і Літвы наагул з боку Беларускай АЭС гавораць і іншыя літоўскія экспэрты. Псыхалягічны аспэкт абсалютна зразумелы: ад станцыі з двума блёкамі да літоўскай сталіцы — рукой падаць.

Марцінас Нагевічус, дырэктар Літоўскай канфэдэрацыі аднаўляльных рэсурсаў, кажа, што сабекошт энэргіі ад АЭС у сьвеце пастаянна расьце. Гэтага вымагаюць новыя патрабаваньні, якія тычацца бясьпекі. Яны падвысіліся і пасьля апошняй аварыі ў Фукусіме. Хоць, паводле ягоных слоў, дадзеныя, якія тычацца АЭС, звычайна непразрыстыя:

«Ніхто ня ведае, колькі дакладна было выдаткавана грошай, колькі яна рэальна вырабляе энэргіі, — кажа спадар Нагевічус. — Летась у сьвеце было закрыта 8 атамных рэактараў, але пабудавана 10 новых. Хто іх будуе? Калі ласка: 8 — КНР, і па адным — Паўднёвая Карэя і Расея. Прычым кітайцы імкнуцца, каб яны былі недарагія. У дэмакратычных краінах гэта немагчыма, грамадзяне патрабуюць высокага ўзроўню бясьпекі.

Што тычыцца Эўразьвязу, то апошні рэактар тут быў пабудаваны ў 2007 годзе, канкрэтна — у Румыніі. Сярэдні час працы цяперашніх АЭС, якія існуюць у ЭЗ, — 31 год, у бліжэйшыя 10 год давядзецца іх закрываць. На думку спадара Нагевічуса, у наступныя 20–25 год атамную энэргетыку ў ЭЗ могуць нават забараніць. Сёньня атамнымі тэхналёгіямі працягвае займацца толькі адна француская кампанія».

Прадстаўнік экалягічнай сеткі «ZOI» з Жэнэвы Мікалай Дзянісаў перакананы: літоўцы псыхалягічна ўяўляюць, што ў Астраўцы будзе стаяць ракета:

«Літва дакладна ведае, што Беларусь ніколі не націсьне кнопку, гэтая ракета ніколі не паляціць, гэта Літва ведае зусім дакладна. Але Літва ня ведае: ці не націсьне гэтую кнопку выпадкова хто іншы? Ці не націсьнецца яна сама? Мне здалося, што корань праблемы толькі ў гэтым. Што канвэнцыя Espoo, усе астатнія рэчы — гэта інструмэнты, а асноўная праблема ў тым, што Літва так бачыць гэтую праблему. Можна спрачацца з тым, наколькі гэтае бачаньне справядлівае, наколькі дакладнае, наколькі аб’ектыўнае. Але Літва так бачыць, і ў гэтым сэнсе праблема ёсьць. Абсалютна незалежна ні ад чаго іншага. Значыць, з гэтым трэба працаваць. Такое ў мяне засталося ўражаньне».

Прэс-тур з наведваньнем Вільні, Ігналінскай АЭС у Вісагінасе, Беларускай АЭС каля Астраўца і дзьвюх станцыяў — ГЭС і ЦЭЦ у Горадні наладзіла міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Экапартнэрства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG